Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ратаўніца» ў Данбасе возіць сьмяротна раненых зь перадавой


Лекар-валянтэр Аксана Раманіў з рэанімабілем “Ратаўніца”, купленым на грошы, сабраныя беларусамі
Лекар-валянтэр Аксана Раманіў з рэанімабілем “Ратаўніца”, купленым на грошы, сабраныя беларусамі

26-гадовая Аксана Раманіў працуе на купленай беларускімі валянтэрамі машыне хуткай дапамогі паўтара месяца.

«Ратаўніца» — так у першым добраахвотным шпіталі імя Міколы Пірагова назвалі гэтую машыну, на якой лекары езьдзяць па зоне АТА, эвакуюючы параненых, а ў час зацішша — лекуючы цывільных. Машына, якую за грошы, сабраныя ў Беларусі, набылі нашы валянтэры, пазначаная налепкамі з традыцыйным украінскім арнамэнтам.

За першыя некалькі дзён працы «Ратаўніца» дапамагла амаль 60 чалавекам. Але, як кажа Аксана Раманіў, з таго часу ня раз даводзілася перавозіць і сьмяротна параненых, і целы забітых.

— Аксана, дзе вы цяпер?

— Мы цяпер у раёне Арцёмаўску. Наша брыгада працуе ў напрамку Дэбальцава. Практычна на перадавой. Папрацаваўшы больш за паўтара месяца на перададзенай беларусамі «Ратаўніцы», магу сказаць, што гэта вельмі добрая машынка, вельмі шпарка езьдзіць. Гэта вельмі важна, калі справа тычыцца параненых з артылерыі ці падарваных на мінах, бо там адлік часу ідзе на хвіліны.

— Якая цяпер сытуацыя ў вашым раёне?

— Практычна кожную ноч ідуць абстрэлы, пэрыядычна працуе артылерыя.

— Вы выяжджаеце адразу пасьля абстрэлаў?

— Не, мы стаім на пазыцыі і чакаем. Як толькі зьяўляюцца параненыя, то мы іх падбіраем — ці аказваем дапамогу на месцы, ці адвозім у шпіталь у Арцёмаўску.

— Бываюць сьмяротна параненыя?

— Так, бываюць. Вось нядаўна падарваліся валянтэры на фугасе, былі вельмі моцна параненыя. А праз два дні ў тым самым раёне, таксама на фугасе, падарваўся БТР, дык там шасьцёра загінулі і шасьцёра былі моцна параненыя. Таму сутыкаемся даволі часта са сьмяротнымі выпадкамі, перавозім на «Ратаўніцы» целы загінулых.

— Аксана, раней вы казалі, што хоць па спэцыяльнасьці лекар-тэрапэўт, працуеце і хірургам. Ці за гэты час яшчэ больш пашырылася кола вашых функцыяў?

— Я лекую ня толькі параненых. Праблема ў тым, што на перадавой няма адэкватнай мэдыцыны, таму дапамагаем і цывільным. Апроч эвакуацыі і апэратыўнай дапамогі параненым, я працую і тэрапэўтам, і нэўрапатолягам, і інфэкцыяністам, і хірургам. Масавых баёў цяпер не вядзецца, цяпер, дзякуй Богу, замірэньне. Таму ёсьць час дапамагчы і цывільным.

Беларускія валянтэры на чале з гомельскім грамадзкім актывістам Андрэем Стрыжаком у сярэдзіне красавіка перадалі куплены беларусамі рэанімабіль у першы добраахвотны мабільны шпіталь імя Міколы Пірагова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG