Амбасадар Беларусі ў Францыі Павал Латушка і камэнтатары дзяржаўнага тэлебачаньня абмеркавалі беларускую футбольную лексыку на майстар-клясе «Мова футболу», які правёў менскі бровар «Аліварыя».
Сёньня на беларускім тэлебачаньні толькі два беларускамоўныя камэнтатары: Павал Баранаў і Зьміцер Герчыкаў. Весьці трансьляцыі па-беларуску — гэта ўласнае іхняе жаданьне.
«Калі б не было жаданьня майго, не было жаданьня Дзьмітрыя Герчыкава, ніякай беларускай мовы ў эфіры ўвогуле не было б, — сказаў Павал Баранаў. — Мая мара, каб яшчэ зьяўляліся камэнтатары, каб беларускамоўны камэнтатар не залежаў ад жаданьня аднаго ці двух чалавек».
Па словах камэнтатараў, да іх увесь час паступаюць прапановы ад гледачоў. Герчыкаў тлумачыць гэта тым, што вырасла генэрацыя абазнаных у беларускай мове людзей. А таму, гэта нармальная сытуацыя, калі яны выказваюцца наконт спартовай лексыкі ў тэлеэфіры.
«Мне заўсёды бліжэй выкарыстоўваць тыя словы, якія ёсьць у беларускай літаратуры, — кажа Герчыкаў. — Калі ёсьць больш сакавітыя і нестандартныя аналягі, я заўсёды зьвяртаюся да беларускіх твораў. Чаму не рабіць лексыку больш шырокай?»
Павал Латушка, амбасадар Беларусі ў Францыі, таксама сказаў, што яму больш даспадобы слова «брама», а не «вароты».
Хаця часам «сакавітыя аналягі» могуць быць ня ўсім зразумелымі. Павал Баранаў прывёў у прыклад слова «шпурляк», якое калісьці выкарыстаў у эфіры Ігар Калянкоў. Але мала хто ведаў, што шпурляком напачатку 20 стагодзьдзя называлі мяч.
Каб не было спрэчак паміж спартовымі камэнтатарамі і тэлегледачамі, патрэбны новы слоўнік спартовай лексыкі, сказаў на майстар-клясе Павал Баранаў, камэнтатар тэлеканалу Беларусь-5.
«Знойдзем грошы», — адказаў на гэтую прапанову Павал Латушка.
У кожным разе, попыт на трансьляцыі па-беларуску ёсьць ужо сёньня, кажа Ала Мачалава, мэнэджэр па карпаратыўных камунікацыях бровару «Аліварыя».
«Калі футбольныя матчы камэнтуюцца па-беларуску і вялізная аўдыторыя зьбіраецца каля экранаў — гэта нешта накшталт самага масавага навучаньня беларускай мове», — сказала Мачалава.