27 лютага ў Горадні сьледчыя апыталі Анжаліку Борыс — старшыню Галоўнай рады непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў. З размовы тая зрабіла выснову, што яе хочуць зьвінаваціць у дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
Паводле Борыс, сьледчы падчас апытаньня патлумачыў ёй, што рабіўся запыт у Міністэрства юстыцыі Беларусі адносна дзейнасьці Саюза палякаў на чале зь Мечыславам Яськевічам, і адтуль прыйшоў адказ, што арганізацыя ў Беларусі не зарэгістраваная.
Борыс: «З гэтага я зрабіла выснову, што супраць мяне і сябраў нашай арганізацыі хочуць узбудзіць справу па крымінальным артыкуле за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Я ня ведаю, ці ўжо узбуджана крымінальная справа, але тая размова, якая адбылася, гэта толькі яе пачатак. Усе пытаньні, якія мне задавалі, датычылі дзейнасьці мяне як старшыні Галоўнай рады Саюзу палякаў».
Сьледчага, паводле Борыс, цікавіла таксама, на якія сродкі існуе арганізацыя, якую дзейнасьць праводзіць і пра кантакты ў Польшчы. Сёньня ж у сьледчыя органы для апытаньня запрашалася намесьніца старшыні Саюзу палякаў Алена Дубоўская.
З 2005 году ў Беларусі існуюць два Саюзы палякаў. Пасьля таго як беларускія ўлады не прызналі зьезд арганізацыі, на якім за старшыню абралі Анжаліку Борыс, быў праведзены паўторны зьезд. Старшынём СПБ на ім абралі Юзафа Лучніка, якога, у сваю чаргу, не прызналі польскія ўлады. Анжаліку Борыс з таго часу зьмяніла на пасадзе Анжаліка Арэхва, а пазьней Мечыслаў Яськевіч, а спадара Лучніка — Станіслаў Сямашка, а пазьней Мечыслаў Лысы.