Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бабры не рабы»: у Бабруйску сабраўся мітынг «недармаедаў»


«Марш недармаедаў» у Бабруйску 12 сакавіка
«Марш недармаедаў» у Бабруйску 12 сакавіка

У Бабруйску людзі пачалі зьбірацца на акцыю пратэсту супраць «дэкрэту пра дармаедаў».

На плошчы Леніна некалькі соцень людзей. Лідэраў і арганізатараў пакуль няма. Бабруйчане скардзяцца журналістам на кепскі эканамічны стан: скарачэньні, «драконаўскія законы», «людзі зьязджаюць за мяжу», «фактычнае прыгоннае права».

Людзі абураныя тым, што іх прымушаюць плаціць за «дармаедзтва», у той час як падаткі ўжо ўключаныя ў кошт тавараў і паслуг. Адна жанчына заявіла, што цяпер жывецца «горш, чым пасьля вайны».

Большасьць плякатаў, якія прынесьлі людзі на акцыю пратэсту супраць дэкрэту №3 у Бабруйску, тычацца эканамічнага стану: «Праз дэкрэты і налогі хутка ўсе працягнем ногі», «Не дэкрэту №3», «Заплаці падаткі і сьпі галодным», «Разам – мы сіла», «Дэкрэту – не, рабоце – так».

Людзі расказваюць журналістам пра тое, што іх турбуе: маленькія пэнсіі, высокая сьмяротнасьць ад анкалёгіі, немагчымасьць уладкавацца на працу, платныя мэдыцынскія паслугі, хлусьня ў СМІ. Усе згодныя, што «ўладу трэба мяняць». Пэрыядычна людзі скандуюць: «Нет декрету №3, Лукашенко, уходи!», «Сыходзь!» і «Свабоду!».

«Людзі, якія не цікавяцца палітыкай, выходзяць на вуліцу ва ўсіх гарадах Беларусі, каб выконваліся нашыя правы. Мы прытрымліваемся Канстытуцыі. Заклікаю скандаваць непалітычны лёзунг „Баста!“, — прамаўляў былы палітвязень Яўген Глаголеў-Васьковіч. — Хутка з нас будуць драць за тое, што мы проста ходзім на зямлі Беларусі».

«90 % людзей, незалежна ад таго, працуюць яны ці не, хочуць зьвяржэньня гэтай улады. Мы не апазыцыя, тут няма апазыцыйных лідэраў. Мы звычайныя людзі, якія проста змагаюцца за свае правы. Уладам не падабаецца бел-чырвона-белы сьцяг, то давайце выходзяць з чырвона-зялёным, каб паказаць, што мы не апазыцыя», — прамаўляе пратэстоўка.

Таксама людзі на акцыі скардзяцца, што на бабруйскім прадпрыемстве «Бабушкіна крынка» сказалі, што будуць звальняць усіх, хто выйдзе на акцыю. Студэнтам пагражаюць адлічэньнем.

Над пратэстоўцамі ў Бабруйску лётае дрон. Глаголеў-Васьковіч лічыць, што ён налеыжыць праваахоўным органам: «Глядзіце, гэта нашыя грошы лётаюць, улады баяцца нас».

Жанчына ў Бабруйску плача, яна ня ведае, як жыць далей: «У мяне гістэрыка! Лукашэнка павінен сесьці ў падумаць, як нам жыць. У 90-я гады было нашмат лепш. Я столькі год жыву ў гэтым горадзе, але так кепска ніколі не было. Я ня ведаю, як жыць далей».

Людзі скардзяцца на тое, што «рвуцца сем’і», што вымушаныя працаваць за мяжой:

«Гэтая ўлада павінна мне заплаціць 360 рублёў, бо я ня бачыў, як рос мой сын, як старэла мая жонка. Нам па тэлебачаньні паказваюць, як дзяржава клапоціцца пра сям’ю, але насамрэч сем’і распадаюцца, бо людзі павінны разлучацца, каб зарабіць на хлеб», — абураецца адзін з пратэстоўцаў.

«Я хачу, каб мой муж жыў са мной. А не ў іншай краіне на заробках. Мне прыслалі «ліст шчасьця», таму што я сяджу дома з двума дзецьмі. Мая мама працуе на пэнсіі, атрымлівае 200 рублёў. Мы сядзім і чакаем мужчын, гадаем, ці прывязуць грошы», — кажа жанчына зь дзіцём.

***

На 12 сакавіка ў трох беларускіх гарадах анансаваныя «Маршы недармаедаў»: у Бабруйску а 12-й на плошчы Перамогі, у Воршы а 13-й на Цэнтральнай плошчы, у Рагачове а 16-й у цэнтры гораду. Свабода правядзе жывыя трансьляцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG