Андрэй Канавец адказаў на пытаньні Свабоды.
— Я даўно пра гэта думаў. Цяпер якраз надышоў такі час і ўзрост таксама. Маю перадвыбарчую праграму, іду адзін. Ёсьць група людзей, якія мяне падтрымліваюць. Хачу пабудаваць новае жыцьцё ў Беларусі. Я так лічу, але як народ захоча — я ж не магу гарантаваць на сто адсоткаў за ўвесь народ. Але тое, што я хачу зрабіць, спадзяюся, усім спадабаецца і пойдуць за мяне.
— Маеце спадзяваньне сабраць неабходныя сто тысяч подпісаў?
— Колькі атрымаецца. Ніхто ня можа гарантаваць, колькі хто можа сабраць, ніводзін кандыдат. Я таксама не гарантую, але буду старацца сабраць гэтулькі, колькі патрэбна.
— У вашай перадвыбарчай праграме на чым перадусім акцэнтуеце ўвагу — на палітычным ці эканамічным рэфармаваньні Беларусі?
— Я гэтыя пытаньні пакуль абмяркоўваць ня буду.
— Як вы ацэньваеце цяперашняе палітычнае становішча ў краіне, як ставіцеся да дзейнага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі, да апазыцыі?
— Я паважаю Аляксандра Рыгоравіча, а ў апазыцыі ня бачу канкурэнтаў. Яны ўжо не адзін год спрабавалі выбірацца, але нічога...
— І ўсё ж — што вам дало штуршок паўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах менавіта цяпер?
— Вера ў шчасьлівую будучыню Беларусі.
— У гэта можна верыць і без удзелу ў выбарах.
— Спадзяюся, што мы яшчэ спаткаемся і паразмаўляем. Калі мяне прымуць — тады і спаткаемся.