Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маланкі і папялішчы Алеся Наўроцкага


Алесь Наўроцкі — доктар «хуткай дапамогі». 1966 год
Алесь Наўроцкі — доктар «хуткай дапамогі». 1966 год

У брэжнеўскія часы ён публічна пратэставаў супраць карнай псыхіятрыі ў СССР. Пазбаўлены працы і сродкаў для існаваньня, шукаў падтрымкі ў акадэміка Сахарава. Дзесяцігодзьдзямі пісаў «у стол». У «Беларускім кнігазборы» выйшла «Выбранае» пісьменьніка-дысыдэнта Алеся Наўроцкага. Госьцем перадачы — укладальнік кнігі Віктар Жыбуль.

— Віктар, раней вы плённа займаліся пераважна 20-мі гадамі, спадчынай «узвышаўцаў». Чым вашу ўвагу прыцягнуў Алесь Наўроцкі — фактычна, наш сучасьнік?

— Алесь Наўроцкі маю ўвагу прыцягваў даўно, як толькі я прачытаў ягоны цыкль «Элегіі». Менавіта дзякуючы ім, я і зацікавіўся творчасьцю гэтага пісьменьніка, спачатку паэзіяй, а потым і прозай. Ён цікавы парадаксальнасьцю паэтычнага мысьленьня, нечаканымі асацыяцыямі, мэтафарамі. Акрамя таго, яго можна назваць беларускім пісьменьнікам-дысыдэнтам — за ягоныя пратэсты супраць карнай псыхіатрыі ў брэжнеўскія часы. Наўроцкі-празаік выявіў сябе як тонкі псыхааналітык, дасьледнік чалавечых комплексаў. У 60-70-я гады мінулага стагодзьдзя так не пісаў ніхто.

Віктар Жыбуль
Віктар Жыбуль

— Першы зборнік Наўроцкага «Неба ўсьміхаецца маланкаю» выйшаў яшчэ ў 1962 годзе і, як вы пішаце ў прадмове, «сапраўды грымнуў, як тая маланка». Але што наклікала тыя грымоты?

— Грымоты наклікалі, скажам, тыя самыя элегіі, пра якія я казаў. Адна з элегій пачынаецца радкамі: «Гаварыў з трыбуны аднойчы Нос: / „...Кармавыя адзінкі кукурузы, аўса... / Гавораць факты, што мы дагонім...“ / Вельмі прыкра, што цэлымі днямі / Слухаем такія прамовы мы — з мазгамі». У гэтых радках Наўроцкага крытыкі пабачылі сатыру на Мікіту Хрушчова, і гэтага хапіла, каб разьдзьмуўся скандал. Але нават і іншыя элегіі, дзе не было палітычных паралеляў, алегорый, усё адно дзейнічалі на нашых літаратараў з кансэрватыўнымі поглядамі, як чырвоная ануча на быка, бо да Наўроцкага такой эстэтыкі ў беларускай паэзіі не было. Гэта эстэтыка парадоксаў, давядзеньня да абсурду. Праходзілі разнастайныя пісьменьніцкія сходы, пасяджэньні праўленьня Саюзу пісьменьнікаў, дзе абмяркоўвалася творчасьць Наўроцкага. Яго лаяў сам старшыня пісьменьніцкай арганізацыі Пятрусь Броўка, але потым ён жа напісаў маладому паэту рэкамэндацыю ў СП. Так што ўсё было неадназначна.

У гэтых радках Наўроцкага крытыкі пабачылі сатыру на Мікіту Хрушчова, і гэтага хапіла, каб разьдзьмуўся скандал

— Янка Брыль успамінаў, што гэта ён адгаварыў Броўку ад разноснай крытыкі. Маўляў, ты для моладзі як бацька, а разумны бацька ня бʼе сваіх дзяцей па галаве.

— Так, у Наўроцкага былі і абаронцы. Пра тыя самыя элегіі цікавы і грунтоўны артыкул напісаў літаратуразнаўца Янка Шпакоўскі, які ўсё расставіў па палічках. Артыкул называўся «Між двух жорнаў».

— У вусных размовах і ў сваім першым у жыцьці інтэрвію, якое даў Радыё Свабода ў 2010 годзе, Алесь Наўроцкі гаварыў пра перасьлед з боку КДБ. Усё ж адкрытай антысавеччыны ў яго першых кнігах няма. Ды і працаваў ён лекарам, а ня ў сфэры ідэалёгіі, дзе ўсё адсочвалася больш пільна. Чым пісьменьнік заслужыў пэрсанальную ўвагу спэцслужбаў?

— Пасьля выхаду кніжкі «Неба ўсьміхаецца маланкаю» Наўроцкі пачаў рыхтаваць наступную, якая спачатку называлася «Усё нараджаецца з болем», пазьней — «Зерне пад каменем». Ні пад першай, ні пад другой назвай кніжка ня выйшла. Выйшаў зборнік інтымнай лірыкі «Гарачы сьнег» (1968). Але гэтаму папярэднічала доўгая гісторыя. Вось што напісаў дырэктар выдавецтва «Беларусь» Захар Матузаў у 1964 годзе Алесю Наўроцкаму: «Издательство не разделяет идейной направленности большинства присланных Вами произведений. Судя по „Думе“, „Паэме пра сполах“ и других стихотворениях, Вы стоите на явно фальшивых позициях в освещении современной жизни народа. Считаем, что Вам стоит серьёзно задуматься над тем, для кого Вы пишете стихи, кому они должны служить, и пересмотреть свои творческие позиции». Вось такія афіцыйныя лісты малады паэт атрымліваў з выдавецтва. Рыхтуючы «кнігазбораўскі» том, я знайшоў тую згаданую «Думу». Вось што пісаў Наўроцкі ў той час:

У пытаньнях цёмных быць павінна яснасьць.
Сябры, я невясёлыя вам думкі перадам.
Нам падстаўляе галаву сама сучаснасьць —
Пагладзь! — Камандуе і пагражае нам.

Дзе слоў знайсьці, тых страшных слоў знайсьці,
Каб выказаць той гнеў, што ў нас жыве,
Калі мы вымушаны гладзіць галаву сучаснасьці,
І вошы бачым мы на галаве.

Як бачым, паэт тагачасную савецкую рэчаіснасьць успрымаў даволі крытычна.

Пісьменьнік з жонкай Валянцінай і дачкой Ліліяй. 1970 г.
Пісьменьнік з жонкай Валянцінай і дачкой Ліліяй. 1970 г.

— Наўроцкі спрабаваў вучыцца на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве. Чаму яму не пайшла маскоўская навука?

— Спачатку навука на курсах у яго ішла няблага, яму там падабалася. У паэтавым архіве захаваліся своеасаблівыя пратаколы — запісы гутарак з вядомымі пісьменьнікамі, якія прыходзілі на сустрэчы са слухачамі курсаў. Напрыклад, Наўроцкі занатаваў свае ўражаньні пра сустрэчы зь Яўгенам Еўтушэнкам, з Бэлай Ахмадулінай, з Валянцінам Распуціным, з другімі вядомымі расейскімі пісьменьнікамі. Але беларускі паэт правучыўся там толькі год. Неяк ён пачаў заўважаць, што ў ягоным інтэрнацкім пакоі нехта бывае, ператрасае рэчы. Гэта выклікала ў яго думкі пра псыхалягічны шантаж. Наўроцкаму ў гэтых ператрусах бачыўся сьлед КДБ, бо да таго часу ён ужо быў начуты пра тое, што органы дзяржбясьпекі ўмешваюцца ў літаратуру, ведаў і пра працэс Сіняўскага і Даніэля, быў знаёмы з творчасьцю Салжаніцына. Так што ягоныя трывогі былі, відаць, небеспадстаўныя. Таму ён кінуў вучобу і вярнуўся на радзіму.

— Ці ня самы скандальны факт у біяграфіі Алеся Наўроцкага — ягоны выхад з Саюзу пісьменьнікаў у 1978 годзе. Чым ён тлумачыў гэты свой крок?

— У даведніках можна прачытаць, што Наўроцкі выйшаў з СП, пратэстуючы супраць прымяненьня псыхіятрыі ў палітычных мэтах. Я ў Саюзе беларускіх пісьменьнікаў глядзеў яго асабовую справу, у тым ліку ўважліва прачытаў лісты кіраўніцтву саюзу, якія ён пісаў у 1978 годзе. І нідзе не знайшоў ні слова пра карную псыхіятрыю. Наўроцкі выказваў сваю незадаволенасьць тым, што выдавецтва «Мастацкая літаратура» не публікуе яго раман «Пакаленьні і папялішчы». Ён так і пісаў: «Калі ў наступным годзе ня выйдзе мой раман, я выйду з Саюзу пісьменьнікаў». Што і зрабіў. Але ўсё ж супраць карнай псыхіятрыі ён тады пратэставаў. У Расейскім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва захоўваецца ліст Наўроцкага на гэтую тэму, які ён дасылаў акадэміку Сахараву. Ён у Сахарава прасіў падтрымкі. На жаль, я ня ведаю ці адказаў паэту акадэмік. Пры нагодзе Наўроцкі выступіў са словамі пратэсту і ў 1980 годзе — на курсах тэрапэўтаў пры Беларускім дзяржаўным інстытуце ўдасканальваньня лекараў. У выніку ў 1981 годзе ў больніцу, дзе працаваў Наўроцкі, прыехала спэцкамісія і адхіліла яго ад працы. Яму хацелі прапанаваць месца доктара-мэтадыста (ён быў лекарам «хуткай дапамогі»). Але пісьменьнік потым прызнаўся, што пагадзіцца на тую пасаду азначала атрымаць яе з рук ненавіснай улады. І ён адмовіўся. Застаўся зусім бяз працы. Жыў на тое, што распрадаваў сваю хатнюю бібліятэку, плюс яго падтрымлівала маці.

Алесь Наўроцкі. 1989 год
Алесь Наўроцкі. 1989 год

— У адным з даўніх вершаў Алеся Наўроцкага ёсьць такія радкі: «Народ мой, ты і сёньня / ранейшы нясеш крыж. / І ходзіш ты на каленях, / і на каленях стаіш!». Вось гэты вобраз народу, які ходзіць на каленях, уражвае і сёньня. Што б вы параілі прачытаць у Алеся Наўроцкага той частцы народу, якая сёньня ўпершыню чуе імя гэтага арыгінальнага пісьменьніка?

— Народ у нас вельмі разнастайны. У адкрыцьці такога аўтара, як Алесь Наўроцкі, можна ісьці рознымі шляхамі. Паколькі я прадстаўнік літаратурна-мастацкай меншасьці, мяне вабіць усё нетрадыцыйнае, авангарднае. Таму я Наўроцкага адкрываў празь ягоныя элегіі. Ёсьць сярод іх і аднарадковыя: «Кваканьне жаб заглушае сьпеў салаўя». Камусьці будзе цікавы раман «Пазыка», які ўпершыню апублікаваны ў «кнігазбораўскім» томе. Тэма твору — так званая добраахвотная падпіска на дзяржаўную пазыку ў паваеннай беларускай вёсцы. Правядзеньне падпіскі пісьменьнік паказаў як нахабную грабежніцкую кампанію. Раман чытаўся ў машынапісных копіях і атрымаў высокую ацэнку некаторых пісьменьнікаў. Скажам, Васіль Быкаў пісаў аўтару ў 1966 годзе: «Алесь, дарагі дружа, з задавальненьнем прачытаў тваю рэч, праўдзівую і бязьлітасную». Дарэчы, сам Наўроцкі лічыў, што менавіта з-за «Пазыкі» ён трапіў пад нагляд КДБ... Са шматгадовага падпольля пісьменьнік канчаткова выйшаў у 2010 годзе, сьпяшаўся, хоць і запозьнена, вярнуцца ў літаратуру. Але не пасьпеў: 24 красавіка 2012 году ён на семдзясят чацьвёртым годзе жыцьця памёр у менскім хосьпісе ад цяжкай хваробы. Сястра пісьменьніка Надзея Піліпаўна перадала ў Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва ягоны архіў. З прычыны абмежаванага абʼёму «Выбранага» туды не ўвайшлі многія позьнія вершы, аповесьці, пʼесы, эсэ, дзёньнікава-мэмуарныя запісы. Так што публікацыі яшчэ будуць. Я сам гатовы гэтым заняцца.​

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG