Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі рубель знаходзіцца пад пагрозай рэзкай дэвальвацыі, — экспэрт


Што чакае беларусаў ва ўмовах абвалу расейскага рубля? Ці будзе Беларусь вымушаная дагнаць па тэмпах дэвальвацыі Расею?

З гэтымі пытаньнямі Радыё Свабода зьвярнулася да экспэртаў.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка лічыць, што насамрэч беларускія ўлады ўжо даўно павінны былі перастаць стрымліваць курс рубля, каб у краіне адбывалася паступовая дэвальвацыя.

«Гэта трэба было зрабіць яшчэ паўгады таму. Цяпер сытуацыя абвастраецца і пагражае дастаткова рэзкай дэвальвацыяй. Або трэба будзе кідаць свае валютныя рэзэрвы, што таксама дрэнна, або зьмяншаць імпарт з Расеі, — кажа эканаміст. — Цяпер няма сэнсу ніводнага дня стрымліваць курс беларускага рубля. А як доўга будуць стрымліваць? Гэта залежыць ад таго, як хутка яны зразумеюць сытуацыю».

Фінансавы аналітык Валеры Палхоўскі лічыць, што ў бліжэйшы час рэзкай дэвальвацыі ня будзе: беларускія ўлады пакуль пачакаюць, што далей будзе з расейскім рублём.

«Усё будзе залежаць ад таго, наколькі ўстойлівым апынецца апошняе аслабленьне расейскага рубля, якое мы бачым, — амаль да ўзроўню 53 рублі. Але трэба разумець, што цяпер расейскі рубель рухаецца ў асноўным у сувязі з сытуацыяй з цэнамі на нафту, а там сытуацыя дастаткова нявызначаная. Мы можам бачыць высокі ўзровень валацільнасьці: напрыклад, калі на адкрыцьці таргоў у панядзелак цэны значна ўпалі, то бліжэй да закрыцьця таргоў яны ўжо вырасьлі, адыграўшы назад амаль 7%. Адпаведную дынаміку мы бачым і у сытуацыі з расейскім рублём», — канстатуе экспэрт.

Хутчэй за ўсё, нам таксама трэба будзе паскараць дэвальвацыю нацыянальнай валюты, таму што Расея для нас — рынак вельмі важны

«Тут яшчэ застаецца высокі ўзровень нявызначанасьці, каб у нас Нацыянальны банк пачаў прымаць нейкія рашэньні. Хаця варта адзначыць, што калі мы ў межах 53 рублёў застанемся на расейскім валютным рынку, то, хутчэй за ўсё, нам таксама трэба будзе паскараць дэвальвацыю нацыянальнай валюты, таму што Расея для нас — рынак вельмі важны: мы туды накіроўваем каля 45% экспарту, і губляць нашу канкурэнтаздольнасьць было б ня вельмі добра. Але пакуль, хутчэй за ўсё, будзе пэўная паўза з боку Нацбанку, які паспрабуе паглядзець, ці замацуецца расейскі рубель на тым нізкім узроўні — ў раёне 50 рублёў за даляр», — кажа Палхоўскі.

Трэба адзначыць, у беларускім урадзе прызнаюць тое, што дэвальвацыя расейскага рубля нэгатыўна адбілася на дзейнасьці экспартэраў. У лістападзе прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч заявіў, што ў сувязі з гэтым урад сумесна з Нацыянальным банкам Беларусі разглядае магчымасьць «мінімізацыі стратаў прадпрыемстваў ад розьніцы курсаў».

Тым часам у Расеі ўсё гучней гучаць заклікі да таго, каб забараніць фінансавыя апэрацыі ў далярах і эўра паміж краінамі ЭАЭС і цалкам перайсьці на разьлікі паміж сабой у нацыянальных валютах. Як пішуць «Известия», гэтую прапанову, зь якой выступіў старшыня рады дырэктараў Нацыянальнага плацёжнага савету Аляксандар Мурычаў, падтрымліваюць у Савеце Фэдэрацыі.

«Насамрэч размовы пра гэта ідуць дастаткова даўно, але нейкіх рэальных практычных крокаў у гэтым напрамку зроблена яшчэ не было. У любым выпадку гэта працэс, які не зьдзяйсьняецца за адзін дзень: неабходная адпаведная падрыхтоўка і фінансавай сыстэмы, і банкаўскага сэктару. Як гэта будзе адбівацца на курсе — гэта таксама не зразумела. Бо насамрэч Расея значную колькасьць тавараў імпартуе ў сваю краіну, адпаведна ёй таксама давядзецца дзесьці браць замежную валюту. Наколькі падобнае рашэньне магло б стаць мэтазгодным, яшчэ няма разуменьня. Таму пакуль гэта толькі размовы», — кажа Палхоўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG