Сёньня ў Андрэя Семіліта з украінскага горада Чаркасы, які лечыцца ў Гомелі ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры радыяцыйнай мэдыцыны і экалёгіі чалавека, дзень народзінаў — яму споўнілася чатыры гады.
Павіншаваць Андрэйку прыехалі з Чаркасаў бацька Антон зь дзедам Анатолем. Родным было прыемна даведацца, што ў Беларусі на выходных прайшла акцыя падтрымкі Андрэйкі — у Гомелі, Менску, Бабруйску, Слоніме, шэрагу іншых гарадоў сотні школьнікаў ды іх бацькоў адгукнуліся на бяду, пачалі шыць прывабных сьнегавічкоў, падобных да тых, што пачаў вырабляць са сваёй маці хворы хлопчык, каб такім чынам зарабіць грошы на лекаваньне цяжкага захворваньня.
Вось што кажа на падтрымку беларусаў маці Андрэя, Алена Семіліт:
«Гэта вельмі вялікая дапамога. Людзі так адгукнуліся, што ніхто з нас ня мог паверыць, што столькі людзей. Усім вялікі і моцны дзякуй за падтрымку, за цёплыя словы, за сёньняшнія віншаваньні Андрэйкі. Шмат людзей тэлефанавалі, віншавалі. Прыходзілі нават павіншаваць у радыяцыйны цэнтар. Яшчэ раз усім — вялікі дзякуй!»
Прымаць віншаваньні маці Алена альбо блізкія сябры, якія апякуюцца Андрэем, выходзілі з аддзяленьня ў тутэйшую кавярню. Самому Андрэйку цяпер складана вырабляць сьнегавічкоў — у яго значна панізіўся ўзровень лейкацытаў у крыві, а замовы на выраб сьнегавічкоў паступілі з Аўстраліі, ЗША, Канады, Нямеччыны, Польшчы. Таму беларусы і дапамагаюць украінскаму хлопчыку, які апынуўся ў складанай жыцьцёвай сытуацыі.