Крытыкуючы Расею за пралікі ва ўнутранай і зьнешняй палітыцы, якая прывяла да міжнароднай ізаляцыі і вострага валютна-фінансавага крызісу, беларускія ўлады трапілі ў аналягічную сытуацыю. Татальная прывязка да Расеі і сяброўства ў інтэграцыйных надбудовах пад кантролем Масквы напалохалі беларусаў — людзі не паверылі запэўніваньням, што дэвальвацыя расейскага рубля пройдзе незаўважна для Беларусі. Апошняй кропляй стала парада Аляксандра Лукашэнкі «ня бегчы ў абменьнікі». Памятаючы, чым скончыліся падобныя рэкамэндацыі ў 2011-м, людзі адразу ж кінуліся скупляць валюту.
Урад і Нацыянальны банк сёньня абвясьцілі пра тое, як зьбіраюцца спыніць ажыятаж на валютным рынку. Самыя адметныя новаўводзіны тычацца спагнаньня 30-працэнтнага збору пры куплі валюты як юрыдычнымі, так і фізычнымі асобамі. Прадпрыемствы і банкі будуць сплачваць яго падчас таргоў на біржы, грамадзяне — як камісію ў абменных пунктах. З улікам цяперашняга курсу, даляр аўтаматычна вырасьце амаль да 16 тысяч за рубель, эўра — да 18 тысяч. Рэвалюцыйныя захады камэнтуе фінансавы аналітык дасьледчай групы BusinessForecast.by Аляксандар Муха:
«Увядзеньне 30-працэнтнага збору пры куплі валюты фізычнымі і юрыдычнымі асобамі — гэта нестандартная мера (дарэчы, дзіўна, што напісана „часова“, але не ўказана, да якога пэрыяду яна будзе дзейнічаць). Па-сутнасьці гэтыя захады ўяўляюць сабой, калі гаварыць мовай Міжнароднага валютнага фонду, дыскрымінацыйную валютную практыку. Але ў бягучай сытуацыі гэтае рашэньне выглядае ў пэўнай ступені апраўданым разам зь іншымі прапановамі, якія ўносяцца.
У прыватнасьці, буйныя беларускія банкі ўвядуць тэрміновы гарантаваны ашчадны ўклад з мэханізмамі індэксацыі рублёвых ашчаджэньняў са зьменай абменнага курсу беларускага рубля. Плюс трэба яшчэ глядзець, што падвышаецца да 50% стаўка на падтрыманьне кароткатэрміновай рублёвай ліквіднасьці банкаў, — адпаведна, можна чакаць росту працэнтных ставак па рублёвых дэпазытах. Апроч таго, да 50% павялічваецца норма абавязковага продажу ўваходнай валютнай выручкі, а таксама Нацбанк дазволіў не выконваць свае пастановы аб абмежаваньні максымальнага памеру працэнтных ставак па рублёвых крэдытах юрыдычным асобам. Разам гэта заклікана зьбіць валютны ажыятаж».
Пакуль дзяржаўныя інстытуцыі ўсялякімі магчымымі спосабамі перастрахоўваецца ад фінансавых рызыкаў, шараговыя грамадзяне ад такіх навацыяў маюць толькі галаўны боль. Фінансавы аналітык Аляксандар Муха, робячы няхітрыя падлікі, канстатуе, што ўвядзеньне 30-працэнтнага збору аўтаматычна азначае рост выдаткаў пры набыцьці даляраў ці эўра на траціну:
Усе гэтыя асноўныя тры меры скіраваныя збольшага ў бок інтарэсаў дзяржавы
«Усе гэтыя асноўныя тры меры скіраваныя збольшага ў бок інтарэсаў дзяржавы. Нават само па сабе ўвядзеньне вось гэтага 30-працэнтнага збору закліканае ў першую чаргу абмежаваць пакупку замежнай валюты. Іншымі словамі, гэты крок нацэлены на зьмяншэньне попыту на даляры і эўра. Але відавочна, што звычайныя людзі найбольш заклапочаныя акурат гэтым момантам. Таму што калі цяпер банкі прапануюць курс продажу недалёка ад 12 тысяч за даляр, то дадайце 30%, і гэта ўжо атрымліваецца блізу 16 тысяч рублёў па факце. Па эўра, зразумела, больш».
Літаральна за суткі Беларусь адкацілася да сытуацыі больш чым трохгадовай даўніны. Увесну таго году на тле заяваў аб «стабільнасьці» паступова апусьцелі валютныя касы, сфармаваліся два паралельныя курсы беларускага рубля, зь небыцьця паўсталі валютчыкі і мянялы, а індыкатарам рэальных настрояў у грамадзтве стаў «народны сайт» prokopovi.ch. Як ні імкнуліся ўлады пазьбегнуць паўтарэньня падобнага сцэнару, стрымаць паніку не ўдалося. Дзеля справядлівасьці, не апошнюю ролю ў гэтым адыграла Расея: пасьля таго, як курс расейскага рубля скарыў плянку ў 100 за эўра і 80 за даляр, а ягоны беларускі субрат працягваў дэманстраваць ўстойлівасьць, устрывожыліся нават экспэрты-аптымісты: доўга так не працягнецца.
Цягам 18-19 сьнежня горшыя прагнозы спраўдзіліся: даляры і эўра з абменьнікаў зьніклі, затое зьявіліся вялізныя чэргі з ахвотных канвэртаваць беларускія рублі, якія пачалі імкліва абясцэньвацца. На тле відавочнай панікі ўлады прапануюць звыклую рыторыку: супакойцеся, дэвальвацыі ня будзе. Сёньня зноў нагадаў пра сябе экс-старшыня Нацыянальнага банку Пётар Пракаповіч, сказаўшы, што беларусам проста трэба перастаць хадзіць па абменьніках.
Як згадвае эканамічны аглядальнік Марк Бэрнштэйн, неўзабаве перад абвалам узору 2011 году менавіта Пракаповіч даводзіў народу, што пры ім ня будзе нават 5-працэнтнай дэвальвацыі:
«Пракаповіч ні тады, ні цяпер — ніколі ня быў самастойнай фігурай, хоць у рамках таго, што ён рабіў на пасадзе кіраўніка галоўнай фінансавай установы, — то рабіў ня так усё і кепска. То бок, прынамсі слухаў разумных людзей і, калі з часам на пасадзе „абчасаўся“, стаў паводзіць сябе больш-менш разумна. Іншая справа, што вакол ня толькі разумныя, але і амбітныя невукі. Па вялікім рахунку, асаблівых глупстваў зь яго боку я не прыгадаю, акрамя хіба што цяпер ужо камічных расповедаў пра тое, што, пакуль ён — старшыня Нацбанку, ніякай дэвальвацыі ня будзе. Пасьля чаго ўсё здарылася надзвычай хутка: грымнула дэвальвацыя, а ён перастаў быць кіраўніком Нацбанку. Таму зноў рабіць падобныя неабачлівыя заявы досыць рызыкоўна».
Аналітыкі перакананыя, што перакласьці адказнасьць за чарговы правал улады паспрабуюць на насельніцтва, якое нібыта было папярэджана не рабіць глупстваў, але не паслухалася. Між тым, перакананы кіраўнік клюбу фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін, менавіта дзяржаўная палітыка ўрэшце прыводзіць да ўзьнікненьня падобных «бурбалак»:
«Тое, што існуе пагроза банкаўскаму сэктару менавіта з боку нацыянальнай эканомікі ў сувязі з рэзкім ростам пазыкаў, прычым вельмі дарагіх, — гэта адназначна. Тое, што эканоміка ў дадзеным выпадку, ня маючы іншай магчымасьці браць крэдыты, прыцягваць замежных інвэстараў, у першую чаргу ідзе ў айчынныя банкі і бярэ дарагія рэсурсы ў іх — так, гэта бяда, але гэта бяда не банкіраў, гэта бяда нацыянальнай эканомікі. І тое, што былі такія рэзкія скачкі росту гэтых пазыкаў з боку суб’ектаў гаспадараньня, сьведчыць пра тое, што, найперш, у прадпрыемстваў зьедзеная „абаротка“. У прадпрыемстваў занадта высокія складзкія запасы, неабдуманае ўвогуле бізнэс-плянаваньне, уключна з плянаваньнем фінансавых плыняў. А прычынай гэтага, зноў жа, у большай ступені можна назваць залішне высокі ўзровень удзелу дзяржавы ў эканоміцы. І дзяржзамовы, і дзяржпрадпрыемствы, плюс ланцуговая рэакцыя па лініі казначэйства Мінфіну, якое ня ў тэрмін аплачвае дзяржзакупы».
Ад сёньня па рублёвых картках зьняць даляры ці эўра на тэрыторыі Беларусі немагчыма. Банкам загадана спыніць выдачу крэдытаў як мінімум да 1 лютага 2015 году. Турыстычныя кампаніі накладаюць мараторый на разьлік у беларускіх рублях з прычыны немагчымасьці разьлічыцца з замежнымі кампаніямі. Інтэрнэт-крамы і прадпрымальнікі на рынках пералічваюць тавары па курсе 15-16 тысяч рублёў за даляр.