Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асьвенцім: памяць і палітыка


Былы вязень канцэнтрацыйнага лягера Аўшвіц Ігар Маліцкі на мерапрыемстве, прысьвечаным 70-годзьдзю вызваленьня лягера
Былы вязень канцэнтрацыйнага лягера Аўшвіц Ігар Маліцкі на мерапрыемстве, прысьвечаным 70-годзьдзю вызваленьня лягера

Захады ў гонар 70-годзьдзя вызваленьня Асьвенціма азмрочаныя палітычнымі спрэчкамі.

27 студзеня адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту. Менавіта ў гэты дзень у 1945 годзе савецкія войскі вызвалілі вязьняў лягера сьмерці Аўшвіц (Асьвенцім) на тэрыторыі Польшчы. У якасьці мэмарыяльнай даты 27 студзеня абрала Генэральная Асамблея ААН на пасяджэньні, якое адбылося 1 лістапада 2005 году. У гэтым годзе мэмарыяльныя мерапрыемствы носяць асаблівы характар: спаўняецца 70 гадоў з дня вызваленьня самага страшнага з нацысцкіх лягераў, а яшчэ празь некалькі месяцаў сьвет будзе адзначаць 70-годзьдзе заканчэньня другой сусьветнай.

Цяперашняя гадавіна вызваленьня Асьвенціма і прысьвечаныя ёй мерапрыемствы ў Польшчы нечакана выклікалі мноства спрэчак і ўзаемных абвінавачваньняў палітыкаў, якія тычацца сыстэмы запрашэньня гасьцей на гэтыя мэмарыяльныя акцыі. Іх арганізатары, а гэта ня ўрад або прэзыдэнт Польшчы, а дзяржаўны музэй Аўшвіц-Біркенаў і Міжнародная рада Асьвенціма, вырашылі не дасылаць нікому, акрамя былых вязьняў канцлягера, пэрсанальных запрашэньняў. Так што кожная краіна, якая выказала б жаданьне прыняць удзел у мерапрыемствах, сама павінна вырашыць, каго накіраваць у Польшчу.

«Аб мерапрыемствах былі праінфармаваныя дыпляматычныя прадстаўніцтвы краінаў Эўразьвязу і дзяржаў, якія падтрымліваюць фонд Аўшвіц-Біркенаў. Сярод іх — Расея, Ізраіль, Канада, ЗША, Турцыя і Ватыкан», — паведаміў прадстаўнік прэс-службы музэя Павел Савіцкі.

Паводле яго слоў, у Асьвенцім могуць прыехаць таксама прадстаўнікі любой іншай дзяржавы, якая выказала такое жаданьне.

Аднак, калі зьявілася інфармацыя пра тое, што ў прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна на 27 студзеня візыт у Асьвенцім не заплянаваны, і ў Расеі, і ў самой Польшчы пачалася ажыўленая дыскусія — чаму не запрасілі (хоць асабіста нікога з палітыкаў не запрашалі), ці чаму Пуцін сам не захацеў прыляцець. Не атрымалася ў гэтай сувязі пазьбегнуць і напамінаў пра ўкраінскі крызіс.

Былыя вязьні Асьвенціму пад брамай з надпісам «Праца робіць свабодным»
Былыя вязьні Асьвенціму пад брамай з надпісам «Праца робіць свабодным»

У інтэрвію першай праграме Польскага радыё міністар замежных спраў Гжэгож Схетына ў адказ на працытаваны журналістам заклік былога вядомага дзеяча польскага антыкамуністычнага руху Карнэля Маравецкага запрасіць Уладзімера Пуціна на гэтыя мерапрыемствы, паколькі «Расея зьяўляецца пераемнікам дзяржавы, якая называлася Савецкі Саюз, а гэта Чырвоная армія, што ні кажы, адкрыла вароты Аўшвіца», заявіў наступнае:

— А можа, правільней сказаць, што гэта Першы ўкраінскі фронт, што гэта ўкраінцы вызвалялі? Бо ў той студзеньскі дзень там былі ўкраінскія салдаты, і яны адкрывалі вароты, і яны вызвалялі лягер.

Разгарэўся скандал. Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў назваў заяву Схетыны блюзьнерскай і падкрэсьліў, што «Асьвенцім вызваляла Чырвоная Армія. Там былі рускія, украінцы, чачэнцы, татары, грузіны. Спрабаваць гуляць на нейкіх нацыяналістычных пачуцьцях ў гэтай сытуацыі абсалютна па-блюзьнерску і цынічна».

Пікет пад пасольствам Польшчы ў Маскве, выліканы выказваньнямі Гжэгажа Схятыны
Пікет пад пасольствам Польшчы ў Маскве, выліканы выказваньнямі Гжэгажа Схятыны

Кіраўнік польскага МЗС патлумачыў журналістам, што хацеў толькі нагадаць пра інтэрнацыянальны склад Чырвонай арміі і паабяцаў у будучыні «выказвацца больш дакладна»:

«Гэта сур’ёзнае пытаньне. Але мы гаворым пра гісторыю, пра гістарычную праўду. Чырвоная армія вызваліла канцлягер Аўшвіц-Біркенаў, і ўсе мы гэта ведаем. Але ж кожны з салдат Чырвонай арміі меў нацыянальнасьць. Там былі расейцы, украінцы, беларусы, казахі, прадстаўнікі народаў Сярэдняй Азіі — усе былі. І пра гэта трэба гаварыць. Маё выказваньне зусім не было антырасейскім, яно апісвала праўду і гістарычную рэальнасьць тых дзён. Таму мне не зусім зразумелая такая нэрвовая рэакцыя з боку Масквы».
Былыя вязьні Асьвенціму
Былыя вязьні Асьвенціму

Частка польскіх палітыкаў, напрыклад, лідэр посткамуністычнай партыі Саюз левых дэмакратаў, экс-прэм’ер Лешак Мілер, палічылі заявы кіраўніка МЗС краіны недарэчнымі і нават шкоднымі:

«Усе гэтыя антырасейскія фобіі штурхаюць польскіх палітыкаў да незразумелых і інфантыльных паводзінаў. Гэта вельмі небясьпечна для пазыцыі нашай краіны, асабліва ў тым, што тычыцца гандлёвых адносінаў», — заявіў Мілер. Аднак галоўнай праблемай у дадзенай сытуацыі, на яго думку, зьяўляецца тое, што страчаная магчымасьць новай сустрэчы Ўладзімера Пуціна і Пятра Парашэнкі — украінскі прэзыдэнт у Асьвенціме будзе.

У сваю чаргу, прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі ў інтэрвію польскаму грамадзкаму тэлебачаньню (TVP) выказаў перасьцярогу перад палітызацыяй мерапрыемстваў у Аўшвіцы-Біркенаў:

«Трэба зьвярнуць большую ўвагу не на палітычныя спрэчкі, зьвязаныя як з гісторыяй, так і зь бягучымі падзеямі, а на тое, што, хутчэй за ўсё, гэта апошні раз або адзін з апошніх, калі ў мерапрыемствах прымуць удзел у такой колькасьці іх галоўныя героі — некалькі соцень былых вязьняў. І ім трэба аддаць даніну павагі, сярод іншага, шляхам завяршэньня ўсялякіх спрэчак».

Прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі разам з былымі вязьнямі Асьвенціму
Прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі разам з былымі вязьнямі Асьвенціму

У гэтым годзе асноўныя мерапрыемствы пачнуцца ў другой палове дня 27 студзеня каля галоўных варот Аўшвіца. У іх возьмуць удзел 300 былых вязьняў, перш за ўсё з Польшчы і Ізраіля, а таксама Беларусі. У Асьвенцім прыбудуць таксама прадстаўнікі 42 дзяржаў, у тым ліку дзьве каранаваныя асобы і чацьвёра спадчыньнікаў прастолу, а таксама прэзыдэнты Польшчы, Нямеччыны, Францыі і Ўкраіны. Амэрыканскую дэлегацыю ўзначаліць міністар фінансаў Джэк Лью, а расейскую — кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Сяргей Іваноў.

70-годзьдзе вызваленьня Асьвенціма будуць ушаноўваць і ў Чэхіі. 26 студзеня ў Праскім Градзе зьбіраецца міжнародны форум, мэта якога — зьвярнуць увагу на рост антысэмітызму і экстрэмізму ў сьвеце, а днём пазьней спачатку ў Празе, а потым у Тэрэзіне, дзе падчас другой сусьветнай знаходзіўся найбуйнейшы ў Чэхіі канцлягер, міжнародныя прадстаўнікі ўшануюць памяць ахвяраў Галакосту.

Ускладаньне кветак да «Сьцяны сьмерці» ў Асьвенціме
Ускладаньне кветак да «Сьцяны сьмерці» ў Асьвенціме

На праскі міжнародны форум пад назвай «Let My People Live», акрамя тых, хто перажыў Галакост, прыбываюць старшыні парлямэнтаў 30 краінаў, якія падпісалі Тэрэзінскую дэклярацыю. Гэты дакумэнт быў адной з ініцыятыў Чэхіі, калі яна ў 2009 годзе зьяўлялася краінай-старшынёй Эўразьвязу. Асноўны яго сэнс — кампэнсаваць шкоду або па магчымасьці вярнуць нерухомую маёмасьць і прадметы мастацтва, канфіскаваныя ў ахвяраў Галакосту, а таксама захаваць габрэйскія помнікі і архівы. Да Тэрэзінскай дэклярацыі, разам з краінамі Эўразьвязу, далучыліся Беларусь, Расея і Ўкраіна. Празь пяць гадоў пасьля падпісаньня гэтага дакумэнта, зноў у Празе, прадстаўнікі гэтых краінаў хочуць дакрануцца да новых праблемаў, якія ўзьніклі ў апошнія гады.

Пра іх распавядае Серж Цвайгенбаўм, генэральны сакратар Эўрапейскага габрэйскага кангрэсу, які выступіў разам з Эўрапейскім парлямэнтам у ролі арганізатара праскага мерапрыемства:

​«Усе мы ведаем пра напады на габрэяў на працягу апошніх 10 гадоў у Заходняй Эўропе. Гэта пачалося ў Мальмё, у Швэцыі, дзе габрэяў прымусілі пакінуць горад, паколькі яны ўвесь час знаходзіліся пад ціскам. А два гады таму, напрыклад, быў учынены напад на габрэйскую школу ў Тулузе, у выніку чаго загінулі тры школьнікі. Я магу назваць і іншыя прыклады. Гэта тое, да чаго мы, як грамадзяне Эўрапейскага зьвязу, ня можам ставіцца талерантна. У год, калі ў Эўропе ўспамінаюць аб вызваленьні Асьвенціма, нас шакуе той факт, што даводзіцца казаць пра антысэміцкі тэрор. Таму на форуме мы хочам абмеркаваць як заканадаўства ў сфэры абароны ад нападаў, так і палітычны экстрэмізм, зьвязаны з джыхадыстамі, якія, вядома, маюць мала агульнага зь вернікамі мусульманамі. Наша трэцяя тэма — барацьба за дэмакратыю, падмурак Эўропы пасьля Другой сусьветнай вайны».

Другі дзень форуму ўдзельнікі правядуць у Тэрэзіне, куды прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман запрасіў прадстаўнікоў краінаў, якія перамаглі ў Другой сусьветнай вайне. Першапачаткова плянавалася, што ў Прагу ў гэты дзень прыедуць кіраўнікі 14 дзяржаў, у тым ліку ЗША, Францыі, Расеі і Ўкраіны, аднак нарэшце ўдзел пацьвердзілі толькі прэзыдэнт Баўгарыі Расэн Плеўналіеў і Славаччыны — Андрэй Кіска. Замест Уладзімера Пуціна ў Прагу прыяжджае адзін з намесьнікаў старшыні Савета Фэдэрацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG