Актывісты Гарадзенскай арганізацыі Абʼяднанай грамадзянскай партыі разаслалі па ўсіх райвыканкамах вобласьці лісты з патрабаваньнем, каб на сайтах была беларуская моўная вэрсія.
Паводле кіраўніцы абласной арганізацыі АГП Аляксандры Васілевіч, яны патрабуюць толькі выконваць дзейнае заканадаўства.
Паводле Васілевіч, сытуацыя з ужываньнем беларускай мовы на сайтах раённых уладаў Гарадзенскай вобласьці яе зацікавіла пасьля таго, як яна азнаёмілася з вынікамі маніторынгу, праведзенага Цэнтрам прававой трансфармацыі Lawtrend.
Арганізацыя вывучыла 135 сайтаў мясцовых органаў выканаўчай улады, у тым ліку 128 — базавага ўзроўню, то бок райвыканкамаўскіх. Аналіз паказаў, сярод іншага, што на ніводным з дасьледаваных сайтаў не былі прадстаўленыя ўсе абавязковыя для разьмяшчэньня катэгорыі інфармацыі.
Акрамя гэтага, Васілевіч зацікавіла тое, што на сайтах раённых органаў улады Гарадзенскай вобласьці няма беларускай моўнай вэрсіі, якая павінна існаваць паводле дзейнага заканадаўства.
— Цікавым выявілася тое, што на час правядзеньня маніторынгу сайт Гарадзенскага аблвыканкаму быў адзіны ў краіне сярод аблвыканкамаўскіх, які меў беларускую вэрсію, а на сайтах раённых выканкамаў вобласьці практычна няма беларускай мовы, хоць паводле дзейнага заканадаўства яны павінны прадстаўляць інфармацыю на дзьвюх дзяржаўных мовах.
Васілевіч найперш зьвярнулася ў Гарадзенскі гарадзкі і абласны выканкамы. І, паводле яе, адмыслоўцы, зь якімі давялося размаўляць, з разуменьнем паставіліся да яе заклапочанасьці.
— І ў Гарадзенскім абласным, і ў гарвыканкаме сайтамі насамрэч займаюцца адмыслоўцы, а таму і размаўляць было нескладана. Ніякіх пярэчаньняў наконт таго, каб на сайце была беларуская мова, ні ў кога зь іх не было. Наадварот, яны казалі, што пасьля Новага году беларускую вэрсію сайтаў імкнуцца або ўдасканаліць, або запусьціць. Да ўсяго, мы гаварылі ня толькі пра беларускамоўны варыянт сайта, а і пра тое, што ён слаба абнаўляецца, што нестае інфармацыі пра рашэньні, паседжаньні, пляны ўлады. І сапраўды я адчула, што людзі на шляху да выпраўленьня і гэтых прабелаў.
Што да сайтаў райвыканкамаў, то, паводле Васілевіч, яны ня толькі ня маюць беларускай вэрсіі, а падчас папросту не вытрымліваюць ніякай крытыкі.
— Усе яны зроблены паводле адзінага шаблёну агенцтвам БЕЛТА, беларускай вэрсіі няма. Але на некаторых зь іх інфармацыя не абнаўляецца па некалькі месяцаў, выглядаюць яны прымітыўна і яўна не разьвіваюцца.
Васілевіч разам зь іншымі сябрамі АГП разаслала лісты ва ўсе райвыканкамы вобласьці з патрабаваньнем да ўладаў выконваць дзейнае заканадаўства і ўвесьці на сайтах беларускамоўную вэрсію.
— Я разам з сваімі сябрамі па партыі не патрабавала ад уладаў чагосьці надзвычайнага, а толькі выконваць дзейнае заканадаўства. На сёньня ўжо атрымала адказ з шасьці райвыканкамаў. Дык вось з чатырох мне паведамілі, што такая работа вядзецца і ў наступным годзе плянуецца запусьціць беларускамоўную вэрсію сайта. А чыноўнікі з Карэлічаў і Бераставіцы пэўныя, што заканадаўства не парушаюць, і пра зьмены на сайце нават ня ўзгадваюць. Я ўжо даслала скаргі з гэтае нагоды да абласнога кіраўніцтва. Будзем і надалей адсочваць гэтую праблему.
Актывіст АГП з Астравецкага раёну Мікалай Уласевіч таксама атрымаў адказ з раённага выканкаму адносна вэрсіі беларускамоўнага сайта. Паводле яго, чыноўнікі канкрэтна нічога не напісалі — толькі тое, што ў наступным годзе плянуюцца зьмены на сайце. Такое стаўленьне чыноўнікаў абурае Ўласевіча, бо, паводле яго, у апошнія гады беларуская мова заўважна страціла сваю вагу ў раёне.
— Цяпер паглядзіш, то нават нідзе ніякай абʼявы ўлады па-беларуску ня робяць, нават на рознага кшталту плякатах і падчас сьвяткаваньняў з вуснаў чыноўнікаў беларускай мовы практычна не чуваць. І вось у адказе, як зьдзек, напісалі, што плянуюць удасканальваць сайт, а адносна мовы не сказана ніводнага слова. Але ж за гэта нехта павінен несьці адказнасьць.