Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад чым гетман Астроскі перамог 80000 маскавітаў?* ВІДЭА

абноўлена

Як слушна: Орша ці Ворша?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:13:15 0:00
Наўпроставы лінк

Як слушна: Орша ці Ворша?

Ізноў паўстае пытаньне пра назву гораду, пад якім адбылася перамога:

ПАД ОРШАЙ ці ПАД ВОРШАЙ.

Адказ зьвязаны з важнымі законамі беларускай фанэтыкі, з адчуваньнем мілагучнасьці па-беларуску.

«Другое месца беларускай паводле мілагучнасьці пасьля італьянскай», ды яшчэ нібыта паводле нейкіх дасьледзінаў ААН, на жаль, толькі прыгожая байка, якая цешыць нашае самалюбства. Няма і ня можа быць унівэрсальных крытэраў мілагучнасьці для розных моваў сьвету. Недзе ёсьць музычны націск, як у кітайскай ці грэцкай ці літоўскай. Недзе амаль адны галосныя, як у ціхаакіянскіх мовах (выспа Eiao ў Францускай Палінэзіі), а недзе суцэльныя зычныя, як у мовах чаркесаў, якіх на месцы цяперашняга Сочы нішчыла Расейская імпэрыя: ххъкIбкъвылкI або забароненай у Расеі абазінскай лацінкай xqk’bq’wəlk’ ‘тры дзежкі пад сьмятану’ па-абазінску. І кожнаму мілыя гукі ягонае мовы.

Беларуская мова прыблізна пасярэдзіне. Слова мілагучнасьць, хутчэй за ўсё, прыдумаў Вацлаў Ластоўскі, але першае рацыянальнае азначэньне яму даў тонкі, чуйны да слова паэт – Уладзімер Дубоўка. Ён браўся за мовазнаўства – кранаў і лексыку, і стылістыку, і нават графіку: ствараў літары. Друкаваў сваё ў часопісе «Ўзвышша», які рэдагаваў. Дубоўкавы мовазнаўчыя працы, вельмі паэтычныя, пасьля ягонага арышту ў 1930 годзе замоўчваліся, адкрыліся яны шырокаму чытачу толькі напярэдадні развалу СССР.

Трэба адзначыць (...), што найбольш мілагучныя мовы сьвету (італьянская і ўкраінская) маюць тую асаблівасьць, што бадай заўсёды ў словах, сказах спатыкаецца роўная колькасьць галосных і зычных (1:1). Гэта прапарцыйнасьць ва ўкраінскай мове часам парушаецца, але кампэнсуецца і ўраўнаважваецца асобнымі эўфанічнымі спосабамі (пераход «в» на «у» ў вядомых выпадках і г.д.).

Беларуская мова збольшага набліжаецца паводле чаргаваньня галосных і зычных гукаў да згаданых моваў (1:1,2; 1:1,3), але ўсё ж поўнай раўнавагі не дасягае. На дапамогу прыходзяць асабліва музычныя гукі (падвойныя мяккія зычныя, а такжа д'з'; ц'; л'; н' і г.д.), якія, спатыкаючыся ў вялікай колькасьці, надзвычайна ўзбагачаюць гукавую кампазыцыю. На фоне гучаньня гэтых мяккіх цьвярдыя вылучаюцца ў якасьці акампануючых, што ў агуле і дазваляе дасягнуць найвялікшай мэлядыйнасьці.

“Некаторыя прыватныя выпадкі мілагучнасьці нашае мовы”. Узвышша, № 4, 1927 г.

І далей Дубоўка тлумачыць, якая зьява парушае «мэлядыйнасьць». Гэта зьбегі падобных:

...У нашай мове, як і ў іншых, часта-густа спатыкаецца зьбег галосных і зычных гукаў, чым парушаецца мілагучнасьць. Першы выпадак ...умовімся азначаць беларускім словам жось, другі выпадак ...умовімся азначаць словам турэц.

Гэтыя ёмістыя словы Дубоўка ўзяў з мовы дзьвінскіх плытагонаў, запісанай паводле корніка (старэйшага плытагона) Пятра Рудака зь Дзісны:

"Жось – ...прыцішаная плынь вады па пяшчаным і ўсыпаным каменьнем дне. Турэц – прысьпешаная плынь вады, сьцісьненая з двох бакоў каменнымі стромкімі лехамі”.

Словы ня штучныя, я праверыў. Жось – мае варыянт жэсь ‘камяністая мель’, віцебскае. Этымалягічны слоўнік беларускай мовы ўзводзіць слова да таго ж кораню, што і жарства ‘буйны пясок з каменьчыкамі’, але, на маю думку, тут бліжэйшы балцкі корань, напр., літ. žiezdra 'жвір, шчэбень'

Турэц
Турэц

Турэц – больш празрыстае слова, параўнай турыць 'хутка ехаць, бегчы'. Іван Насовіч лічыў слова гукаперайманьнем – ад грукату калёсаў пры хуткай язьдзе. Адсюль жа турок – цацка ваўчок; прыклад з Насовіча: «Мяне туды-сюды ганяюць, як туркá».

Каб гісторыя Беларусі ў ХХ стагодзьзі пайшла інакш, хто ведае, мо гэтыя словы – жось і турэц – прыняліся б як тэрміны беларускага мовазнаўства.

Далей Уладзімер Дубоўка апісвае некалькі спосабаў, якімі беларуская мова ўнікае такіх зьбегаў, вяртае сабе плаўнасьць зьмены зычных і галосных.

В+О+РША

Вернемся да Оршы/Воршы, каб пабачыць спосабы дасягненьня мілагучнасьці, якіх у гэтым слове ажно два.

У самых старых тэкстах (напр., у Іпатаўскім летапісе) была РЪША. Этымолягі бачаць у ім корань р(ъ)ш, параўн. Ірша – рака на Валыні. Знакаміты літоўскі мовазнаўца Казімерас Буґа (зь якім пагаджаўся мэтр славянскай этымалёгіі Макс Фасмэр) углядаў тут адзін корань са словамі русло і rusėti 'цекчы' (літ.). Стары кароткі галосны, які абазначаўся літарай ъ, зьнік, і атрымаўся цяжкавымоўны пачатны зьбег двух зычных рш-.

Значыць, о- тут прыстаўны галосны гук, які палягчае вымаўленьне двух пачатных зычных, разбаўляе іхны зьбег – турэц па-дубоўкаўску.

Яўхім Карскі
Яўхім Карскі

Яўхім Карскі ў «Беларусах» («Мова беларускага народу», вып. 1, 1903) узнаўляе эвалюцыю імя гораду:

Першапачаткова націск, верагодна, быў на канцы і толькі пры злучэньні з прыназоўнікамі націск ставіўся на ó: кó Ръши [параўн.: нá Ръши...], а затым з разьвіцьцём галоснага перад р паводле аналёгіі падобных выпадкаў націск назаўсёды заставаўся на о.

З ко Ръши атрымалася к Орши. Карскі таксама прыводзіць аналёгіі з прыстаўным о- (а-) зь беларускіх гаворак: аржаны, аржа (і іржа), амшара, Амціслаў.

Іншую пераканаўчую этымалёгію назвы гораду (але не супярэчную вышэйзгаданай) дае вядомы беларускі тапаніміст Іван Яшкін. У сваіх родных мясьцінах на Прапойшчыне (цяперашні Слаўгарадзкі р-н) ён зафіксаваў словы аршá і аршáвіна 'балота з камякамі жалезнай руды; гразь, што ніколі не перасыхае, зь пялёнкай вокісу жалеза паверх'.

У кожным разе, атрымалася Орша. Слова з пачатным губным галосным о-.

Але і такія словы у беларускай мове зазналі далейшае «умілагучненьне». Мова імкнулася прыкрываць такія пачатныя галосныя пэўным зычным. Найперш – пасьля прыназоўніка у, калі ўтвараўся зьбег галосных, жось па-дубоўкаўску:

*у оку / *у[w]оку (устаўны губны паўгалосны гук) / у воку

Дакладна гэтаксама – у Воршы. Сказаць «у Оршы» па-беларуску немагчыма, трэба выломваць язык. Адсюль і пайшла Ворша – ва ўсіх склонах і словазлучэньнях.

Ворша, але ня Вош

Беларускі гук в часта розьніцца ад расейскага, ён плаўнейшы, санорны, бо вымаўляецца дзьвюма вуснамі, а расейскі – толькі шумны, губна-зубны. Таму беларускі гук лёгка пераходзіць у «паўгалосны» ў, і «рыса гэта якідаецца ў вочы нярускім назіральнікам», кажа Яўхім Карскі. Далучэньне в- да словаў з пачатнымі о-, у- стала правілам для ўласнабеларускай лексыкі: вобмаль, Восіп, Вольга, Вуляна, вох, вой (выклічнік).

Таму ў беларускай мове вельмі мала словаў, якія пачынаюцца на о- (у параўнаньні з расейскаю ці польскаю). Наагул частотнасьць літары о ў нас меншая, і на добры лад месца о ў беларускім раскладзе клявіятуры мела б быць збоку (а вось э – бліжэй да сярэдзіны, чым у расейскім).

Параўнальна недалёка ад Воршы гнязьдзіцца назва Обаль: рака, прыток Дзьвіны; возера ў Гарадоцкім р-не; мястэчка («гарадзкі пасёлак») у Шумілінскім раёне на р. Обаль; вёскі ў Гарадоцкім і Сеньненскім раёнах.

Валянціна Лемцюгова празрыста тлумачыць іхную этымалёгію: «Паселішча, заснаванае на обельнай (вобельнай) зямлі, г. зн. набытай на правах абсалютнай уласнасьці. Ад старажытнага слова обел (вобел) 'у поўную ўласнасьць'».

Вобаль, палац Грабніцкіх
Вобаль, палац Грабніцкіх

Я б, аднак, дадаў, прынамсі што да назвы ракі. Гідронімы, як правіла, больш старажытныя за назвы паселішчаў. Вельмі шмат балцкіх назваў рэк з падобнымі каранямі; зьвязаныя яны ці не зь яблыняй – obelis (літ.) – ня гэтак істотна. У кожным разе форма Вобаль мусіць стаць асноўнай.

Асобна мушу сказаць пра раку, прыток Бярэзіны (Усходняй), назва якой фіксуецца ў афіцыйных даведніках у двух варыянтах: Ольса і Вольса. Іван Яшкін узводзіць яе да народнага слова вольс 'нізінны альховы лес' (бывае і алёс). Ёсьць аднакаранёвыя – возера Волься ў Пастаўскім р-не. Думаю, для тых, хто ўжывае гэтую назву, важна ведаць: беларускай фанэтыцы адпавядае толькі Вольса.

Пачатнае О- (а ня Во-) – гэта часта індыкатар небеларускасьці назвы. Ош мы не перарабляем у «Вош», Омск у «Вомск».

Але ў некаторых рэгіёнах Беларусі з прычыны ці то асаблівасьцяў гаворак, ці то іншамоўных уплываў пачатковы о- магчымы (поўнач Беларусі, Заходняе Палесьсе – г. зн. не асноўны масіў).

Дыялекталягічны атляс беларускай мовы. Наяўнасьць/адсутнасьць прыстаўных зычных перад о-, у-
Дыялекталягічны атляс беларускай мовы. Наяўнасьць/адсутнасьць прыстаўных зычных перад о-, у-

Укладальнікі шасьцітамовага даведніка «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь” на чале з Валянцінай Лемцюговай паспрабавалі разьвесьці, паклясыфікаваць беларускія тапонімы на О- і Во- (і аналягічна на У- ці Ву-):

  • у залежнасьці ад мясцовага вымаўленьня пісаць Водруб ці Отруб, Востраў ці Остраў;
  • назвы зь цьмянай этымалёгіяй пісаць бяз В- (Олтуш, Ордань, Урведзь, Устронь, Уць);
  • назвы рэк неславянскага паходжаньня пісаць бяз В- (Олксна, Опса, Ужа, Узда, Ула, Уса, Усяжа, Уша);
  • і толькі ў геаграфічных назвах славянскага паходжаньня пісаць прыстаўны В- (Вобчае, Восава, Воступ).

Крытэры, на жаль, размытыя. Напрыклад, ці «славянскі» балтызм вольс, якому ў мове нашых продкаў тысяча гадоў? Але ў кожным разе Ворша трапляе хутчэй у чацьвертую групу, а значыць, мае пісацца з В-.

Зь іншага боку, нават у прозьвішчах ня ўсе беларусы маюць прыстаўное В- перад О-: Орда, Орса, магнаты Осьцікавічы. Але ці добра мы робім, калі айца ўкраінскага канстытуцыяналізму Піліпа Орліка (1672—1742), народжанага ў Касуце пад Вялейкай, не называем Ворлікам? Пагатоў ёсьць птушка ворлік, ёсьць ворлік (Aquilegia) – кветка сям. казяльцовых, бывае нават такая мянушка каня.

Герб Ворлікаў «Навіна»
Герб Ворлікаў «Навіна»

Паводле школьнага правіла, прыстаўны в- «прыкрывае» пачатны галосны о- пад націскам, а калі ён пераходзіць у а-, то не «прыкрывае». Таму – вокны, возера, але акно, азёры. Праўда, жывая мова гэтаму правілу супрацівіцца, яно непасьлядоўнае (вочы – вачэй). Бо інакш як у[в]азёрах ня скажаш. У кожным разе, перад а- рэглямэнтацыя ня жорсткая. Таму Ворша, але ўсё ж аршанскі.

Белорусский зверь ожик

Расейцы чуюць гэтыя нашыя прыстаўныя/устаўныя, але спрабуюць іх адкідваць, калі перадаюць па-свойму нашыя ўласныя найменьні. Назвы ракі Вольша (або Сухадроўка, прыток Лучосы) і возера Вольшыца (у Бярэзінскім запаведніку) па-расейску перадаюць «Ольша» і «Ольшица». Хаця варта захоўваць у любой мове арыгінальную беларускую форму. Гэтага ня робіцца, і ў выніку ўзьнікаюць экзатычныя назвы накшталт «Ожики» (гэта нашыя свойскія і сымпатычныя Вожыкі, вёска ля Радашкавічаў).

Некалі на мае моўныя курсы запісаўся чалавек з прозьвішчам, якое па-расейску пісалася Вариоцкий (прашу ў яго прабачэньня, што прыводжу прыклад, але ж важна для іншых). Калі фармальна, паводле фанэтычных правілаў, перадаць такое напісаньне па-беларуску, атрымліваецца Варыёцкі. Этымалёгія прозьвішча зацямняецца канчаткова. Але ў Беларусі пашыраныя прозьвішчы Варывода, Варыводзкі, з празрыстым паходжаньнем, утвораныя ад старадаўняй мянушкі. Відавочна, расейскія чыноўнікі некалі прынялі гук [в] у сярэдзіне слова за ўстаўны (накшталт Иларион – Ларывон) і выкінулі яго.

Дарэчы, у беларускай мове такія грэцкія з паходжаньня імёны, як Лявон, Радзівон, Ларывон, асвоіліся вельмі даўно і таму вымаўляюцца й пішуцца з устаўным -в- (не “Радыён”, гэта памылка).

І вымавіць слова «наогул» адпаведна яго напісаньню няма як. Або зьяўляецца ўстаўны гук в – [навогул] – або ссоўваецца націск, атрымліваецца наагул, прычым [аа] сьцягваецца ў адзін гук.

Прыстаўных і ўстаўных для “разбаўленьня” непажаданых зьбегаў у нас шмат. Пра іншыя – наступнымі разамі.

*Правільны адказ: пад харугвамі з Пагоняй

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG