Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арсэнал Беларусі папоўніўся на 360 ракет — расейцы паставілі С-300ПС


Ракетны комплекс С-300 падчас запуску
Ракетны комплекс С-300 падчас запуску

Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу на нарадзе ў Менску 2 лістапада паведаміў пра заканчэньне мадэрнізацыі і перадачу Беларусі расейскіх ракетных комплексаў С-300ПС.

«Захады, якія робяцца дзеля ўдасканаленьня нясеньня баявога дзяжурства па супрацьпаветранай абароне, дазволяць не дапусьціць парушэньня паветранай прасторы Саюзнай дзяржавы», — заявіў расейскі генэрал.

Чым адрозьніваюцца мадэрнізаваныя комплексы С-300 ад старых? Колькі гэтых комплексаў паступіць на ўзбраеньне ў беларускае войска і як гэта адабʼецца на сыстэме бясьпецы ў рэгіёне?

Карэспандэнт Свабоды задаў гэтыя пытаньні незалежнаму вайсковаму экспэрту Аляксандру Алесіну.

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

— Найперш гэта ня новыя комплексы, а ўжываныя — былі ў карыстаньні, вырабляліся яшчэ ў 1980-я гады мінулага стагодзьдзя. Пра гэтую ўгоду было заяўлена ў 2013 годзе, амаль адначасова, як паведамілі пра магчымую расейскую авіябазу на нашай тэрыторыі. І тады ж было сказана, што 4 дывізіёны С-300 расейскай арміі будуць перададзеныя Беларусі.

Магчыма, гэта тыя ракетныя комплексы, якія знаходзіліся ў супрацьпаветранай абароне Масквы і потым былі замененыя на С-400. То бок Расея здымае С-300 на асабліва важных кірунках, замяняе іх на С-400, і паўстае пытаньне: куды падзець старыя ракеты? Пакупнікі з далёкага замежжа ня надта цікавяцца гэтай зброяй, бо яна занадта старая, і таму іх «шчодрай» рукой перадалі Беларусі. Але Беларусь даўно прасіла і просіць перадаць ёй С-400, дык вось далі з панскага пляча шубу, хоць і паношаную, але адрамантаваную.

Пакупнікі з далёкага замежжа ня надта цікавяцца гэтай зброяй, бо яна занадта старая, і таму іх «шчодрай» рукой перадалі Беларусі

І ўсё ж, улічваючы, што Беларусь прыкрывае Расеі такі важны заходні кірунак, маглі б быць і больш шчодрымі.

— Чым новыя С-300 сталі лепшымі пасьля мадэрнізацыі?

— Заяўленая назва мадэрнізаванага комплексу — С-300ПС. То бок гэта тыя ж ракеты, але самаходныя. ПС, відаць, азначае — «подвижные самоходные». Але ня толькі гэта — і адлегласьць гэтых ракет стала большай. Калі старыя С-300 мелі адлегласьць трапнага пападаньня ў цэль 70 кілямэтраў, дык гэтыя, мяркую, да 100 кілямэтраў, як у С-300М. Пры такой адлегласьці можна заяўляць, што будзем зьбіваць цэлі, якія да нас ляцяць, не над нашай тэрыторыяй, а раней. Гэта важны момант.

Мяркую, гэтыя сыстэмы ня проста адрамантавалі, то бок аднавілі іх рэсурс, але і ўнесьлі зьмены, удасканалілі. Ня думаю, што ўсе працы па мадэрнізацыі выконваліся ў Расеі, улічваючы, што шасі там беларускія, нашага МЗКТ. Можа і яшчэ што рабілі, каб загрузіць нашы прадпрыемствы. Але электронны блёк пэўна мадэрнізавалі ў Расеі.

— І калі комплексы С-300ПС заступяць на баявое дзяжурства?

— Ды ўжо стаяць. Насамрэч тое, пра што заявіў Шайгу, што скончылі мадэрнізацыю, азначае, што скончылі і пастаўкі. Комплексы ўжо на ўзбраеньні Беларусі, імі ўкамплектавалі два палкі СПА па 2 дывізіёны кожны. Яны прыкрываюць заходні і паўночна-заходні кірункі.

Агульная колькасьць ракет не паведамляцца, ёсьць розная колькасьць установак у дывізіёне, але пра яе можна меркаваць. Калі меркаваць па тым, што на кожнай устаноўцы па 4 пускавыя кантэйнэры, дык, мяркую, маем каля 360 пускавых кантэйнэраў. Дадам, што Беларусь у 2007 годзе атрымала ад Расеі такую ж колькасьць дывізіёнаў, і схема была тая самая: Лукашэнка скардзіўся, лаяўся, што не даюць, і ў выніку далі, адрамантавалі і паставілі на баявое дзяжурства. Такім чынам, з 2007 году мы маем ужо 8 дывізіёнаў С-300.

Гэта значна ўзмацніла нашы войскі СПА, бо гэтыя ракеты прыйшлі на зьмену С-125, зусім ужо старым сыстэмам, а таксама дазволілі паступова замяняць імі С-200, таксама даволі старыя сыстэмы. Вось толькі па адлегласьці С-200 большыя за С-300, таму Лукашэнка і просіць ад Расеі С-400. Але пакуль марна.

— На вашу думку, як разьмяшчэньне гэтых комплексаў адабʼецца на сыстэме бясьпекі ў рэгіёне? І наколькі ахвотна Беларусь удзельнічае ў пераўзбраеньні, якое дыктуюць з Масквы?

Ня думаю, што Беларусь будзе набліжаць нейкія свае войскі да межаў

— Хочам ня хочам, але мусім, бо падпісалі дамову аб сумеснай дзяржаве, у нас агульная абаронная прастора. Сяргей Шайгу заявіў, што Расея будзе рэагаваць на павелічэньне актыўнасьці НАТО на заходніх межах Расеі, у нас таксама кажуць пра пэўныя захады, але падкрэсьліваюць, што абарончага характару.

Расея перакідвае на Балтыйскае мора караблі з ракетамі «Калібр», плюс дадаткова будуюць такія караблі. Яшчэ там будуць субмарыны з ракетамі «Калібр». Адлегласьць гэтай ракеты каля 1600 кілямэтраў у звычайным абсталяваньні і 2600 кілямэтраў у ядзерным абсталяваньні. То бок яны могуць пакрываць ня толькі тое, што ў балтыйскім рэгіёне, але і на далёкіх рубяжах Польшчы і далей. Яшчэ яны прывязуць у Калінінград «Іскандэры», а ў адказ на гэта НАТО павялічыць сваю прысутнасьць у краінах Балтыі і Польшчы.

На гэта Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў, што ўсе цэлі, якія будуць пагражаць Беларусі, мы возьмем на прыцэл беларускіх «Палянэзаў». Адлегласьць першай вэрсіі нашага «Палянэза», наколькі вядома, — 200 кілямэтраў, а мадыфікаванага, які нібыта ўжо ёсьць, — 300 кілямэтраў. Збольшага гэтага дастаткова, каб групоўкі, якія разьмешчаныя каля нашых межаў, накрыць шчыльным агнявым паражэньнем. То бок больш напружанай становіцца сытуацыя, калі бакі пачынаюць адзін аднаму пагражаць не заявамі, але наяўнымі сіламі.

Але збольшага ня думаю, што Беларусь будзе набліжаць нейкія свае войскі да межаў. З аднаго боку, відаць, ня хочацца дэманстраваць партнэрам на Захадзе варожае стаўленьне. А другое, — чым бліжэй да межаў, тым большая верагоднасьць трапіць пад удар. Калі раней, чым трэба, наблізіцца і разьмясьціць, дык возьмуць на прыцэл.

Таму, мяркую, разьлічваюць на тое, што сыстэмы мабільныя. Пацэліць у іх цяжка, бо падрыхтоўка да залпу займае якіх 10 хвілін: выехалі на месца, далі залп і зьехалі. І на дадатак у нас ёсьць яшчэ мабільныя сілы, якія пры неабходнасьці могуць закрыць найбольш небясьпечныя кірункі.

— Ці можна казаць, што Беларусь з прычыны пагаршэньня адносін Расеі з краінамі НАТО ўцягваецца ў гонку ўзбраеньняў?

— Так, бо тых жа «Палянэзаў» будзе выраблена больш, больш сродкаў пойдзе на ўзмацненьне мабільных сіл адмысловых апэрацыяў, іх абсталяваньне сучаснай зброяй, сродкамі мабільнасьці. Але пры гэтым, мяркую, больш будуць дзейнічаць праз Расею.

А ў самой Беларусі наўрад ці пачнецца вельмі інтэнсіўная вайсковая дзейнасьць — гэта патрабуе шмат сродкаў, якіх проста няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG