Інцыдэнт на будаўнічай пляцоўцы беларускай АЭС здарыўся 10 ліпеня.
Першапачатковая інфармацыя пра гэта пайшла ад актывіста АГП Мікалая Ўласевіча, які жыве ў Астраўцы. 25 ліпеня ён напісаў у Фэйсбуку:
«Ня менш за дзясятак незалежных адна ад аднае крыніц на ўмовах ананімнасьці падчас правядзеньня мной пікетаў па зборы подпісаў пацьвердзілі факт падзеньня рэактара пры яго ўстаноўцы ў рэактарным аддзяленьні АЭС... На панядзелак (11 ліпеня. – Аўтар) плянавалася правядзеньне ўрачыстай, у прысутнасьці тэлебачаньня і іншых сродкаў масавай інфармацыі, цырымоніі ўсталяваньня рэактара на яго пастановачнае месца. Аднак 330-тонны агрэгат зь невядомых прычын сарваўся і зваліўся ўніз з вышыні ад 2 да 4 мэтраў».
У той жа дзень, 25 ліпеня, пра гэта напісалі незалежныя мэдыі. Журналісты задавалі пытаньні як дырэкцыі АЭС, так і Міністэрству энэргетыкі Беларусі, але адказаў не атрымалі. Прыхоўваньне інфармацыі пра інцыдэнт толькі больш узбуджала чуткі.
26 ліпеня літоўскі прэзыдэнт Даля Грыбаўскайце выступіла з заявай, што асьцярогі Літвы наконт бясьпекі будаўніцтва атамнай станцыі былі абгрунтаваныя. Яна таксама заявіла, што калі Беларусь ня зробіць захадаў, каб гарантаваць міжнародныя стандарты бясьпекі, то Літва разам зь міжнароднай супольнасьцю пастараецца не дапусьціць працы АЭС.
У той жа дзень генэральны падрадчык будаўніцтва БелАЭС — расейскае акцыянэрнае таварыства «Атамбудэкспарт» — выступіў зь нейкай нязграбнай заявай, нібыта «інфармацыя пра надзвычайнае здарэньне на будоўлі ў Астраўцы Беларускай АЭС не адпавядае рэчаіснасьці», што «корпус рэактара знаходзіцца за межамі рэактарнага аддзяленьня».
То бок, у перакладзе на звычайную мову, нічога не было. Гэта стандартная рэакцыя дзяржаўных структур сёньняшняй Расеі. Вайна ў Данбасе? Мы ні пры чым. Навошта вы бамбіце ў Сырыі не Ісламскую дзяржаву, а апазыцыю сырыйскаму прэзыдэнту Асаду? Не, гэта ня мы, мы бамбім толькі ісламістаў. Расейскія спартоўцы масава прымаюць допінг? Не, гэта дваістыя стандарты, падкопы ворагаў, якія толькі і мараць, каб нашкодзіць Расеі.
Але праз кароткі час у той жа дзень, 26 ліпеня, Міністэрства энэргетыкі Беларусі было вымушана прызнаць, што «няштатная сытуацыя здарылася на пляцоўцы захоўваньня корпуса рэактара пры правядзеньні такеляжных працаў па яго перасоўваньні ў гарызантальнай плашчыні». Нарэшце, больш як праз два тыдні пасьля аварыі!
У заяве Міністэрства энэргетыкі ёсьць і яшчэ адзін цікавы сюжэт. Там паведамляецца, што дырэкцыя станцыі «неадкладна запатрабавала ў генэральнага падрадчыка ўсе неабходныя дакумэнты і зьвесткі». То бок высьвятляецца, што ні Міністэрства энэргетыкі Беларусі, ні дырэкцыя АЭС не валодаюць інфармацыяй, што адбываецца на станцыі, што там робяць расейскія будаўнікі!!!
У гэта цяжка паверыць, але з боку беларускай дзяржавы няма кантролю за самым небясьпечным аб'ектам у краіне! Гэта ў Беларусі, дзе дзяржаўныя органы сочаць за кожным іпэшнікам, за кожным здавальнікам кватэры, дзе КДБ, як нядаўна прызнаўся яго старшыня, сочыць за тым, як апазыцыянэры зьбіраюць подпісы. Гэта называецца, прыехалі!
Узьнікае натуральнае пытаньне: ці можна цяпер выкарыстоўваць гэты рэактар, які ляснуўся з вышыні чатырох мэтраў? То бок — няўжо расейцы ўвапхнуць беларусам біты рэактар?
Нагадаем, у сярэдзіне красавіка на Астравецкай АЭС абрынуліся стойкі будучага будынка ядзернага абслугоўваньня. Пра гэта стала вядома толькі ў траўні ад аднаго рабочага. Улады прызналі інцыдэнт толькі празь месяц і толькі пасьля таго, як тлумачэньняў запатрабавала Літва.
То бок беларускія ўлады паводзяць сябе з абсалютнай дакладнасьцю так, як савецкія ўлады пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Усё хаваюць, і толькі пасьля таго, як пра гэта гучна загавораць за мяжой, скрозь зубы паведамляюць, што нешта адбылося, але ўсё ў парадку, сытуацыя пад кантролем.
Дарэчы, пасьля аварыі ў Чарнобылі савецкія ўлады адрэагавалі раней. Катастрофа здарылася 26 красавіка, а ўжо 28 красавіка галоўная інфармацыйная праграма савецкага тэлебачаньня — «Время» — паведаміла, што на Чарнобыльскай АЭС здарыўся няшчасны выпадак, пашкоджаны рэактар. То бок у СССР адрэагавалі праз два дні, у лукашэнкаўскай Беларусі — больш як праз два тыдні.
Недэмакратычныя рэжымы, якія непадкантрольныя грамадзтву, па-іншаму сябе паводзіць ня могуць. Навошта народу ведаць пра небясьпеку? Ня трэба бударажыць, нічога, ператопчуцца. Калі толькі было прынятае рашэньне пра будаўніцтва Беларускай АЭС, я пісаў, што, акрамя ўсіх іншых прычын, нельга будаваць такі небясьпечны аб'ект у недэмакратычнай краіне, бо калі народ не кантралюе ўладу, можа паўтарыцца чарнобыльскі сцэнар. Але ня мог уявіць, што мае змрочныя прагнозы спраўдзяцца так хутка.
Ужо цяпер можна лёгка ўявіць, як будзе паводзіць сябе кіраўніцтва Беларусі, калі, крый Божа, здарыцца аварыя зь ядзерным рэактарам, які ўжо будзе працаваць. На гэтым тле зусім па-іншаму выглядаюць перасьцярогі і з боку Літвы, і з боку экалягічных рухаў. Няўжо і цяпер ні грамадзкасьць, ні апазыцыя ніяк не адрэагуюць?