22 лістапада ў Слуцкім раённым судзе абвешчаны вырак Івану Барбашынскаму. Суд прызнаў яго вінаватым па ч. 2 артыкулу 363 КК Рэспублікі Беларусь «Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў з прымяненьнем гвалту» і пакараў двума гадамі «хатняй хіміі». Барбашынскага вызвалілі з-пад варты ў залі суду.
«Вялікі дзякуй журналістам», — гэта першыя словы Івана пасьля таго, як канвой адчыніў «клетку» і зьняў зь яго кайданкі.
У зьняволеньні Іван правёў апошнія 6 месяцаў. Ягоны старэйшы брат Ігар памёр у Жодзінскім СІЗА 20 верасьня ад «імунадэфіцытнага захворваньня невядомага паходжаньня», але судэмэдэкспэрт зафіксаваў 17 кровападцёкаў на целе памерлага.
Высьветлілася, што крымінальная справа на братоў Барбашынскіх была распачатая ўжо 20 сакавіка, на наступны дзень пасьля інцыдэнту з брутальным затрыманьнем. Сьледчая Машко пасьпела сабраць усе неабходныя дакумэнты літаральна за некалькі гадзінаў.
«Прайшло амаль тры месяцы пасьля таго выпадку. Раптам мяне выклікаюць у аддзел і „зачыняюць“ на трое сутак па 108-м артыкуле Крымінальнага-працэсуальнага кодэксу (затрыманьне з прычыны непасрэдна ўзьніклага падазрэньня ва ўчыненьні злачынства).
Больш дадому я не вяртаўся. Пасьля проста этапавалі ў Жодзіна. Тое ж самае адбылося і з братам. Яшчэ ў Слуцку пры мне сьледчы зайшоў у кабінэт да галоўнага пракурора, яны нешта ўзгаднілі, і мяне павезьлі па этапе», — апавядае Іван.
Усяго са жніўня адбылося 8 судовых пасяджэньняў у справе Барбашынскіх. З хадайніцтва адвакаткі Юліі Станкевіч крымінальная справа ў дачыненьні да Ігара была спыненая празь ягоную раптоўную сьмерць у СІЗА.
«Нявеста даслала мне звычайны ліст, дзе распавядала пра паўсядзённае жыцьцё. А напрыканцы прыпіска чорным колерам — „Ігарка больш няма. Трымайся“. У галаве зазьвінела пранізьліва так, цела анямела... Мяне падтрымаў аднакамэрнік, супакойваў увесь час. Я папрасіў, каб адвялі да апэратыўніка. У кабінэце запытаў, што з братам здарылася. А мне ў адказ — „Ня ведаем, ня ведаем. Усё нармальна“», — прыгадвае Іван той дзень.
Калі ліст дайшоў, брата ўжо пахавалі. Гэта было 22 сакавіка.
«Пазьней я чуў, як турэмнікі абураліся: „Хто прапусьціў сюды такі ліст?!“ Яны не хацелі, каб я даведаўся пра сьмерць Ігара. „Адсюль інфармацыя не выходзіць“, — так казалі яны».
Пра ўмовы ў Жодзінскім СІЗА Іван распавядае ахвотна. Ён падкрэсьлівае, што неаднаразова зьвяртаўся па мэдыцынскую дапамогу, быў у кепскім стане — шумела ў вушах, адчуваў павышэньне артэрыяльнага ціску.
«Але мяне проста ігнаравалі. Я пачаў настойліва пытацца ў фэльчара, чаму той не прызначае адэкватнага лячэньня, але адразу ж прыбыла група зь пяці супрацоўнікаў з дубінкамі... Любімы „заспакойлівы“ мэтад турэмнікаў — так званая „расьцяжка“. Такім чынам яны дэманструюць сваю сілу і маральную перавагу. Чалавека ставяць да сьцяны і прымушаюць максымальна шырока расстаўляць ногі. Вельмі балюча, у многіх ірвуцца сухажыльлі».
Барбашынскі заявіў, што мае намер абскардзіць рашэньне суду, бо лічыць сябе невінаватым. «Мы мусім даказаць — Ігара забілі», — сказаў ён.
Вялікае інтэрвію зь Іванам Барбашынскім, у якім былы вязень расказвае пра ўмовы ў Жодзінскім СІЗА, а таксама дзеліцца вэрсіямі сьмерці брата — заўтра на Свабодзе.