Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International «нагадала» Беларусі пра недармаедаў, Паліенку, Лапшына і Шчыракову


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міжнародная праваабарончая супольнасьць Amnesty International апублікавала даклад (PDF) пра стан правоў чалавека ў сьвеце. Асобны разьдзел прысьвечаны Беларусі, у ім 3 старонкі.

У Беларусі Amnesty International адзначае жорсткае задушэньне мірных пратэстаў «недармаедаў», адмову ад супрацы са спэцыяльным дакладчыкам ААН у правах чалавека, прымусовае вяртаньне на радзіму іншаземаў, якія зьвярталіся па міжнародную абарону (у тым ліку чачэнскага ўцекача Імрана Саламава і блогера Аляксандра Лапшына), абмежаваньні ў працы СМІ, палітычных партыяў і няўрадавых арганізацыяў, абмежаваньне публічных сходаў, «справу патрыётаў», прынамсі адно сьмяротнае пакараньне і яшчэ чатыры сьмяротныя прысуды ў 2017 годзе.

Пры гэтым згадваецца, што збліжэньне Беларусі з краінамі Захаду прадоўжылася, а ў Менску прайшла сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.

Сярод вязьняў сумленьня Amnesty International асобна згадвае Зьмітра Паліенку, піша пра «мноства ўдзельнікаў мітынгаў», асуджаных за мірны актывізм. Таксама згадваецца затрыманьне больш як 900 чалавек у акцыях пратэсту ў лютым–красавіку і «судовы канвэер» у разглядзе іхных справаў, пры якім доказам віны былі толькі паказаньні міліцыянтаў. Згадваецца і міліцэйскі «штурм» офісу праваабарончай арганізацыі «Вясна», штрафы дзясяткам журналістаў і прынамсі восем адміністрацыйных арыштаў журналістаў, пагрозы адабраць дзіця ў журналісткі Ларысы Шчыраковай. Асобным пунктам пішуць пра «падатак на дармаедаў», які быў «прыпынены», але затым «абноўлены» і вернуты пад іншай назвай.

У дакладзе згадваюцца таксама ўсе суседзі Беларусі.

У Расеі адзначаюцца новыя абмежаваньні свабоды слова і сходаў, запалохваньне і ўціск праваабаронцаў і няўрадавых арганізацыяў, абмежаваньні культурных правоў празь ціск і самацэнзуру, прыцісканьне рэлігійных меншасьцяў, парушэньне права на справядлівы суд, катаваньні ў турмах, парушэньні правоў чалавека і забойствы на Паўночным Каўказе, парушэньні правоў уцекачоў і мігрантаў і іншае.

У разьдзеле пра Ўкраіну згадваецца безвыніковае расьсьледаваньне меркаваных тайных турмаў СБУ, узмацненьне ціску на крытыкаў уладаў і няўрадавыя арганізацыі, журналістаў і змагароў з карупцыяй, праблемы на тэрыторыі, падкантрольнай самаабвешчаным «ДНР» і «ЛНР».

Літве нагадваюць пра закон, што дыскрымінуе прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці і законапраект пра абмежаваньне абортаў. Латвіі — пра паведамленьні аб жорсткім абыходжаньні праваахоўнікаў з затрыманымі, незадавальняльныя ўмовы ў месцах зьняволеньня, несувымерны штраф СМІ за дыскрэдытацыю асобы, а таксама законапраект пра абмежаваньне мусульманскай чадры ў публічных месцах.

Разьдзел пра Польшчу апісвае «пасьлядоўнае памкненьне» ўраду да ўстанаўленьня кантролю над судамі, СМІ і няўрадавымі арганізацыямі, пра крымінальныя справы супраць пратэстоўцаў зь мірных сходаў, перашкоды жанчынам у легальных абортах, дэпартацыі праз «пагрозу нацыянальнай бясьпецы» і іншае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG