Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дармаеды запісалі партыйнага актывіста, журналіста, праваабаронцу


На Магілёўшчыне пад дэкрэт «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» падпалі апазыцыйныя актывісты разам з праваабаронцамі і журналістамі недзяржаўных СМІ.

Да 15 лістапада яны, як і іншыя грамадзяне Беларусі, якіх прызналі «дармаедамі», мусяць сплаціць «збор на фінансаваньне дзяржаўных расходаў». Падатковыя інспэкцыі налічылі блізу дзесяці тысяч «сацыяльных утрыманцаў».

Падаткавікам дапамагалі складаць базу на «дармаедаў» КДБ, Сьледчы камітэт, Камітэт дзяржкантролю, Дзяржаўны памежны камітэт, Фонд сацыяльнай абароны, Міністэрства абароны, Міністэрства па надзвычайных сытуацыях і Дзяржаўны камітэт судовых экспэртызаў.

Журналіст ня стаў дармаедам

Бабруйскі журналіст Анатоль Санаценка здолеў давесьці падатковай, што ён не «дармаед». Пра выпадковасьць унясеньня ў катэгорыю людзей, якія «ня ўдзельнічаюць у фінансаваньні дзяржаўных расходаў», журналіст ня верыць. На яго думку, падаткавікі карыстаюцца «чорным сьпісам», складзеным на асобаў, якія бралі ўдзел у 2011 годзе ў «маўклівых акцыях пратэсту».

Анатоль Санаценка
Анатоль Санаценка

«Гэты сьпіс не забыты. Пра тое, што ён існуе, я даведаўся ў кастрычніку 2011 году. У ім блізу дваццаці асобаў — кіраўнікі бабруйскіх палітычных і грамадзкіх структураў, а таксама праваабаронцы ды журналісты. Насьпеў час, і падаткавікам параілі зьвярнуць увагу з гэтага сьпісу на мяне, можа, з ідэалягічнага аддзелу ці з КДБ. Усё гэта не выпадкова», — камэнтуе сытуацыю Анатоль Санаценка.

У тлумачэньні бабруйскай падатковай гаворыцца, што яна не валодала зьвесткамі пра ўдзел журналіста ў «Саюзе беларускіх пісьменьнікаў», а таксама ягонае дырэктарства ў акцыянэрным таварыстве «Рэклямны курʼер», таму ён і быў унесены ў сьпіс платнікаў падатку.

Плаціць падатак за «дармаедзтва» ня буду

Магілёўскі каардынатар камітэту стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Алег Аксёнаў апавяшчэньне на наведваньне падатковай інспэкцыі атрымаў, як ён кажа, з трэціх рук. Падаткавікі довады актывіста, што дэкрэт прэзыдэнта — антыканстытуцыйны, выслухалі, але папярэдзілі, што неўзабаве яму дашлюць ліст пра неабходнасьць выплаты 360 рублёў падатку — як асобе, якая «не фінансуе дзяржаўных расходаў». Плаціць яго актывіст не зьбіраецца.

Алег Аксёнаў
Алег Аксёнаў

«Як падатковая падасьць на мяне ў суд, дык буду ў судзе бараніцца. Мне так і сказалі: калі дэкрэт прэзыдэнта лічыце незаконным, то ў судзе гэта будзеце даводзіць. Я не зьбіраюся фінансаваць беларускія спэцслужбы, якія працуюць на Лукашэнку. Калі яму яны патрэбныя, то няхай ён іх сам і фінансуе», — акрэсьлівае сваю пазыцыю Алег Аксёнаў.

Да 2014 году актывіст працаваў на магілёўскім домабудаўнічым камбінаце. Пасьля стварэньня на ім страйкавага камітэту адміністрацыя прадпрыемства адмовіліся працягваць зь ім працоўныя адносіны. Цягам 2015 году, за які спаганяюць падатак на дармаедзтва, Алег Аксёнаў афіцыйна нідзе не працаваў. У службе занятасьці як беспрацоўны не рэгістраваўся.

«Я не жадаю дзяржаўнай дапамогі, бо сам здольны зарабіць сабе на хлеб», — тлумачыць актывіст.

«Падатковая інспэкцыя рассылае процьму апавяшчэньняў так званым „дармаедам“. Яна зацікаўленая спагнаць падатак зь як мага большай колькасьці людзей. Казаць пра тое, што зь мяне спаганяюць гэты падатак праз маю апазыцыйную дзейнасьць, я б ня стаў», — выводзіць Алег Аксёнаў.

Вучысься за мяжой — таксама дармаед

Сябра Абʼяднанай грамадзянскай партыі Антон Касцоў вучыцца ў Польшчы. Яго таксама запісалі ў «дармаеды». Актывіст спадзяецца, што яму ўсё ж удасца пазьбегнуць выплаты падатку.

Антон Касцоў
Антон Касцоў

«Мне сказалі, каб я пераклаў польскія дакумэнты з унівэрсытэту, якія пацьвярджаюць, што я вучыўся там. Таксама хочуць яшчэ нейкіх тлумачэньняў», — кажа хлопец.

Паводле яго, большую частку 2015 году ён быў за мяжой, і яго дзівіць, чаму падатковая ня спраўдзіць у памежнікаў гэтыя зьвесткі.

«Калі ўсё ж будуць настойваць на выплаце падатку, то яго давядзецца плаціць, інакш могуць забараніць выезд за мяжу. Для мяне гэта будзе катастрофай, бо не змагу працягнуць вучобу», — зазначае Антон Касцоў.

Праваабаронца таксама сярод «дармаедаў»

У «дармаедах» апынуўся і магілёўскі праваабаронца Аляксей Колчын. Ён не зьбіраецца ісьці ў падатковую, а будзе чакаць наступнага яе кроку.

Аляксей Колчын
Аляксей Колчын

«У мяне пакуль няма падстаў думаць, што ёсьць сьпіс актывістаў, зь якімі падаткавікі працуюць асабліва шчыльна. Цалкам выключаць гэтага я не магу, але зьвестак пра такія сьпісы ў мяне няма», — адзначае праваабаронца.

«Выбару ў аплаце гэтага падатку ў мяне няма. Альтэрнатыва — 15 сутак арышту — мяне не прываблівае. Таму давядзецца плаціць», — прызнаецца ён і дадае:

«Я разглядаю магчымасьць падачы скаргі ў Камітэт правоў чалавека ААН. Буду спрачацца з нашай дзяржавай наконт законнасьці гэтага падатку. Ён фактычна ўводзіць забарону на няпрацу, то бок прымушае грамадзян працаваць. А такога абавязку ў грамадзян няма. Ёсьць права на працу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG