Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус-«кібарг» заснаваў беларускую бібліятэку ў Чарнігаве, а кіруе ёй нашчадак Напалеона Орды


Чарнігаўскі сьвятар Яўген Орда з кніжкамі з царкоўнай беларускай бібліятэкі
Чарнігаўскі сьвятар Яўген Орда з кніжкамі з царкоўнай беларускай бібліятэкі

Рэпартаж пра тое, як у Чарнігаве ў памяшканьні Кацярынінскай царквы Кіеўскага патрыярхату працуе першая беларуская бібліятэка.

Адкрыў яе ўкраінскі сьвятар Яўген Орда, які паходзіць са знакамітага беларускага роду Ордаў. А кнігі перадаў удзельнік баёў на Данбасе, баец беларускага паходжаньня Сяргей Багукалец.

Пра тое, як нарадзілася ідэя стварэньня бібліятэкі, адкуль кнігі і чаму яны патрэбныя чарнігаўскім беларусам, айцец Яўген Орда распавёў Свабодзе.

Украінскі сьвятар зь беларускага роду

Чарнігаўскі сьвятар Яўген Орда сваёй радзімай прызнае Ўкраіну і Беларусь. Калісьці на сутыку гэтых дзьвюх цяперашніх краін жылі і працавалі яго славутыя продкі зь беларускага роду Ордаў. З гэтага роду і знакаміты мастак і кампазытар — Напалеон Орда.

Яўген Орда зь беларускімі кнігамі
Яўген Орда зь беларускімі кнігамі

Сам айцец Яўген нарадзіўся ў Расеі. Пра сваё беларускае паходжаньне даведаўся яшчэ ў юнацтве ад бацькоў.

«Мяне заўсёды цягнула да родных каранёў», — кажа сьвятар.

Празь нейкі час бацькі Яўгена вырашылі перабрацца з расейскага Сургуту ва Ўкраіну. У Чарнігаве атайбаваліся невыпадкова. Недалёка адсюль — маёнтак «Лугавэ», які належаў іхнім продкам, вымушаным пакінуць Беларусь пасьля 1830 году, калі было здушана антырасейскае паўстаньне.

Жыцьцё ва Ўкраіне абудзіла ў будучым сьвятары патрыятызм і скіравала да царквы. Да таго ж Орда пэўна ведаў: сярод ягоных продкаў быў і біскуп.

Памяшканьне Кацярынінскай царквы ў Чарнігаве
Памяшканьне Кацярынінскай царквы ў Чарнігаве

«Захаваць сапраўдную веру і патрыятызм, данесьці іх да людзей я мушу толькі ў якасьці сьвятара, — і дадае: — Нацыя павінна атаясамляцца з духоўнасьцю». Прызнаецца: «Я ніколі ня здолеў бы служыць Рускай праваслаўнай царкве».

Ужо 7 гадоў айцец Яўген служыць у Екацярынінскай царкве Чарнігава, якая належыць да УПЦ Кіеўскага патрыярхату. Першае яго набажэнства адбылося 28 ліпеня 2008 году, але гэты дзень ён успамінае з болем. Тады прыхільнікі Маскоўскага патрыярхату штурмам бралі царкву, не жадаючы прызнаваць яе пераход у Кіеўскі патрыярхат.

Кацярынінская царква ў Чарнігаве
Кацярынінская царква ў Чарнігаве

«Спачатку іх было няшмат — чалавек 20–30. Потым прыехалі рускія нацыяналісты, і ўжо каля 500 чалавек на месцы аблажылі царкву, зрэзалі крыжы», — успамінае Яўген і дадае, што з таго дня разам з абаронцамі «Кацярынкі» яму давялося пражыць у царкве два месяцы. Раз на суткі дзьверы адмыкалі, каб пусьціць прыхаджан памаліцца.

«Так трох хлопцаў страцілі. За храм моцна змагаліся расейскія сілы. Ціснулі. Але мы выстаялі і перамаглі. Храм стаў украінскім», — кажа Орда.

У гонар абаронцаў «Кацярынкі» ў царкве па-ранейшаму як напамін вісяць сьцягі ўкраінскага «Правага сэктару» і Чарнігаўскага станічнага казацтва.

Сьвяты айцец Яўген Орда на 2 гадавіне стварэньня 41 батальёна тэрытарыяльнай абароны Чарнігаўскай вобласьці
Сьвяты айцец Яўген Орда на 2 гадавіне стварэньня 41 батальёна тэрытарыяльнай абароны Чарнігаўскай вобласьці

Не прайшла міма кацярынінскага сьвятара вайна на Данбасе. Акрамя царкоўнай працы ў Чарнігаве, Орда — капэлян украінскай арміі. Айцец Яўген бярэ чынны ўдзел у чарнігаўскім «Цэнтры падтрымкі добраахвотніцкіх фармаваньняў». Сваімі рукамі ён зьбірае і дастаўляе гуманітарную дапамогу ўкраінскім байцам у зону АТА. Дапамагаюць яму мясцовыя валянтэры, сярод якіх хапае чарнігаўскіх беларусаў. Іх Орда асабліва хваліць за працавітасьць і суперажываньне.

Орда вызначае, што за час паездак у АТА сустракаў шмат беларусаў. Пра іх Орда кажа толькі: «Сапраўдныя патрыёты». Калі хто зь іх папросіць, айцец Орда правіць там набажэнствы па-беларуску.

Кніга-падарунак айцу Яўгену Ордзе для беларускай бібліятэкі
Кніга-падарунак айцу Яўгену Ордзе для беларускай бібліятэкі

Беларускі куток у Чарнігаве заснаваў «кібарг» з Луганскага аэрапорту

Айцу Орду добра запомнілася адна з паездак у зону АТА, дзе ён пазнаёміўся зь беларускім добраахвотнікам з Чарнігава — Сяргеем Багукальцам. Дзякуючы беларускаму «кібаргу» беларускія кнігі і трапілі ў Кацярынінскую царкву.

Сяргей Багукалец
Сяргей Багукалец

«Сяргей тады быў у Луганскім аэрапорце. У той час як байцы прасілі даслаць ежу, адзеньне і абутак, Сяргей прасіў дасылаць яму беларускія кнігі. Зь Менску Сяргею і перадалі беларускія кнігі. У Луганску іх скінулі зь верталёта, — успамінае Яўген. — Ён часта іх чытаў. Пазьней частка кніг згарэла ў Луганскім аэрапорце, астатнія Сяргей прывёз у Чарнігаў».

Намаганьнямі айца Орды праз пэўны час стосы кніг з зоны баёў ператварыліся ў сапраўдную беларускую бібліятэку — першую ва Ўкраіне.

Беларуска-украінскі альманах «Справа» і дзіцячыя кніжкі. Бібліятэка Яўгена Орды ў Чарнігаве
Беларуска-украінскі альманах «Справа» і дзіцячыя кніжкі. Бібліятэка Яўгена Орды ў Чарнігаве

«Калі я адчуў, што гэта сапраўдны беларус і беларускія кніжкі, я зразумеў, што трэба ствараць бібліятэку. Да таго ж у Чарнігаве жыве шмат беларусаў», — кажа Орда.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Чарнігаве 12 тысяч беларусаў. Шмат іх можна сустрэць і непадалёк ад Чарнігава, у прымежнай паласе — напрыклад, у пасёлку Рэпкі. Беларуская гаворка для чарнігаўскіх вуліц не навіна. Багата беларусаў прыяжджае сюды на закупы і адпачынак. Мясцовыя рынкі таньнейшыя за беларускія.

Беларускі праваслаўны каляндар. Бібліятэка Яўгена Орды ў Чарнігаве
Беларускі праваслаўны каляндар. Бібліятэка Яўгена Орды ў Чарнігаве

«Пакуль што ў Чарнігаве няма беларускай царквы», — кажа Орда. Аднак, паводле ягоных слоў, Кацярынінская царква вельмі папулярная сярод беларускіх вернікаў. Прычына простая: памяшканьне царквы для іх як дом, дый сам Яўген Орда ставіцца да беларусаў па-братэрску.

Ёсьць у Кацярынінскай царкве нават беларуская ікона. Орда кажа, што яна з Жыровічаў.

Беларускія кнігі і іконы

Цяпер у бібліятэцы Орды каля 200 кніг. Сама бібліятэка ў царкве на другім паверсе. Тут утульныя месцы для чытаньня, шмат абразоў.

Бібліятэка святара Яўгена Орды. Катярынінская царква ў Чарнігаве
Бібліятэка святара Яўгена Орды. Катярынінская царква ў Чарнігаве

Літаратура ў бібліятэцы на ўсялякі густ: ад дакумэнталістыкі да царкоўных кніг. Беларуская клясыка прадстаўлена творамі Купалы і Коласа, Быкава, Караткевіча. Ня так даўно зьявіліся некалькі падручнікаў па беларускай мове і дзіцячых кніжак.

Падручнікі па беларускай мове. Бібліятэка Яўгена Орды ў Чарнігаве
Падручнікі па беларускай мове. Бібліятэка Яўгена Орды ў Чарнігаве

«Трэба падтрымліваць беларускую мову і пашыраць яе ў сьвеце», — кажа Орда. Але найперш ён турбуецца яе станам і роляй у самой Беларусі.

Кніжныя паліцы папаўняюцца. Спрыяюць гэтаму неабыякавыя людзі. У прыватнасьці, час ад часу перадае кнігі Кацярынінскай царкве гомельскі актывіст і журналіст Кастусь Жукоўскі.

Кастусь Жукоўскі
Кастусь Жукоўскі

«Кнігі ў Гомелі зьбіраю з рук: хто што дасьць», — кажа Кастусь і дадае: «Яўген Орда — сапраўдная глыба».

З моманту адкрыцьця беларуская бібліятэка стала ў Чарнігаве папулярнаю. Па словах айца Орды, толькі адна тутэйшая сямʼя беларусаў узяла адразу 30 кніг.

Чарнігаўскі сьвятар Яўген Орда зь беларусам - наведвальнікам бібліятэкі
Чарнігаўскі сьвятар Яўген Орда зь беларусам - наведвальнікам бібліятэкі

Сьвятар кажа, што некаторыя кнігі дэфіцытныя: царкоўная літаратура, падручнікі вучыць мову, кніжкі па гісторыі Беларусі.

Для самога сьвятара найбольш каштоўная якраз царкоўная беларуская літаратура, малітоўнікі. Год таму ў Чарнігаве прайшлі першыя дзіцячыя хрэсьбіны на беларускай мове. Сямʼя прыехала з Рэчыцы. Орда старанна рыхтаваўся — вучыў беларускія малітвы. Толькі саміх малітоўнікаў у яго дужа мала.

Царкоўная беларуская літаратура ў Кацярынінскай царкве Чарнігава
Царкоўная беларуская літаратура ў Кацярынінскай царкве Чарнігава

«Няма і з чаго вывучаць беларускую мову, — падсумоўвае айцец, — добрыя кніжкі заўсёды патрэбныя».

У плянах — беларуская школа ў Чарнігаве

Пра сваю кніжную ініцыятыву сьвятар кажа: «Гэта толькі пачатак».

Орда марыць, каб беларусы вызнавалі сваю беларускасьць, каб ведалі родную мову, дзе б ні былі.

Васіль Быкаў, “У Тумане”. Бібліятэка Яўгена Орды ў Чарнігаве
Васіль Быкаў, “У Тумане”. Бібліятэка Яўгена Орды ў Чарнігаве

«Калі ў душы ўсе гэтае пракінецца — ты станесься сапраўдным беларусам. Адчуеш, што кроў беларуская цябе кліча, — айцец Яўген спадзяецца, што бібліятэка стане першым крокам да стварэньня беларускай школы ў Чарнігаве. — Спадзяюся, што ў Чарнігаве будзе сапраўдная беларуская школа». Ён нагадвае, што ў Чарнігаве гадуецца шмат беларускіх дзяцей.

Ахвяравальнік першых кніжак чарнігаўскі беларус Сяргей Багукалец тым часам ужо скончыў добраахвотніцкую службу ў зоне АТА на Данбасе, вярнуўся дахаты.

Сяргей Багукалец
Сяргей Багукалец

Ён шкадуе, што пакуль мала публічных беларускіх мерапрыемстваў праходзіць у Чарнігаве. Прыехаць на гістарычную радзіму яму не ўдаецца. Беларускія памежнікі паставілі яму ў пашпарт штамп «Уезд забаронены». Гэта сталася пасьля таго, як яго ў «чорны сьпіс» унесла Расея. Тое самае тычыцца і самога айца Орды. Прыехаць і набыць яшчэ беларускіх кніжак ні той, ні другі ня могуць.

Сяргей Багукалец кажа, што ўсё ж спадзяецца праз 4 гады наведаць Беларусь — і мяркуе, што тады яму ўжо нічога там ня будзе пагражаць.

Іна Кардаш, студэнтка ЭГУ,
адмыслова для Радыё Свабода

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG