Як ставяцца палітыкі да ініцыятывы Беларускага нацыянальнага кангрэсу правесьці 8 верасьня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску акцыю папярэджаньня магчымай агрэсіі ды прыняць «прысягу свабоды»?
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч паведаміў, што сябры арганізацыі з усёй Беларусі падаюць заяўкі на пікеты супраць расейска-беларускіх вучэньняў «Захад-2017» і прыезду ў Беларусь такой вялікай колькасьці расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі.
«Відавочна, пытаньне надзвычай важнае для захаваньня і незалежнасьці Беларусі, і нармальных адносінаў з нашымі суседзямі, апроч Расеі, якія ўспрымаюць гэтыя вучэньні як пагрозу ў тым ліку і для сябе. Але найперш нас турбуе пагроза, якая сапраўды крытычная, якая для самой нашай дзяржавы зыходзіць ад гэтых вучэньняў і ад прысутнасьці расейскіх войскаў.
Што да ініцыятывы 8 верасьня, то ў нас на наступным тыдні будзе паседжаньне палітычнай камісіі, мы абмяркуем гэтую ідэю і сваё стаўленьне да яе. Але незалежна ад таго, як вызначымся, мы рабілі і будзем рабіць шэраг захадаў, скіраваных на пратэст супраць правядзеньня вучэньняў у Беларусі».
Сустаршыня грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў сказаў, што пакуль не разумее, што гэта будзе за прысяга і хто яе будзе прымаць:
«Перад кім і каму клясьціся? І наагул, як гэта будзе ўспрынята? Мець прысягу, за якую потым дадуць штраф, не хацелася б. Мець прысягу, якая будзе заснаваная на пратэсьце супраць чагосьці, а не найперш на любові да чагосьці, таксама не хацелася б. Калі рабіць „прысягу свабоды“, то хацелася б, каб яна рабілася ня так, як быццам мы робім яе за кратамі. Бо гэта робяць свабодныя людзі. Калі гэта можна арганізаваць, то можа быць. Але, мяркуючы па тым, як раней усё арганізоўваў БНК, у мяне да гэтага няма ніякага стаўленьня».
Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі сказаў карэспандэнту Свабоды, што падтрымлівае любыя мірныя акцыі, скіраваныя супраць уцягваньня Беларусі ў вайсковыя авантуры Расеі.
«Сёньня Расея вядзе дзьве вайны — ва Украіне і ў Сырыі. Я супраць таго, каб нашы вайскоўцы гінулі ў чужых войнах. Я супраць любых дзеяньняў Расеі, скіраваных на ўцягваньне Беларусі і нашых салдатаў у яе вайсковую палітыку. Таму падтрымліваю любыя мірныя акцыі пратэсту супраць вучэньняў, бо яны за патэнцыйнага праціўніка маюць нашых бліжэйшых суседзяў.
Што да ўдзелу ў нейкіх прысягах, то тут фармулёўка досыць няўдалая. Бо сёньня ня час стварэньня БЗВ, як гэта было ў 1990-я, калі прыносілі прысягу. Каб абараніць Беларусь, найлепшым шляхам ёсьць яднаньне беларускай нацыі на глебе дэмакратычных прынцыпаў, павагі да нацыянальных каштоўнасьцяў і інтэграцыі з дэмакратычнымі краінамі сьвету. Але любыя мірныя акцыі пратэсту супраць вайсковых вучэньняў я падтрымліваю».