Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК пагадзіўся, што Алімпійскія гульні важнейшыя за выбары дэпутатаў


Выступленьні кандыдатаў у дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў 6-га скліканьня і іх тэледэбаты будуць праводзіцца на 3-м канале Беларускага тэлебачаньня.

Адпаведную пастанову прынялі сёньня ўдзельнікі паседжаньня Цэнтральнай выбарчай камісіі. Як патлумачыла прадстаўніца ЦВК Алена Дзьмухайла, першапачаткова плянавалася, што выступы і дэбаты пройдуць на 2-м канале.

Але паколькі выбарчая кампанія супадае з алімпійскімі гульнямі, было вырашана, што патэнцыйныя прэтэндэнты на месцы ў беларускім парлямэнце будуць выступаць на 3-м.

«Першапачаткова мы плянавалі, што кандыдаты змогуць зьвярнуцца да выбарцаў на канале Беларусь-2. Але ў Міністэрстве інфармацыі нас не падтрымалі. Там патлумачылі, што ў гэты час на Беларусь-2 будуць трансьляваць Алімпійскія гульні, і прапанавалі эфір на Беларусь —3» — распавяла Алена Дзьмухайла.

Лукашэнка заклікаў ня везьці на Алімпіяду спартоўцаў, у якіх «няма шанцаў»

Кожны зь кандыдатаў атрымае магчымасьць бясплатнага выступу. Таксама прадугледжаны тэледэбаты, але яны адбудуцца толькі пры ўмове, калі ў іх пажадаюць удзельнічаць ня менш за 2 кандыдатаў па адной акрузе. Падчас дэбатаў выдзяляюцца па 5 хвілін на чалавека.

Свае праграмы кандыдаты ў дэпутаты змогуць надрукаваць у наступных газэтах: «Зьвязда», «Народная газэта», «Рэспубліка» плюс шасьці абласных і ў «Вячэрнім Мінску». Чарга публікацый будзе залежыць ад таго, у якім парадку кандыдаты перадалі свае праграмы ў рэдакцыі названых газэт.

Таксама заканадаўства дае магчымасьць кандыдатам у дэпутаты за кошт свайго асабістага фонду выкупіць месца ў газэтах альбо на тэлебачаньні і радыё і выкарыстаць яго для дадатковай агітацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG