Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25-га пачалося ўжо некалькі дзён таму, — Бастунец


Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец у кампаніі зь іншымі праваабаронцамі сустрэўся з Андрэа Рыгоні — дакладчыкам Камісіі па палітычных пытаньнях і дэмакратыі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.

Спадар Бастунец расказаў пра хвалю рэпрэсій у дачыненьні да незалежных журналістаў і блогераў. Спэцдакладчыку па Беларусі прадстаўлена падрабязная інфармацыя пра ўсе выпадкі перасьледу прадстаўнікоў СМІ — іх апошнім часам зафіксавана больш за чатыры дзясяткі:

«Сустрэча праводзілася ў межах падрыхтоўкі дакладу Андрэа Рыгоні, які ў першапачатковай вэрсіі будзе прадстаўлены ў красавіку. Таму зразумела, што больш гаварылі мы, чым сам дакладчык. Апавялі пра сытуацыю, якая цяпер адбываецца перадусім з затрыманьнямі, падзяліліся сваімі апасеньнямі наконт заўтрашніх падзеяў. Ён выслухаў, сказаў, што гэтая тэма шырока абмяркоўвацца і нават у прадстаўнікоў улады наконт гэтага розныя меркаваньні. Але, паўтаруся, прамаўлялі ў асноўным прадстаўнікі праваабарончых арганізацый, госьці слухалі і штосьці сабе натавалі».

Андрэй Бастунец удакладняе, што са свайго боку асаблівы акцэнт рабіў на затрыманьнях, судовым перасьледзе і новай хвалі пратаколаў супраць журналістаў за нібыта працу без акрэдытацыі. Ці ёсьць спадзевы, што сыгналы зь Беларусі будуць пачутыя ў эўрапейскіх структурах?

«Усё гэта адмыслова не зьвязана зь візытам Рыгоні, які быў заплянаваны раней — тады наўрад ці хто думаў, што падзеі будуць разгортвацца такім чынам. Ён рабіў свой візыт у межах падрыхтоўкі дакладу пра сытуацыю ў Беларусі. А тое, што менавіта ў гэтыя дні сытуацыя так раптоўна і гвалтоўна зьмянілася, спадзяюся, будзе ў дакладзе пазначана. Што да рэакцыі эўрапейскіх структураў, дык гэта зусім іншы момант, гэта ўжо залежыць у першую чаргу ад таго, як пройдуць падзеі заўтра. Хоць, як на мой погляд, 25-га пачалося ўжо некалькі дзён таму».

Андрэа Рыгоні ў размове зь беларускімі праваабаронцамі пацьвердзіў, што рыхтуе даклад аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, які будзе прэзэнтаваны ў красавіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG