Пра намер вылучаць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году грамадзкі актывіст з Кобрына Алесь Мех паведаміў Радыё Свабода.
— Гэтае рашэньне зьявілася адразу пасьля 2010 году, калі ўжо было відавочна, што ў нас няма апазыцыі. Мы крок за крокам гублялі прыкметы незалежнасьці і сувэрэнітэту. Мы страцілі газатранспартную сетку, энэргетычныя сеткі, мы страчваем сваю фінансавую сыстэму. Мы страчваем падмурак незалежнасьці — вось што галоўнае цяпер. І ў сувязі з тым, што сёньня апазыцыі ўвогуле няма, гэтая ініцыятыва зьявілася.
— Вы сталі намесьнікам старшыні толькі што створанага руху «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі». Ці падтрымлівае вас гэты рух і ці падтрымлівае вашы пляны Ўладзімер Някляеў?
— Справа ў тым, што гэты рух «За незалежнасьць» — мы абвясьцілі пра яго стварэньне менавіта 21 сьнежня 2014 году на Кангрэсе за незалежнасьць. Былі падрыхтаваныя ўсе дакумэнты, і там была агучана прапанова, каб я ішоў кандыдатам.
— А з Уладзімерам Някляевым вы размаўлялі на гэтую тэму?
— З Уладзімерам Някляевым мы сустрэліся толькі адзін раз на сустрэчы ініцыятыўнай групы. Тут сышліся два рухі, якія на сваёй мэце маюць менавіта абарону незалежнасьці як галоўнай каштоўнасьці. І каб гэтыя рухі аб’ядноўваць, было прынята гэтае рашэньне.
— Якія мэты вы будзеце ставіць перад сабой падчас прэзыдэнцкай кампаніі?
— Стратэгічныя мэты будзе паказваць час. Але цяпер галоўнае — надрукаваць нашу праграму. Гэтай праграме ўжо два гады, яна абкатваецца, яна ідзе ў народ. Мы з гэтай праграмай прыйшлі на Кангрэс за незалежнасьць, і гэтую праграму мы сёньня распаўсюджваем. Раней усё ж такі павінна быць праграма.
— А ў чым сутнасьць гэтай праграмы?
— Гэта шматблёчная праграма. Там ёсьць і аналітычная ацэнка той сытуацыі, якая склалася, і што трэба рабіць у гэтай сытуацыі.
— Скажыце, а чым вы адрозьніваецеся ад іншых кандыдатаў у прэзыдэнты?
— А я астатніх кандыдатаў ня ведаю, таму ня буду казаць, чым я ад іх адрозьніваюся. Я ня бачыў іхніх праграмаў, а некаторых я ўвогуле ня ведаю.
— Ёсьць думка, што той парад кандыдатаў, які можа зноў назірацца ў гэтым годзе, дыскрэдытуе апазыцыю, дыскрэдытуе дэмакратычны рух у Беларусі...
— Слухайце, апазыцыі няма, і народ гэта ведае. Структурнай апазыцыі няма — ёсьць кола дысыдэнтаў, і ёсьць кола псэўдаапазыцыі. Запытайцеся ў іх: дзе яны атрымліваюць грошы на сваё жыцьцё? Гэта першае пытаньне да гэтых людзей, і з гэтага ўсё пачынаецца. Калі іх фінансуе замежжа, то яны працуюць на тое замежжа, калі іх фінансуе Расея, то яны працуюць на Расею. Мне гэта ўвогуле не цікава. Мне цікавыя менавіта тыя людзі, беларусы, якія жывуць у нашай краіне і якія могуць прафінансаваць вось гэтую кампанію.