Эканамічны крызіс у Грэцыі адбіўся на колькасьці ахвотных адпачываць у гэтай краіне: кіраўніцтва турыстычнай галіны канстатуе, што загружанасьць гатэляў упала на 50 тысяч чалавек у пераліку на суткі.
Многіх непакоіць няпэўнасьць — Грэцыя не выплочвае даўгі па крэдытах і фактычна апынулася ў стане дэфолту. Апроч таго, на маючым адбыцца 5 ліпеня рэфэрэндуме ўрад Алексіса Цыпраса заклікае грамадзянаў галасаваць супраць «бессаромных ультыматумаў» міжнародных крэдытораў, што можа ўскладніць сытуацыю.
Хоць улады і запэўніваюць, што ўнутраныя праблемы ніяк не закрануць турыстаў, на практыцы замежнікі таксама раз-пораз сутыкаюцца з пустымі банкаматамі, немагчымасьцю аплаціць паслугі праз картку і г.д. Зрэшты, як кажа прадстаўніца турыстычнай кампаніі ў Салоніках Дар’я Лебедзева, у бальшыні выпадкаў гэта можна сьпісаць на выдаткі пераходнага пэрыяду:
«Грэцкае Міністэрства эканомікі яшчэ ў суботу заявіла, што трымальнікі картак замежных банкаў ні ў якім разе не пацярпяць, змогуць без праблемаў здымаць наяўныя сродкі ў банкаматах. Ліміт усталёўваецца ня Грэцыяй, а банкам кліента — будзь ён беларускі, чэскі ці нямецкі. То бок які ліміт на дзень банк вызначае (калі такое абмежаваньне існуе), столькі банкамат у Грэцыі зможа выдаць турысту грошай. Невялікія замінкі былі ў суботу і нядзелю, калі ў турыстычных курортных пасёлках проста скончыліся наяўныя грошы, бо на той час яшчэ ня быў усталяваны ліміт для грэкаў. Груба кажучы, адзін банкамат бярэ 200 тысяч эўра, і ўсю тую суму выбралі грэкі, якія ад раніцы прастаялі ў чарзе, вось і ўсё. Проста не пасьпелі зноў заправіць грашыма, і ў выходныя быў такі вось форс-мажор».
Нягледзячы на абяцаньні «крызісных зьніжак», якімі поўняцца сайты турапэратараў, грэцкі адпачынак для беларусаў ня самы бюджэтны — тыдзень на моры цягне ў сярэднім на 500–600 эўра з чалавека ў трохзоркавым гатэлі (большая зоркавасьць запатрабуе дадатковыя 200–300 эўра). Гэта пры ўмове вылету зь Менску, варыянты з аэрапортаў суседніх краінаў больш прывабныя. І хоць апошнім часам — перадусім на тле аслабленьня эўра да даляра — Грэцыя трапіла ў лік запатрабаваных беларусамі кірункаў, у любым выпадку гэта даражэй, чым Баўгарыя, Румынія ці Чарнагорыя. Канкурэнцыю сёлета можа скласьці хіба што Туніс — нядаўняя тэрарыстычная атака на пляжы ў Сусе прымушае агентаў прапаноўваць туры па сабекошце. Але гэта адпачынак для адважных.
Гэты тыдзень грэцкія банкі не працуюць увогуле і маюць адчыніцца толькі 7 ліпеня. Таму ледзь не галоўная парада, якую даюць турапэратары сваім кліентам, — максымальна запасацца наяўнымі грашыма, не асабліва спадзеючыся на мясцовую банкаўскую сыстэму.
Праўда, як кажа турыстычны мэнэджэр Дар’я Лебедзева, пакуль замежнікам наракаць асабліва няма на што:
«Адзінае, вядома, турысты цікавяцца, як, напрыклад, будзе вырашацца пытаньне з пастаўкамі тавараў у тыя ж гатэлі, кавярні, дзіцячыя лягеры, зь якімі мы ў тым ліку працуем. Але з гэтым ніякіх праблемаў няма, таму што існуюць запасы, ніхто галодны не застанецца. Натуральна, разьлікі будуць весьціся ўжо потым, пасьля закрыцьця сэзону. Цяпер людзі працуюць па чэках — гэта калі выпісваецца чэк і аплата робіцца постфактум. Апроч таго, турысты, якія зьбіраюцца ў Грэцыю, цікавяцца магчымасьцю банкаўскіх транзакцыяў. Дык вось для замежнікаў усе апэрацыі па транзакцыі даступныя. Можна купляць як прадукты ў супэрмаркетах, так і адзеньне ці абутак у крамах, аплочваць карткай розныя паслугі. Пытаньняў збольшага няма, усё працуе, асаблівых нараканьняў і скаргаў не было».
Неакрэсьленасьць будучыні Грэцыі, перамовы зь якой крэдыторы адклалі да падсумаваньня вынікаў рэфэрэндуму, можа істотна падарваць інфраструктуру, вельмі залежную ад турбізнэсу. Паводле афіцыйных дадзеных, штогод на марскім узьбярэжжы Грэцыі адпачываюць больш за 20 мільёнаў чалавек, дзясяткі тысяч мясцовых людзей задзейнічаныя ў сфэры абслугоўваньня. Скарачэньне людзкога прытоку, выкліканае беспрэцэдэнтным дэфіцытам бюджэту, найперш адрэзануе на шараговых грэках — а шмат каго зь іх сэзонны наплыў турыстаў корміць цэлы год.