Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі людзі захочуць працаваць, то будуць», — банкрутуюць калгасы нават у аграгарадках


Фэрма ў Кукаве Ганцавіцкага раёну
Фэрма ў Кукаве Ганцавіцкага раёну

Савет Міністраў апублікаваў сьпіс 102 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў-банкрутаў. На Берасьцейшчыне найбольш калгасаў, у дачыненьні якіх мяркуецца прымяніць працэдуру банкруцтва, у Ганцавіцкім раёне.

Чатыры гаспадаркі тут прызнаныя эканамічна недзеяздольнымі — ААТ «Дубнякі», «Любашава», «Адраджэньне» і СВК «Крышылавічы».

«Дубнякі» і «Любашава» наведалі журналісты Свабоды.

Кукава: аграгарадок з калгасам-банкрутам

Сельскагаспадарчае прадпрыемства «Дубнякі» знаходзіцца ў вёсцы Кукава Ганцавіцкага раёну. Кукава — параўнальна вялікая вёска з амаль 570 жыхарамі, разьмешчаная ў 12 кілямэтрах ад райцэнтру, лічыцца аграгарадком.

Крама ў Кукаве
Крама ў Кукаве

Тутэйшыя ўжо ведаюць, што мясцовы калгас — банкрут. У краме пра гэта журналістам расказалі прадавачкі:

«Я ў гэтым калгасе прарабіла 20 гадоў. І што вы думаеце — уся прадукцыя забіраецца і за капейкі прадаецца. Збожжа — па 16 капеек, а хлеб — па 80. Няўжо калгасы могуць выжыць? Вось скажыце? Мінэральная вада каштуе даражэй, чым малако... У нас жа і добрая фэрма новая пабудаваная, проста калгас выжыць ня можа пры такіх цэнах, задушылі», — скардзіцца прадавачка, былая работніца сельгаспрадпрыемства.

У савецкія часы калгас у Кукаве называўся «Сьветлы шлях», аднак цяпер сьвятла ў будучыні гаспадаркі не відаць, кажуць мясцовыя жыхары:

«І раён такі слабенькі, а куды падзецца людзям? У нас не старое насельніцтва, маладых яшчэ шмат. І пабудавана ж столькі дамкоў ды ўсяго. Многія дамкі калгас аддаў людзям на продаж, бо, відаць, ня мог плаціць крэдыты за іх будаўніцтва», — кажа жыхарка Кукава.

Кукава мае статус аграгарадка і разьмешчана ў 12 кілямэтрах ад Ганцавічаў
Кукава мае статус аграгарадка і разьмешчана ў 12 кілямэтрах ад Ганцавічаў

Работнікі лічаць, што праблем гаспадарцы дадала далучэньне сельгаспрадпрыемства вёскі Нач, якое адбылося ў 2012 годзе. СВК «Агра-Нач» мела найменшую ўраджайнасьць збожжавых культур у раёне і самыя малыя надоі малака ў краіне, пра што казаў нават старшыня райвыканкаму Аляксандар Саланевіч. У часе далучэньня «Агра-Начы» да «Дубнякоў» выявілася, што ў калгасе вёскі Нач зьнік статак кароў — недалічыліся больш як 180 галоў.

«Прымусілі ўзяць тую Нач, нашто яно яму было? Там, лічы, збанкрутаваў калгас, а наш старшыня ўзяў з усімі даўгамі», — кажуць жыхары Кукава.

Нягледзячы на праблемы калгаса «Дубнякі», жыхары Кукава хваляць дырэктара гэтай гаспадаркі Ўладзімера Грыгарана:

«Уладзімер Ваганавіч прапрацаваў усё жыцьцё старшынём. Яго ўзнагароджваў сам прэзыдэнт. У нас ужо недзе 16 гадоў. Гэты калгас быў ужо дабіты, ён узяў ды адразу падняў».

На фэрме ў Кукаве
На фэрме ў Кукаве

Фэрма ў Кукаве — пры дарозе. Досыць дагледжаная, з новым асфальтаваным падʼездам. Работнікі кукаўскай фэрмы кажуць, што ня лічаць сваю гаспадарку банкрутам, бо ёсьць у раёне і горшыя:

«Усё нармальна, усе працуюць, заробкі выплачваюцца. Мы атрымліваем ад колькасьці і якасьці малака. Колькі надаіла, столькі і атрымала. Фінансавыя праблемы... У кожнай гаспадарцы раёну такія праблемы. А што паставілі на банкруцтва — гэта ж ня значыць, што ўжо банкрут. Банкруты толькі таму, што крэдыты — вось новую даільную залю пабудавалі, новы цялятнік, сховішча для гародніны... Кожны год нешта будуецца. Спадзяёмся, што стане ўсё на месца, бо ёсьць жа калгасы і горшыя. Ёсьць такія, што і палку не прыбілі, нічога не будавалі, вось яны выжываюць. А гэта ж за год не акупіцца, калі пабудавалі новае».

Любашава: калгас-банкрут пад самымі Ганцавічамі

Вёска Любашава знаходзіцца зусім побач з раённым цэнтрам. Тут аднайменнае сельгаспрадпрыемства, якое таксама трапіла ў сьпіс банкрутаў, апублікаваным Саветам Міністраў. Калгас займаецца вырошчваньнем збожжавых культур, рапсу, сьвінагадоўляй, мясной і малочнай вытворчасьцю.

Вёска Любашава — фактычна ў прыгарадзе Ганцавічаў
Вёска Любашава — фактычна ў прыгарадзе Ганцавічаў

Гаспадарка будуе новыя памяшканьні фэрмы і таксама мае запазычанасьці.

Загадчык фэрмы ў Любашаве — малады Міхаіл Піваварчык з Ганцавічаў. Ён кажа, што ня мог знайсьці працы з сваёй эканамічнай адукацыяй, таму падвышаў кваліфікацыю для працы ў сельгаспрадпрыемстве. Спадар Міхаіл думае, што фінансавыя цяжкасьці прадпрыемства ўзьнікаюць таму, што калгас імкнецца будаваць, разьвівацца:

«Я працую тут толькі другі год. Але, калі вы пабачылі, то нават у цяжкіх фінансавых умовах мы імкнёмся нешта будаваць, рэканструяваць. Летась першы кароўнік пераабсталявалі. Вельмі шмат грошай цягне Сукач (суседняя вёска, дзе таксама разьмяшчаецца ААТ „Любашава“. — РС), там вялікі крэдыт. Там будавалі новы кароўнік, новую даільную залю. А цяпер узялі яшчэ крэдыт, будуем другі кароўнік, гэта ж таксама капейчына. Але, пакуль не было такога, каб затрымліваўся заробак. А наконт банкруцтва — я ня думаю, што гэта добрая ідэя. Мы цягнем самі сябе, нам зараз не даюць ніякіх датацыяў, нічога. Надоі на карову ў мяне на фэрме крыху падняліся нават, мы ў плюсе ў параўнаньні зь мінулым годам. Калі нас зачыняць, то я ня думаю, што ў нас хопіць маёмасьці, каб, распрадаўшы, пакрылі тыя страты, крэдыты».

Фэрма ў Любашаве
Фэрма ў Любашаве

Міхаіл Піваварчык мяркуе, што ўсё ж гаспадарку не закрыюць, а знойдуць іншае выйсьце з сытуацыі.

Работніцы фэрмы, якія выходзілі з тэрыторыі, былі нешматслоўнымі, спаслаліся, што сьпяшаюцца на абед. Але прагаварыліся, што спадзяваньні ў іх ня самыя добрыя:

«Ужо пагаворваюць, што будзем працаваць зь 9 да 14. Каб не скарачаць, зробяць, мусіць, так... Заробак плаціўся рэгулярна, але ўжо ў канцы месяца».

Дырэктар ААТ «Дубнякі»: «Такі калгас раскідаць, гэта ж грэх!»

Кіраўнік кукаўскай гаспадаркі Ўладзімер Грыгаран пацьвярджае, што у цяжкае становішча калгас прывялі крэдыты. Але старшыня запэўніў, што ніхто прадпрыемства раскідаць ня будзе:

«Трэба было яшчэ два гады таму санацыю абʼявіць, каб адтэрмінаваць крэдыты, якія мы бралі на будаўніцтва. Але крыху памылка выйшла, што вялікія працэнтныя стаўкі былі — замест 4-5 працэнтаў выйшла 37, а ў канцы ўжо 51 працэнт. Але мы не зьбіраемся ліквідоўваць калгас. Проста нам трэба адтэрмінаваць крэдыты, каб выйсьці са становішча. А так мы плаціць здольныя, выручкі хапае, каб пакрываць усе нашы страты. У нас людзей хапае, спэцыялістаў хапае, ніхто не зьбіраецца калгас раскідаць. Вы што, такі калгас раскідаць, гэта ж грэх! Я нават і ня думаю аб гэтым. Я і раней прасіў, каб адтэрмінавалі гэтыя крэдыты хаця б на два гады. Мы б выйшлі са становішча, і ніякіх праблемаў не было б».

Мясцовыя ўлады: «Калі людзі самі захочуць працаваць, то будуць працаваць»

Старэнькі грузавік у Кукаве
Старэнькі грузавік у Кукаве

Кіраўніцтва Ганцавіцкага райвыканкаму мяркуе, што ў выпадку з чатырма прадпрыемствамі, абвешчанымі Саветам Міністраў банкрутамі, да ліквідацыі гэтых гаспадарак ня дойдзе.

Як апавёў журналістам газэты «Ганцавіцкі час» старшыня райвыканкаму Аляксандар Саланевіч, ліквідацыя можа быць толькі ў тым выпадку, калі прадпрыемства ня справіцца з санацыяй (сыстэма мерапрыемстваў, скіраваных на паляпшэньне фінансавага стану прадпрыемства. — РС):

«Ніхто не гаворыць зараз пра ліквідацыю. Указ прэзыдэнта дае магчымасьць санавацца. І калектывы павінны задумацца і выкарыстаць гэтую магчымасьць. Гэта вельмі добрая магчымасьць — пачаць працу з чыстай старонкі. Калі людзі самі захочуць працаваць, то будуць працаваць», — сказаў старшыня Ганцавіцкага райвыканкаму.

«Прэзыдэнцкія» дамкі ў Кукаве
«Прэзыдэнцкія» дамкі ў Кукаве

Экспэрт: «Ня будзе прыватнай уласнасьці — будзе надалей безгаспадарчасьць і страты»

Эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка так пракамэнтаваў Свабодзе сытуацыю ў сельскай гаспадарцы:

«Сельская гаспадарка ў нас у большай частцы стратная. Тут справа зусім не ў закупачных цэнах, але таксама размова вядзецца і пра канкурэнцыю. Ідуць патокі расейскіх тавараў. Нашы продажы на расейскім рынку падаюць. І гэта натуральна, паколькі расейцы пасьля ўвядзеньня харчовага эмбарга перайшлі на самазабесьпячэньне харчамі. Таму тут трэба выкручвацца. А тое, што тычыцца рэфармаваньняў у сельскай гаспадарцы, дзеяньняў па павышэньні эфэктыўнасьці, то тут галоўная задача і праблема — увядзеньне прыватнай уласнасьці. Рэальная прыватная ўласнасьць для ўсіх субʼектаў гаспадараньня прывядзе да таго, што праца будзе весьціся ў інтарэсах уладальнікаў. Колькасьць стратных гаспадарак скароціцца сама па сабе. Таму тут галоўнае — прыватная ўласнасьць. Ня будзе яе — будзе надалей безгаспадарчасьць і страты».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG