Ушанаваньне памяці паўстанцаў кобрынскі судзьдзя Пётар Цімашэнка палічыў несанкцыянаванай масавай акцыяй.
У суд былі запрошаныя сьведкі-міліцыянты са Сьвіслачы
Алесь Мех: «Адзін зь міліцыянтаў казаў увогуле, што з нашага боку ніякага парушэньня закону ня бачыць. І ў сувязі з гэтым ён не прыняў да нас нейкіх папераджальных дзеяньняў».
Алесь Мех адзначыў, што ня лічыць ушанаваньне паўстанцаў нейкай несанкцыянаванай масавай акцыяй:
«Тут трэба глядзець па сутнасьці — гэта проста ўшанаваньне памяці паўстанцаў. І людзі зьяжджаюцца толькі з адной мэтай — успомніць гэтых герояў Беларусі, ускласьці кветкі ды аддаць ім даніну павагі. І туды, на мой погляд, павінна зьяжджацца ўся Беларусь — і кіраўнікі дзяржавы, і мясцовыя кіраўнікі ў тым ліку».
Пасьля паседжаньня Алесь Мех перадаў кобрынскім судзьдзям праз сакратара суду запрашэньне наведаць Сьвіслач і ўшанаваць паўстанцаў як самім, гэтак і з прадстаўнікамі грамадзкай супольнасьці.
Масавай акцыяй улады палічылі традыцыйнае ўшанаваньне памяці паўстанцаў Каліноўскага, якое адбылося 26 кастрычніка ў Сьвіслачы. Пасьля акцыі яе ўдзельнікаў з розных гарадоў пачала выклікаць міліцыя.
Дзясятак чалавек ужо атрымалі штрафы, яшчэ некалькі актывістаў яшчэ чакаюць суду.