Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Рэфэрэндуму ня будзе. Лукашэнка выступіў са штогадовым пасланьнем да дэпутатаў і народу. Цытаты і камэнтары

Аляксандар Лукашэнка 24 сакавіка выступае са штогадовым — ужо 22-м — пасланьнем да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. Выступ доўжыўся 80 хвілін. Свабода выбрала самае важнае.

«Таптаньне на месцы»: Штогадовыя пасланьні Лукашэнкі пятага прэзыдэнцкага тэрміну

Два гады таму першае пасланьне Аляксандра Лукашэнкі на пятым прэзыдэнцкім тэрміне было даволі кароткім (паўтары гадзіны) і даволі кансэрватыўным, сэнсацыйных заяваў не прагучала. Год таму пасланьне было ўжо даўжэйшым (дзьве з паловай гадзіны), запомнілася хутчэй кур’ёзамі: «Мясьніковіча вешалі», «Макей высах», «Коля сьпіць на ўроках​»…

Лідэр Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч заявіў, што, паводле інфармацыі «з розных крыніц», Лукашэнка 24 красавіка агучыць пытаньні заплянаванага рэфэрэндуму.

Ставіцца задача разьвіцьця фінансавага рынку. Але для гэтага патрэбна стварэньне паўвартасных рынкавых інстытутаў. Напрыклад, фарміраваньне фондавага рынку. А гэта несумяшчальна зь беларускай сацыяльнай мадэльлю зь вялізным дзяржаўным сэктарам эканомікі.

Пра рост лічбавай эканомікі

Лукашэнка заявіў, што экспарт Парку высокіх тэхналёгій за год вырас на 25%. Да падпісаньня ўказу аб лічбавай эканоміцы рэзыдэнтам парку станавілася 1 кампанія ў месяц, а пасьля ўстуленьня ў сілу дакумэнта за тры месяцы ад пачатку году — ужо больш за паўсотні суб’ектаў.

Раманчук: З рэцэсіі выходзім, але ня дзякуючы ўладам

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук, кіраўнік фонду Мізэса, камэнтуе Лукашэнку:

«Так, з рэцэсіі пакрыху выходзім. Але дзякуючы выключна спрыяльным вонкавым фактарам. Найперш праз тое, што не патрабуе эканамічнай палітыкі: росту цэнаў на сусьветным рынку на нафтапрадукты і калійныя ўгнаеньні. Гэта ўсё дзякуючы нашай прыродзе, нашай зямлі».

«Прырост ВУП у 100 мільярдаў даляраў за пяцігодку атрымаць можна. Але пры адной умове — прэм’ерам стану я, а Кабякоў пойдзе ў адстаўку».

Пра ІТ-краіну

Лукашэнка нагадаў, што вядзецца праца на актуалізацыю заканадаўства аб разьвіцьці прадпрымальніцтва і папярэдзіў, каб чыноўнікі ня ўмешваліся са сваёй «самадзейнасьцю».

«Вымалёўваюцца контуры ІТ-краіны, што дазволіць нам заняць пачэснае месца ў глябальных працэсах. Беларусь павінна стаць правабным пунктам на мапе сьвету. І, дарэчы, чаму сёньня нашым людзям выгадна лятаць адкуль заўгодна — зь Вільні, з Кіева — толькі ня зь Менску. Так быць не павінна».

Лукашэнка кажа пра тое, што эканоміка павінна расьці, каб «даганяць разьвітыя краіны». На самай справе, апошнія 6 гадоў эканоміка Беларусі толькі падала, павялічваючы сваё адставаньне. ВУП Беларусі ў 2016 годзе ў далярах (5092) — меншы, чым у 2008 годзе (6367). Сярэдні заробак таксама цяпер яшчэ не дасягнуў узроўню 2010 году, тых самых славутых абяцаных «па пяцьсот» няма.

Ужо каторы год у пасланьнях Лукашэнкі ставіцца задача аддзяліць дзяржаўнае кіраваньне эканомікай ад камэрцыйнай дзейнасьці канкрэтных прадпрыемстваў. І каторы год нічога не мяняецца.

Пра перабудову

«Савету міністраў неабходна правесьці пераатэстацыю ўсіх кіраўнікоў — дырэктараў, міністраў. Усе мусяць адпавядаць патрабаваньням новага часу. Дзяржаўны апарат таксама мусіць перабудоўвацца — там павінны працаваць найлепшыя людзі, прафэсіяналы», — заявіў Лукашэнка.

Пра 100 мільярдаў даляраў росту ВУП

Лукашэнка падкрэсьліў, што сярэднетэрміновая ўстаноўка даведзена да ўсіх галінаў улады — рост ВУП за пяцігодку мае скласьці ня меней за 100 мільярдаў даляраў. І гэта тычыцца ня толькі традыцыйных суб’ектаў гаспадараньня — МАЗ, БелАЗ, МТЗ, «Беларуськалій».

«Неабходна дапамагаць бізнэсу ствараць новыя вытворчасьці. Час плянавай эканомікі адышоў у мінулае. Талковыя ўпраўленцы становяцца на вагу золата», — заявіў Лукашэнка.

Пра беларускую унікальнасьць

«Свой посьпех мы ствараем толькі розумам нашых людзей, і ў гэтым наша ўнікальнасьць,— заявіў Лукашэнка.— Але лёгкага жыцьця ня будзе, бо санкцыйныя войны так ці інакш закрануць і нас. Наша задача — быць адкрытымі для лепшага і расьці хутчэй за іншых. Яшчэ год таму мы былі настроеныя на больш сьціплыя вынікі, але руплівая праца дала вынік — нізкі ўзровень інфляцыі, аднаўленьне экспарту. Друкавальны станок няма патрэбы ўключаць. Упэўнена выходзім з двухгадовай рэцэсіі», — адзначыў Лукашэнка.

Пра вайсковую сілу

Паводле Лукашэнкі, зноў робіцца стаўка на вайсковую сілу як спосаб прасоўваньня сваіх інтарэсаў:

«Чуюцца галасы пра вяртаньне ня тое, што халоднай, а „ледзяной вайны“. Гэта шлях у нікуды. Тыя часы, калі дзяржавы маглі жыць і не азірацца на іншых, беззваротна мінулі. Вобраз сусьветнай эканомікі вызначаюць не асобныя эканомікі, а гіганцкія транснацыянальныя ўтварэньні».

Дасюль беларусы жылі думкай: абы не было вайны. Цяпер Лукашэнка прапануе новую формулу: абы не было рэвалюцыі.

Пра эпоху нестабільнасьці

Аляксандар Лукашэнка пачаў з заявы, што чалавецтва ўвайшло ў эпоху нявызначанасьці і працяглай нестабільнасьці:

«Больш няма месца, дзе можна схавацца і назіраць за тым, што адбываецца навокал. Абвастраецца барацьба за месца ва ўсясьветнай герархіі. Рост канфрантацыі проста зашкальвае. Нацыянальны эгаізм, эгацэнтрызм, ігнараваньне міжнародных нормаў становіцца правіламі міжнародных гульцоў. Разгортваюцца гандлёвыя войны — нават найбліжэйшы партнэр Расея блякуе доступ на свой рынак. Цукровыя, малочныя войны — таму пацьверджаньне».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG