Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былую дырэктарку камвольнай фабрыкі са Слоніма Вянцкоўскую будуць судзіць за хабар і нядбайнасьць


Суд над Валянцінай Вянцкоўскай, былой дырэктаркай Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыкі, пачнецца 2 лістапада ў Гарадзенскім абласным судзе. Валянціна Вянцкоўская праходзіць па адной крымінальнай справе з былым кіраўніком канцэрну «Беллегпрам» Міхаілам Сучковым. Абаіх абвінавачваюць у падрыхтоўцы да хабару і службовых злоўжываньнях. Валянціне Вянцкоўскай таксама інкрымінуюць службовую нядбайнасьць.

Экс-дырэктар фабрыкі была затрыманая ў лютым 2014 году ў Менску, да гэтага часу яе прозьвішча Сьледчы камітэт не называе.

«Па горадзе ходзяць зьвесткі, што Вянцкоўскую трымалі ня толькі ў сьледчым ізалятары, але і ў шпіталі. Магчыма, гэтак адбіўся арышт на яе здароўі. Была раней інфармацыя, што яна нібыта брала хабар ад фірмаў, зь якімі заключала дамовы на пастаўку абсталяваньня, і дзялілася грашыма ў Менску. Гэта высьветліць суд, але фактам ёсьць тое, што разам з Сучковым і Вянцкоўскай будуць судзіць намесьніка дырэктара фірмы „Флексомир“, якому інкрымінуюць падрыхтоўку да дачы хабару», — паведаміў слонімскі журналіст Віктар Валадашчук. Памер хабару, да якога нібыта рыхтаваліся экс-кіраўнікі і прадпрымальнік, не паведамляецца.

Валянціна Вянцкоўская ўзначальвала Слонімскую камвольна-прадзільную фабрыку каля 5 год і, паводле водгукаў, карысталася аўтарытэтам у працоўным калектыве. Як арышт Вянцкоўскай адбіўся на працы прадпрыемства?

Паводле Віктара Валадашчука, фабрыка працуе, вырабляе тканіну з бавоўны, якая мае нядрэнны попыт. «Цяпер фабрыкай кіруе новы дырэктар, жанчына. Была нейкі час выканаўцай абавязкаў, потым зацьвердзілі дырэктарам. Кажуць, што працуе збольшага пасьпяхова», — паведаміў журналіст.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG