Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНФ і «правацэнтрысты» раскрытыкавалі «плян Дзьмітрыева»: няма «апазыцыйнасьці» і патрабаваньня сумленных выбараў, а вулічны пратэст сябе не «здыскрэдытаваў»


Лідэры «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў. архіўнае фота
Лідэры «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў. архіўнае фота

Лідэр кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў апублікаваў прапановы для апазыцыі па дзеяньнях на бліжэйшыя 5 гадоў: сфармаваць рэалістычны парадак дня магчымых пераменаў, знаходзіць аднадумцаў у грамадзтве і ва ўладзе, быць гатовым прапанаваць плян пераменаў са зразумелай уладам роляй грамадзянскай супольнасьці, сфармаваць у кожным раёне грамадзкія рады з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычных сілаў і праўладных арганізацыяў; павялічыць прысутнасьць дэмакратычных сілаў у парлямэнце і мясцовых саветах; падвысіць ролю мясцовых саветаў і парлямэнту. Мітынгі ж «здыскрэдытавалі сябе», мяркуе Дзьмітрыеў.

Свабода зьвярнулася па камэнтары да лідэраў апазыцыйных партыяў — старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, які разам з Правацэнтрысцкай кааліцыяй удзельнічаў у «Маршах недармаедаў», і старшыні партыі «Беларускі народны фронт» Аляксея Янукевіча, чыя партыя ладзіць вулічныя акцыі на нацыянальныя сьвяты і дні памяці.

Янукевіч: Плян не прадугледжвае ніякай апазыцыйнасьці

Аляксей Янукевіч мяркуе, што тэкст Дзьмітрыева варта было называць не «Чаго апазыцыя можа дамагчыся за 5 год», а «Што могуць зрабіць Дзьмітрыеў і Караткевіч, каб трапіць хаця б на рэгіянальным узроўні ва ўладныя структуры».

«З такога гледзішча гэта цалкам разумны плян, але ён абсалютна не прадугледжвае ніякага палітычнага парадку дня, — заяўляе Янукевіч. — Ён фактычна не прадугледжвае ніякай апазыцыйнасьці. Слова „апазыцыя» ў гэтых развагах абсалютна недарэчнае, яны ад імя людзей, якія ня маюць палітычнай пазыцыі і ня ставяць задачай гэтую пазыцыю рэалізаваць, апісваюць, як людзям па-за сёньняшняй сыстэмай стаць часткаю гэтае сыстэмы. Таму такі плян нам нецікавы».

Аляксей Янукевіч на акцыі ў абарону Курапатаў, архіўнае фота
Аляксей Янукевіч на акцыі ў абарону Курапатаў, архіўнае фота

Янукевіч параўноўвае ідэю стварэньня мясцовых радаў дэмакратычных і праўладных актывістаў з «круглым сталом Сярэдзіча»: пра яго было шмат размоваў, але ён так і не адбыўся. БНФ, кажа ён, гатовы да дыялёгу ў рэгіёнах і мае канкрэтныя прапановы — была б воля мясцовых уладаў, такі дыялёг можна было б весьці.

«Але на сёньняшні момант мы бачым, што гэта, на жаль, фантастыка, — дадае Янукевіч. — Нягледзячы на ўсе спробы спадара Дзьмітрыева апісаць, што сутнасьць улады зьмяняецца і што ўлады гатовыя да дыялёгу, мы бачым, што ўлады ні на нацыянальным, ні на рэгіянальным узроўні не гатовыя. На жаль, усё гэта можна абмяркоўваць хіба ў фармаце практыкаваньня ў рыторыцы».

Лябедзька: Перадусім сумленныя выбары, іначай няма паўнамоцтваў на перамены

Анатоль Лябедзька першым чынам выказвае сумневы ў тым, што ўся апазыцыя пагодзіцца працаваць зь Дзьмітрыевым і «Гавары праўду», бо сёньня існуе «некалькі каардынацыйных і кааліцыйных пляцовак», а ні ў адной «Гавары праўду» няма.

«Гэта ня новыя прапановы ад „Гавары праўду», гэта іхная стратэгія: убудавацца ў нейкія пляцоўкі каля ўлады і лічыць, што гэтым дасягнутая мэта, — разважае Лябедзька. — Такія розныя рэчы, якім чынам парадніцца з уладай, нам нецікавыя цяпер, нам патрэбныя рэальныя перамены ў краіне, а ня проста „не раззлаваць уладу» і нешта маленькае ад іх выпрасіць, быць задаволенымі і сказаць, што яшчэ год 20 трэба на перамены ў Беларусі».

Анатоль Лябедзька на акцыі ў падтрымку індывідуальных прадпрымальнікаў, архіўнае фота
Анатоль Лябедзька на акцыі ў падтрымку індывідуальных прадпрымальнікаў, архіўнае фота

Лябедзька называе плян «папулізмам» і пытае, якім чынам можна дамагацца больш паўнамоцтваў для рэгіёнаў, калі рэгіёны ўбудаваныя ў вэртыкаль улады, якая не абіраецца і не залежыць ад грамадзянаў. Мэханізмаў для гэтага няма, кажа Лябедзька, таму трэба пачынаць з таго, каб лічылі галасы, каб дэпутаты абіраліся, а не «прызначаліся» і былі залежнымі ад адной асобы.

Першая задача — вярнуць людзям права выбару, а іншае будзе толькі адымаць час і ня вырашыць праблемаў, мяркуе Лябедзька. У апазыцыі ёсьць праграмы, як тая «Мільён новых працоўных месцаў» у АГП, напрацоўкі ў сфэрах мэдыцыны ці ЖКГ, але першым нумарам ідзе зьмена выбарчага заканадаўства дзеля зьмены якасьці сытуацыі, а ня дробных рысаў.

Таксама Лябедзька ня думае, што вулічныя пратэсты здыскрэдытавалі сябе: наадварот, хоць пратэсты найчасьцей не санкцыянуюцца ўладамі ў парушэньне права людзей на мірны пратэст, узімку-ўвесну 2017 году на пратэсты ў рэгіёнах выходзіла столькі людзей, колькі не было з пачатку 1990-х гадоў, «калі ў палітыцы былі літаральна ўсе»:

Лябедзька прамаўляе на «Маршы недармаедаў» у Маладэчне, архіўнае фота
Лябедзька прамаўляе на «Маршы недармаедаў» у Маладэчне, архіўнае фота

«Каб Дзьмітрыеў і „Гавары праўду» сабралі тысячу чалавек, як мы гэта зрабілі ў Маладэчне, ці тры тысячы, як у Гомлі, можна было б пра нешта размаўляць. Вуліца застаецца вельмі важнай, асабліва ў сытуацыі эканамічнага крызісу, у сытуацыі, калі ўлада ня мае палітычнай волі праводзіць рэформы. Бязь ціску на ўладу яна не адступіць ні на адзін крок назад, будзе задаволеная, калі будзе абсалютная цішыня.

Круглыя сталы і дамовы цяпер у Беларусі абсалютна не працуюць, гэта фіксацыя факту, што сабраліся за адным сталом, разавыя падзеі, але не інструмэнт узаемадзеяньня ўлады і грамадзянскай супольнасьці. Спроба выслухаць адзін аднаго, але не абмеркаваньне, як зрабіць лепей. Таму вулічныя акцыі застаюцца важнымі».

***

Партнэр Лябедзькі ў Правацэнтрысцкай кааліцыі, сустаршыня «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Віталь Рымашэўскі падкрэсьлівае, што «неагучваньне» пытаньня сумленных выбараў у выбарчай кампаніі – гэта фактычна падтрымка несумленных выбараў, празь якія немагчыма абраць дэпутатаў мясцовых саветаў ці Палаты прадстаўнікоў, толькі за рэдкімі выняткамі атрымаць «прызначаных» дэпутатаў, а заява пра «здыскрэдытаванасьць» вулічных пратэстаў – гэта фактычна падтрымка пастаяннага парушэньня права людзей на мірны пратэст.

Юрась Губарэвіч, лідэр руху «За свабоду», які таксама ўваходзіць у Правацэнтрысцкую кааліцыю, адмовіўся камэнтаваць ініцыятывы «Гавары праўду».

На момант публікацыі лідэр шэрагу вулічных пратэстаў, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году Мікола Статкевіч быў недасяжны для камэнтароў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG