Як чакаецца, чэргі ў паліклініках паменшаюць з 1 лютага, калі прыватным арганізацыям аховы здароўя ў Беларусі дазволяць выдаваць лісткі непрацаздольнасьці.
Сумесная пастанова Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі ад 30 кастрычніка 2015 году № 107/67 «Аб некаторых пытаньнях выдачы і афармленьня лісткоў непрацаздольнасьці і даведак аб часовай непрацаздольнасьці» апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Раней выдаваць лісткі непрацаздольнасьці мелі права толькі дзяржаўныя і ведамасныя арганізацыі аховы здароўя. У новай рэдакцыі ёсьць і пералік установаў, якім дазваляецца даваць бальнічныя лісткі і даведкі аб часовай непрацаздольнасьці.
Да іх адносяцца бальніца, шпіталь, мэдсанчастка, дыспасэр, радзільня, паліклініка, амбуляторыя, клініка, пратэзна-артапэдычны цэнтар, мэдычны навукова-практычны цэнтар, рэабілітацыйны цэнтар, здраўпункт, фэльдчарска-акушэрскі пункт.
Таксама прыватныя цэнтры могуць даваць даведкі аб непрацаздольнасьці дарослым, якія даглядаюць хворае дзіця.
Паводле новай інструкцыі, выдаваць бальнічныя змогуць лекары, якія вядуць кансультацыйны прыём, лекары прыёмных аддзяленьняў бальніц, дыягнастычных цэнтраў і цэнтраў спартовай мэдыцыны.
Прыватныя мэдыцынскія цэнтры, якія праводзяць высокатэхналягічныя апэрацыі, аказваюць прафэсійную мэдыцынскую дапамогу, дзе працуюць прафэсары, кандыдаты навук, дамагаліся права выдаваць бюлетэні сваім пацыентам цягам многіх гадоў. І працівілася зусім не Міністэрства аховы здароўя, кажа аглядальніца па пытаньнях мэдыцыны газэты «Народная воля» Марыя Эйсмант:
«Наколькі я памятаю, яшчэ ў 2008 годзе „Экамэдсэрвіс“ падаваў такую заяўку, каб цэнтру дазволілі выдаваць бальнічныя лісткі. Але ім тады адмовілі. Дарэчы, Міністэрства аховы здароўя актыўна падтрымлівала прыватнікаў. Як я разумею, супраць выступала Мінпрацы, таму што лісткі непрацаздольнасьці — гэта ж фінансавыя дакумэнты, і трэба з Фонду сацыяльнай абароны людзям аплачваць гэтыя лісткі. Мне падалося, што якраз Міністэрства аховы здрароўя не было супраць, і сёньня на прэсавай канфэрэнцыі першы намесьнік міністра Дзьмітры Піневіч асьцерагаўся, што ня ўсё пагодзяцца, казаў: „Паглядзім, якія цэнтры пойдуць нам насустрач, ці пачнуць яны з 1 лютага выдаваць бальнічныя лісты“. На яго думку, дастаткова двух тыдняў, каб падрыхтавацца для выдачы бальнічных. І гэта могуць рабіць ня толькі буйныя прыватныя мэдцэнтры, такія, як „Нардзін“, „Ладэ“, „Экамэдсэрвіс“, „Новы зрок“, але і меншыя».
Гэта права саміх камэрцыйных мэдычных цэнтраў — выдаваць ці не выдаваць бальнічныя
Першы намесьнік міністра аховы здароўя Дзьмітры Піневіч паведаміў, што на сёньня ў Беларусі 1700 прыватных мэдычных цэнтраў, і кожны зь іх можа выдаваць бальнічныя лісты. Гэта права саміх камэрцыйных мэдычных цэнтраў — выдаваць ці не выдаваць бальнічныя. Прадстаўнікі камэрцыйных цэнтраў пакуль ніяк не камэнтуюць пастанову, маўляў, яшчэ няма тлумачэньняў зь Міністэрства аховы здрароўя.
Дзьмітры Піневіч патлумачыў, што ніякай дадатковай ліцэнзіі на гэтую паслугу браць ня трэба. Трэба толькі, каб лекары прайшлі вучобу ў Беларускай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі, і павінны быць лекары, якія ўваходзяць у склад лячэбна-кансультацыйнай камісіі.
Адзінае, што не дазваляюць камэрцыйным цэнтрам —даваць накіраваньні на лячэньне ў санаторыі і спэлеялячэбніцы.
І Міністэрства аховы здароўя, і пацыенты спадзяюцца, што гэта ў першую чаргу разгрузіць паліклінікі і аблегчыць жыцьцё пацыентам, якія самі аплачваюць паслугі мэдыкаў са сваёй кішэні, пры гэтым маючы шмат нязручнасьцяў.
Спадарыня Тацяна рабіла апэрацыю на вока ў камэрцыйным цэнтры, і ў той жа дзень пасьля апэрацыі ёй давялося ісьці ў сваю паліклініку па месцы жыхарства да афтальмоляга:
«Бальнічны ліст трэба атрымаць у той самы дзень, калі зрабілі апэрацыю. А там бабулі скандаляць, інваліды, хтосьці ідзе без талёнаў, каб закрыць бальнічны. І, канечне, чалавек пасьля апэрацыі атрымлівае яшчэ дадатковы стрэс ад кантактаў з чаргой у паліклініцы. Канечне, калі дазволяць бальнічныя выдаваць камэрцыйным цэнтрам, гэта і разгрузіць паліклінікі, і пойдзе на карысьць людзям, якія лечацца ў камэрцыйных цэнтрах і асабліва калі робяць там апэрацыі».