Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Воршы і Бабруйску — ператрусы і затрыманьні напярэдадні «Маршу недармаедаў»

абноўлена

«Марш недармаедаў» у Берасьці, ілюстрацыйнае фота
«Марш недармаедаў» у Берасьці, ілюстрацыйнае фота

Раніцай 12 сакавіка ў Воршы пачаліся ператрусы ў кватэрах актывіста Канстанціна Анташкевіча і журналіста «Радыё Рацыя» Арцёма Сізінцава.

Таксама ў Воршы быў затрыманы аршанскі актывіст Ігар Грышанаў. Ягоную машыну спынілі на запраўцы супрацоўнікі міліцыі і загадалі ехаць у гарадзкі аддзел. Напярэдадні яго выклікалі «на ноч» у пастарунак нібыта ў пытаньні газыфікацыі вёскі Стаўры, дзе ён быў старэйшынам. Але Грышанаў адмовіўся ісьці ў міліцыю бяз позвы. Андрэй Дзьмітрыеў паведаміў, што ў Воршы затрыманы лідэр рэгіянальнай арганізацыі «Гавары праўду!» Ігар Грышанаў.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», затрымліваюць журналіста «Нашай Нівы» Сяргея Гудзіліна і журналістку БелаПАН Адар’ю Гуштын. Апошняя паведамляла, што за ёй ходзіць «асабісты канвой» зь «людзей у цывільным».

У Воршы таксама затрыманы рэдактар інтэрнэт-выданьня «Народныя навіны Віцебска» Сяргей Серабро — ён перадае, што «міліцыя забрала пашпарты» ў яго і журналістаў парталу Tut.by.

Таксама «Вясна» паведамляе, што ў неназваным месцы затрыманы берасьцейскі блогер Дзьмітры Гарбуноў, у Кобрыне — актывісты Алесь Мех зь сябрам Васілём Андраюком, у Берасьці — блогер Сяргей Пятрухін.

У Бабруйску затрыманая прафсаюзная актывістка Галіна Сьмірнова, паведамляе яе муж.

Актывістку Валянціну Ігнаценку заблякавалі дома — міліцыя хоча ўвайсьці ў хату, актывістка не адчыняе дзьверы. На адрас, дзе прапісаны рэдактар рэгіянальнага сайту orsha.eu Ігар Казьмярчак, прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Міліцыя дзяжурыць каля дому, дзе жыве актывіст Партыі БНФ Віталь Паўлаў.

Пра ператрусы паведаміў Свабодзе Ігар Казьмярчак. Ён зьвязвае іх з тым, што 12 сакавіка а 13 гадзіне ў Воршы анансаваная акцыя пратэсту супраць дэкрэту «аб дармаедах». Офіс Аршанскай кааліцыі дэмакратычных сілаў яшчэ 6 сакавіка бралі ў аблогу міліцыянты — быццам да іх «паступіў сыгнал», нібыта ў нас займаюцца вырабам фальшывых грошай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG