Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цяжка быць Богам


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Цяжка быць Богам. Але, пэўна, не лягчэй — чалавекам. Годным чалавекам, такім, як Барыс Стругацкі.

Пайшоў з жыцьця вялікі савецкі сацыяльны філёзаф — Барыс Стругацкі.
Адразу прадбачу пярэчаньні. Неяк не прынята зьвязваць савецкасьць з нечым добрым. Але тая эпоха — гэта ня толькі Гулаг і тэрор. Гэта, апроч іншага, і культура, і асэнсаваньне існага грамадзтва, духоўны пошук пераадоленьня таго самага тэрору і Гулагу — гэта і Булгакаў, і Салжаніцын, і Быкаў, і Караткевіч, і Аркадзь і Барыс Стругацкія. Антысаветчыкамі яны былі для Галоўліту, а з гістарычнай пэрспэктывы — дзецьмі таго грамадзтва, пік іх творчасьці, лепшае, напісанае імі, было напісана менавіта ў чырвонай імпэрыі.

Іншае пярэчаньне — які сацыяльны філёзаф? Ну добры, цікавы фантаст, пісаў разам з братам пра нейкія касьмічныя прыгоды. Добра пісалі, ўвесь СССР чытаў. Але філёзаф?

Барыс Стругацкі
Барыс Стругацкі
Тут, зразумела, суб’ектыўнае, аўтар гэтых радкоў — таксама з тых пакаленьняў, у якіх, паводле словаў Ахматавай, «скралі сьвет». Але Стругацкія былі менавіта тымі, хто па-свойму вяртаў нам яго.


Ад надзвычай вясёлага і іранічнага «Панядзелак пачынаецца ў суботу» (хаця таксама даніна эпохе — ўварваньню НТР у савецкае жыцьцё) Аркадзь і Барыс Стругацкія вельмі хутка перайшлі да асэнсаваньня выклікаў, зь якімі ў хуткім часе давялося сутыкнуцца савецкім людзям.

У адной біяграфіі Ягора Гайдара давялося прачытаць, што хіба ня самым моцным уражаньнем юнацтва для яго быў «Населены востраў» Стругацкіх. У аповесьці зямлянін, які апынуўся на чужой плянэце, думаючы, што ён вызваляе краіну ад тыраніі, разбурае сыстэму кіраваньня краінай. І толькі пасьля гэтага даведваецца, што парушыў усе шматгадовыя пляны ўратаваньня далёкай плянэты рэзыдэнта Зямлі Вандроўніка.

« — Цяпер яны адразу зразумеюць, што іх прыгнятаюць, што жыцьцё ў іх кепскае і паднімуцца…

— Куды яны паднімуцца? — сказаў Вандроўнік сумна. — Хто падымецца? Невядомыя Бацькі жывуць. Гвардыя цэлая, армія адмабілізаванае, у краіне ваеннае становішча… На што вы разьлічвалі? Ты шмат чаго забыўся. Ты забыўся пра эканоміку. Табе наогул вядома, што такое інфляцыя?»


Здаецца, надзвычай актуальна і па цяперашнім часе.

А ўся сэрыя пра прагрэсараў — хіба гэта не пра праблемы постсавецкіх краінаў 90-х, хіба не пра цяперашнія парадоксы спробаў дэмакратызаваць дыктатарскія краіны? І калі дон Румата з «Цяжка быць Богам» бачыць, як на зьмену шэрай млявай дэспатыі прыходзяць «чорныя» дона Рэбы — гэта выглядае проста ілюстрацыяй да зводкі навінаў з розных куткоў сьвету.

І тое, што постсавецкія прагрэсары, як і героі Стругацкіх, шмат дзе пацярпелі паразу — пэўна, не віна пісьменьнікаў. Але тое, што перамены ўсё ж адбыліся — гэта і іх заслуга.

Можа і ня варта зводзіць літаратуру да прыкладной паліталёгіі. Але і іншыя вобразы кніг Стругацкіх — таксама пра нас, пра нашы ростані і выбары. Тая ж зона з «Пікніку на ўзбочыне», да цэнтру якой вядзе сталкер. Зона выконвае любое жаданьне. Але сапраўднае. Вось хацелі савецкія людзі насамрэч езьдзіць за мяжу, чытаць, што хочацца, без дазволу парткамаў, грошы зарабляць — дык збольшага і атрымалі. А дэмакратыя там, правы чалавека… Зона выконвае толькі сапраўдныя жаданьні.

Магчыма, мы аказаліся кепскімі чытачамі Стругацкіх. Але гэта ўрок і у сэнсе чалавечага лёсу. Росквіт іх творчасьці прыпаў на хіба ня самы застойны, балотны пэрыяд савецкай гісторыі, на час, калі нічога не адбывалася. Нібыта. Але час зьмяніўся і высьветлілася, што ўсё, што есьць у актараў — гэта прыдуманае, прадуманае, асэнсаванае ў тую «глухую пару лістападу».

Мудрэц Барыс Стругацкі сышоў, сышоў да брата, да герояў сваіх кніг. Нам, тым хто застаўся, вырашаць, як Максіму Камемерэру з «Жука ў муравейніку», што азначае наш крок — катастрофу ці страчаны шанец.

Барыс Стругацкі свой выбар рабіў. І ня толькі кнігамі. У 2011 годзе ён узяў удзел у праекце нашага радыё «Галасы салідарнасьці», прычытаўшы ў нашым эфіры імёны беларусаў, якія патрапілі за краты пасьля разгону маніфэстацыі ў Менску 10 сьнежня 2010 году.

А за два месяцы да сьмерці ён падпісаў зварот да расейскіх уладаў спыніць крымінальны перасьлед удзельнікаў маніфэстацыі на Балотнай плошчы ў Маскве 6 траўня гэтага году. Магчыма, гэты зварот стаў апошнім творам, пад якім ён паставіў свой подпіс.

Цяжка быць Богам. Але, пэўна, не лягчэй — чалавекам. Годным чалавекам, такім, як Барыс Стругацкі.


Барыс Стругацкі ў «Галасах салідарнасьці»

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:21 0:00
Наўпроставы лінк


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG