Прадстаўнікі дзевяці краін, уключаючы Беларусь, пачалі 15 красавіка ў Вільні перамовы пра пашырэньне кантэйнэрнага цягніка «Вікінг», які злучае Балтыйскае і Чорнае моры, перадае delfi.lt.
Гаспадары сустрэчы заяўляюць, што хацелі б далучыць да гэтага маштабнага праекту новыя краіны. Пакуль жа «Вікінг» лічыцца сумесным праектам чыгунак пяці краін — Літвы, Беларусі, Украіны, Баўгарыі і Малдовы. Акрамя іх, у Вільні прадстаўленыя чыгуначнікі Грузіі і Румыніі, лягістыкі Турэччыны і Фінляндыі.
«Грузіі далучэньне да „Вікінга“ дае выхад празь Літву на рынкі скандынаўскіх краін», — адзначае міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:
«Была інфармацыя пра тое, што Аляксандар Лукашэнка ў красавіку ўпершыню за сваё прэзыдэнцтва наведае Грузію з афіцыйным візытам. І я больш чым упэўнены, што тэма падключэньня Грузіі да гэтага праекту будзе там абмяркоўвацца.
Тут ёсьць узаемная зацікаўленасьць. Ведаючы ўсю складанасьць дачыненьняў Масквы і Тбілісі, цяжка ўявіць сабе грузінскі транзыт праз Расею. А па „Вікінгу“ празь Беларусь гэта выглядае цалкам рэальна.
Да таго ж сур’ёзную зацікаўленасьць праектам апошнім часам выказвае і Турэччына. Пра гэта, напрыклад, гаварыў сёлета міністар замежных спраў гэтай краіны, калі наведваў Вільню. А турэцкі транзыт можа аказацца важным і для Беларусі. Бо гэта выглядае ня проста транзытам з Турэччыны, а транзытам рэсурсаў з нафтавага рэгіёну Блізкага Ўсходу, дзе, дарэчы, ня раз бываў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей.
Падобна, што „Вікінг“ становіцца цікавым праектам і для Азэрбайджану. І тут, улічваючы асабістыя сяброўскія адносіны Аліева і Лукашэнкі, для нашай краіны таксама вымалёўваюцца цікавыя пэрспэктывы».
Актыўнасьць Беларусі ў праекце «Вікінг» экспэрты тлумачаць тым, што транзытны чыгуначны маршрут у кірунку да марскіх партоў Балтыі ёй эканамічна больш выгадны параўнальна з маршрутам на Санкт-Пецярбург.
Дый пэрспэктывы на Балтыі нядрэнныя. Так, прэм’ер-міністар Літвы Альгірдас Буткявічус на дзясятым літоўска-беларускім эканамічным форуме ў Магілёве заявіў, што тэрмінал звадкаванага прыроднага газу ў Клайпедзе можа забясьпечыць ня толькі краіны Балтыі, але і іншыя сувэрэнныя дзяржавы.
«Галоўная праблема „Вікінга“ ў тым, што на яго пашырэньне патрэбныя вельмі вялікія грошы», — кажа Раман Якаўлеўскі:
«Таму і пачаліся спробы далучыць да гэтага праекту Кітай альбо ягоныя фінансавыя рэсурсы. І тут ёсьць найгалоўнейшае пытаньне: ці рызыкне Пэкін удзельнічаць у праекце, маршрут якога прынцыпова абмінае Расею? Бо «Вікінг» шмат у чым трымаецца на жаданьні шэрагу краін дамагчыся зьніжэньня сваёй энэргазалежнасьці ад Масквы. Да таго ж ён дазваляе дапоўніць яшчэ адзін добра вядомы і нелюбімы Крамлём праект — «Адэса — Броды».