Беларускі бізнэсовец Міхаіл Сітнік, адзін з кіраўнікоў кампаніі «ІмобіленІнвэст» і бацька пераможцы дзіцячай «Эўравізіі» Ксеніі Сітнік затрыманы ў сувязі са злоўжываньнем службовым становішчам і крадзяжом 900 тысяч рублёў, піша Tut.by са спасылкай на ўласныя крыніцы.
Паводле неафіцыйных зьвестак, Міхаіл Сітнік быў затрыманы на мінулым тыдні. Прадстаўнік Камітэту Дзяржкантролю не пацьвердзіў Tut.by імя затрыманага, але пацьвердзіў расейскім СМІ. У КДК расказалі Tut.by, што два чалавекі прызнаныя падазраванымі ў крымінальнай справе аб крадзяжы праз злоўжываньне службовым становішчам 900 тысяч рублёў (ч. 4 арт. 210), адзін з падазраваных узяты пад варту. Тэлефоны Сітніка недасяжныя.
Справа «ІмобіленІнвэсту» зьвязаная з будаўніцтвам фізкультурна-аздараўленчага комплексу на менскай вуліцы Рафіева — адны і тыя ж памяшканьні ў комплексе «фактычна прадаваліся па некалькі разоў розным асобам», высьветліла міліцэйская праверка. Пры праектнай плошчы 5 тысяч м² былі заключаныя дамовы на рэалізацыю памяшканьняў на 7,3 тысячы м². Будаўніцтва комплексу зацягнулася: яго мусілі здаць у кастрычніку 2015 году, але не адкрылі дагэтуль.