Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанчыны-222: Баранавічы. Маці не жадае прадпрымальніцкага лёсу сваёй дачцэ


Яўгенія
Яўгенія

Прадпрымальніца з Баранавічаў Яўгенія гандлюе з 13 гадоў. Некалі верыла ў плённасьць сваёй працы, але сёньня расчараваная і ня зычыць сваім дзецям прадпрымальніцкага лёсу.

У Яўгеніі вялікі павільён на Баранавіцкім рынку. У свае 30 гадоў яна мае бізнэс, які задавальняе патрэбы многіх баранавіцкіх рыбаловаў. Але напачатку дзеля яго даводзілася нават прапускаць школьныя заняткі:

«Калісьці вельмі цяжка жылося. У мамы сяброўка была на рынку, я хадзіла да яе прадавачкай. Пачала прадаваць дэкаратыўных пацукоў, потым з пацукоў перайшла на хамячкоў, потым быў столік — кармы для жывёлаў, усялякія хаткі... Аднойчы паклікалі працаваць прадавачкай у краме рыбацкіх прыладаў, мне тады было гадоў 15–16. Ну, а ўрэшце так склалася, што чалавек не захацеў сам гандляваць, і я стала працаваць на сябе», — распавядае Яўгенія пра тое, як пачынала свой бізнэс.

Паміж справай і дзецьмі

Яўгенія кажа, што для жанчыны прадпрымальніцтва — занятак, які можа перашкаджаць сям’і:

«Прайшла шмат — і агонь, і ваду... І ў Маскву цяжарная езьдзіла. Дзеці самі па сабе гадаваліся, асабліва першая дачка...

Гэта самае крыўднае, што дзіця само расло. Цяпер, калі прайшло шмат гадоў, старэйшаму дзіцяці 11, глядзіш на гэта — шкада... Вельмі часта задумваюся, што другому дзіцяці дала болей, чым першаму. Але, зь іншага боку, думаю, што тады не было б у дзіцяці ровара, ролікаў, канькоў... Жывеш жа дзеля каго? Дзеля дзяцей».

У краме Яўгеніі на Баранавіцкім рынку можна набыць вуды, прынады для рыбаловаў, паляўнічую амуніцыю, вопратку для аматараў рыбалоўства і паляваньня.

Яўгенія кажа, што пачынала з аднаго павільёна, але потым месца спатрэбілася болей, таму плошчы пашырыліся. За апошнія два месяцы сплаціла больш як 8 мільёнаў рублёў арэнднай платы і падаткаў.

Ня рынкам адзіным

«Сёньня думаю, магчыма, трэцюю частку павільёна трэба зачыніць», — мяркуе суразмоўніца. І дадае, што сваім дзецям такой долі не пажадае:

«Старэйшая дачка вучыцца ў пятай клясе і кажа, што хоча як я... Дарэчы, гэта было ня так даўно, я зь ёй пагутарыла, растлумачыла, што рынак — гэта ня выйсьце, не варыянт. Дзіця ж цудоўна бачыць, як я часам хаджу, як калю ўколы дома, не магу падняцца з ложка... Растлумачыла, што на цяперашні момант — гэта асабліва цяжка.

Кажу — не, навучайся, вучы замежныя мовы. Трэба вучыцца ня дзеля рынку, а каб дзесьці прыкласьці свае здольнасьці».

На пытаньне пасьля гэтых словаў, ці параіла б суразмоўніца свайму дзіцяці зьехаць у іншую краіну, Яўгенія распавяла, што такі варыянт разглядала б у апошнім выпадку. Лічыць, што трэба трымацца радзімы нават у самыя цяжкія часы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG