Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плян Дзьмітрыева на «пяцігодку»: галоўнае — дыялёг з уладамі, вулічныя пратэсты сябе дыскрэдытавалі


Андрэй Дзьмітрыеў, архіўнае фота
Андрэй Дзьмітрыеў, архіўнае фота

Рух «Гавары праўду» апублікаваў артыкул Андрэя Дзьмітрыева «Чаго апазыцыя можа дамагчыся за 5 год». Тэкст прысьвечаны як плянам руху на будучыню, так і апісаньню мінулых пяці гадоў у беларускай палітыцы («Гавары праўду» існуе сем гадоў).

Як Дзьмітрыеў прапануе пашырыць прысутнасьць у палітыцы і электаральную падтрымку

За апошнія пяць гадоў, піша Дзьмітрыеў, зьявілася прастора для дыялёгу апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці з уладамі, два незалежныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў (з 110) прадстаўляюць грамадзянскую супольнасьць і дэмакратычныя сілы, рыхтуюцца зьмены для малога і сярэдняга бізнэсу, вярнуўся ў падпіску шэраг незалежных выданьняў, а «Гавары праўду» атрымала рэгістрацыю як грамадзкая арганізацыя (новых партыяў у Беларусі не рэгіструюць ужо 17 год, нягледзячы на неаднаразовыя спробы).

Таму, мяркуе Дзьмітрыеў, магчымыя зьмены і для ўладаў, і для апазыцыі. Новая сытуацыя патрабуе сфармаваць рэалістычны парадак дня магчымых пераменаў, знаходзіць аднадумцаў у грамадзтве і ва ўладзе, быць гатовым прапанаваць плян пераменаў са зразумелай уладам роляй грамадзянскай супольнасьці.

Збор подпісаў за вылучэньне Тацяны Караткевіч кандыдаткай у прэзыдэнты, 2015 год
Збор подпісаў за вылучэньне Тацяны Караткевіч кандыдаткай у прэзыдэнты, 2015 год

Каб зьмяніць сытуацыю, Дзьмітрыеў прапануе сфармаваць у кожным раёне грамадзкія рады з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычных сілаў і праўладных арганізацыяў (дзе яны ёсьць — наладзіць іх пастаянную працу); павялічыць прысутнасьць дэмакратычных сілаў у парлямэнце і мясцовых саветах; падвысіць ролю мясцовых саветаў і парлямэнту; правесьці форумы рэгіянальнага разьвіцьця і прасоўваць рэгіянальныя інтарэсы на нацыянальным узроўні.

Вулічны пратэст сябе «хутчэй дыскрэдытуе»

У тэксьце Дзьмітрыева прапануецца не настойваць «на татальным пачатку з нуля» ў размове з уладамі, а недзе прапаноўваць рашэньні для абнаўленьня і разьвіцьця сыстэмы, недзе — «проста прысутнічаць, пазначаючы пазыцыю, чакаючы зручнага моманту яе прасоўваньня».

Кампанія «не выключае элемэнтаў вулічнай барацьбы», але адзначае, што празь нешматлюднасьць, завышаныя чаканьні і адсутнасьць арганізацыйных магчымасьцяў пакуль вулічныя пратэсты хутчэй дыскрэдытуюць гэтую форму палітычнай актыўнасьці.

«Гавары праўду» выступае за рэалізацыю «тактыкі паступальнага назапашваньня грамадзкай падтрымкі праз працу з грамадзтвам паміж выбарамі, дыялёг з уладай, пашырэньне сваёй прысутнасьці ў палітычнай сыстэме краіны».

«Менш за тое, аб чым марылі, але больш, чым дамагліся за 20 год»

На пытаньне Свабоды, ці гэты дакумэнт — свайго роду новая праграма «Гавары праўду», Андрэй Дзьмітрыеў кажа, што гэта апісаньне задачаў згодна стратэгіі, вызначанай яшчэ пяць год таму, але тэкст напісаны ня толькі для «Гавары праўду», а для ўсёй дэмакратычнай супольнасьці.

БНФ і «правацэнтрысты» раскрытыкавалі «плян Дзьмітрыева»: няма «апазыцыйнасьці» і патрабаваньня сумленных выбараў, а вулічны пратэст сябе не «здыскрэдытаваў»

«Я разумею, што калі чытаеш гэты дакумэнт, то бачыш, што гэта нашмат менш за тое, пра што мы марылі, — адзначае Дзьмітрыеў. — Але трэба разумець, што калі мы, усе дэмакратычныя сілы, гэтага даможамся, то гэта будзе ў разы больш за тое, што мы зрабілі за 20 год.

Пікет «Гавары праўду» перад парлямэнцкімі выбарамі 2012 году
Пікет «Гавары праўду» перад парлямэнцкімі выбарамі 2012 году

Мы лічым, што ўлада мяняецца рознымі шляхамі: ня толькі рэвалюцыйным, „мы наш новы сьвет пабудуем за адну ноч“, але і шляхам, калі мы самі становімся ўладай, самі ўваходзім ва ўладу, пачынаем уплываць на прыняцьцё рашэньняў, прасоўваць свае ініцыятывы. У гэтым сэнсе мы сёньня бачым, што, зыходзячы з рэалістычнай ацэнкі сытуацыі, гэта тое, чаго мы можам дамагчыся.

Бо калі мы гэта робім нерэалістычным, мы заўсёды, ужо 20 год, ходзім па адным і тым жа коле. Мы разумеем, што мы зноў цалкам разьбітыя, нічога не дамагліся, потым толькі марым, як бы нам адыграцца».

Ці ёсьць «плян B»?

Улады могуць не пагадзіцца на супрацу з грамадзянскай супольнасьцю, не пусьціць ейных прадстаўнікоў у мясцовыя саветы, як тое было на выбарах 2014 году. Але ў тэксьце не разглядаецца такая магчымасьць, хоць і згадваецца «непрадказальная палітыка» ўладаў праз раптоўныя або замацаваныя толькі вусна рашэньні. Чаму?

«На гэтым этапе мы сканцэнтруемся на тым, каб у мясцовыя саветы прайшлі прадстаўнікі палітычнай альтэрнатывы, — адказвае Дзьмітрыеў. — Сёньня вельмі важна разумець, што гэта таксама і ў інтарэсах улады. Мы ўсе бачылі вясновыя пратэсты, бачым, што такія інстытуты, як мясцовыя саветы, проста не працуюць цяпер. Там няма дыскусіяў, спрэчак, альтэрнатыўнага меркаваньня. Гэта прыводзіць да таго, што ўлада можа прымаць, не пралічыўшы, такія рашэньні, як дэкрэт № 3».

АМАП зьбівае пратэстоўцаў, 25 сакавіка 2017 году. Ілюстрацыйнае фота
АМАП зьбівае пратэстоўцаў, 25 сакавіка 2017 году. Ілюстрацыйнае фота

Дзьмітрыеў упэўнены, што прыход альтэрнатыўнага меркаваньня паспрыяе разьвіцьцю Беларусі і будзе фактарам грамадзкай згоды. Ён нагадвае словы міністра замежных справаў Уладзімера Макея пра патрэбу ў грамадзкай згодзе — і кажа «мы згодныя». Але такая згода, дадае Дзьмітрыеў, сама сабой не ўтвараецца, а ёсьць вынікам працы розных інструмэнтаў у грамадзтве, адзін зь якіх — наяўнасьць прадстаўнікоў розных думак у мясцовых саветах і парлямэнце.

А дзе Тацяна Караткевіч?

Ужо два гады лідэрамі «Гавары праўду» называюцца два чалавека: Андрэй Дзьмітрыеў і кандыдатка ў прэзыдэнты на выбарах 2015 году Тацяна Караткевіч. Але ў тэксьце Дзьмітрыева імя Караткевіч ні разу ня згадваецца, а тэкст падпісаны словамі «Андрэй Дзьмітрыеў, лідэр „Гавары праўду“». Што здарылася з Караткевіч?

«Гэта дакумэнт, напісаны фактычна для ўсёй дэмакратычнай супольнасьці, таму тут галоўным ёсьць не Андрэй Дзьмітрыеў ці Тацяна Караткевіч, а галоўнае, што гэта рэальны, але велізарны плян, якога мы можам дамагчыся разам, — тлумачыць Дзьмітрыеў. — Калі я кажу „разам“, гэта ня значыць аб’ядноўвацца ў нейкую кааліцыю, а азначае рухацца ў адным кірунку.

Тацяна Караткевіч безумоўна зьяўляецца лідэрам „Гавары праўду“, не шукайце ў цёмным пакоі чорную котку, якой там няма».

Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч, архіўнае фота
Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч, архіўнае фота

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG