Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куцьця і туман, гасьцінец і пірог, а нават страшны суд – Міцкевічавы беларусізмы


Зусім натуральна, што Міцкевіч — першы ўсясьветна знаны творца XIX ст, народжаны ў Беларусі, — творам свайго жыцьця лічыў паэтычную драму "Дзяды". Піша Вінцук Вячорка

Дзяды пачалі вяртацца ў агульнанацыянальны каляндар у 1987 годзе дзякуючы "Тутэйшым", а ў 1988-м, арганізаваныя "Тутэйшымі" і "Талакой", вярнуліся канчаткова — з імпэратыўным напамінам пра ахвяраў камуністычнага таталітарызму і на традыцыйным народным грунце адказнасьці перад продкамі.

Дзяды 1987
пачакайце
Embed

No media source currently available

0:00 0:00:37 0:00
Наўпроставы лінк

Цягам вякоў Дзяды як каляндарны абрад былі каштоўнаснаю, сьветапогляднаю пазнакаю беларускай цывілізацыі. Зусім натуральна, што Міцкевіч — першы вялікі, усясьветна знаны творца XIX стагодзьдзя, народжаны ў Беларусі, — творам усяго свайго жыцьця лічыў паэтычную драму "Дзяды".

Твор гэта трагічны і містычны, складанай жанравай прыналежнасьці й дзіўнай кампазыцыі (з нумарацыі частак пачынаючы), поўны мэтафараў — і празрыстых, і дасюль не расшыфраваных, разважаць пра яго можна бясконца; лепш чытайма і перачытвайма "Дзядоў" у арыгінале і ў беларускіх перакладах.

20 рублёў. Манэта Нацыянальнага банку Беларусі
20 рублёў. Манэта Нацыянальнага банку Беларусі

Крыху пра Міцкевічавы "Дзяды" з моўнага гледзішча. Ужо назва Dziady — граматычна не зусім польская літаратурная, па-польску множны лік асабовага назоўніка dziad — dziadowie. Сам Міцкевіч падкрэсьлівае, што абрад памінаньня продкаў Дзяды бытуе на Літве (у тагачасным значэньні), у Курляндыі й Прусіі. Такім чынам, Дзяды розьняць Беларусь і ад Расеі, і ад кароннай Польшчы, дый ад Украіны.

Дзядоўская сымболіка лучыць усю складаную будову Міцкевічавага твору — ад народнага абраду на чале з Гусьляром да палітычна-філязофскіх алюзіяў і высноваў.

"Дзяды". Нацыянальны тэатар у Варшаве, 1967 г. Спэктакль натхніў студэнцкую моладзь на маніфэстацыю пратэсту супраць таталітарызму і савецкага паняволеньня. (Фота з архіву тэатру)
"Дзяды". Нацыянальны тэатар у Варшаве, 1967 г. Спэктакль натхніў студэнцкую моладзь на маніфэстацыю пратэсту супраць таталітарызму і савецкага паняволеньня. (Фота з архіву тэатру)

Лінгвіст і колішняя амбасадарка Польшчы ў Беларусі Эльжбета Смулкова ўвяла ў навуковае абарачэньне дасьледзіны Алімпіі Сьвяневічавай, родам з-пад Радашкавічаў. Яна даводзіць, што апетыя Міцкевічам Дзяды ў беларусаў былі перадусім восеньскім сьвятам, з паходжаньня дахрысьціянскім, якое стала пазьней неад'емнаю часткаю ўніяцкага календара. Расейская праваслаўная царква зацята з восеньскімі Дзядамі змагалася. Але Дзяды адзначалі і пад Расеяй — патаемна. Колішні Лепельскі павет, в. Бабынічы, запрашэньне духаў на могілках, дыялёг Старца і Хору:

Старац: У госьці мы к вам прышлі.

Хор: Дзяды, дзяды.

Старац: Mалачко прынясьлі.

Хор: Дзяды, дзяды.

Старац: Kaшу, мёду нясьлі.

Хор: Дзяды, дзяды.

Старац: Ня бойцясь, душы, ні ксяндзоў, ні папоў, самі сваі прышлі.

Хор: Дзяды, дзяды.

Старац: Ешце, пійце, душы.

Хор: Дзяды, дзяды.

Старац: Ешце, пійце ўсе.

Хор: Дзяды, дзяды…

Гэты аўтэнтычны запіс перагукаецца з заклёнамі Гусьляра з ІІ часткі Міцкевічавых "Дзядоў". Сам Міцкевіч прызнаецца: "…абрадавыя сьпевы, замовы і закляцьці вялікай часткаю пададзеныя дакладна, а недзе і даслоўна ўзятыя з народнай паэзіі".

Вільня, Базылянскія муры. Памятная табліца па-лацінску пра ператварэньне героя паэмы зь нешчасьлівага каханка ў змагара за нацыянальную справу: "Памёр Густаў, нарадзіўся Конрад. 1 лістапада 1823 году".
Вільня, Базылянскія муры. Памятная табліца па-лацінску пра ператварэньне героя паэмы зь нешчасьлівага каханка ў змагара за нацыянальную справу: "Памёр Густаў, нарадзіўся Конрад. 1 лістапада 1823 году".

У ІІІ частцы паэмы мэтафара ачышчальнага рытуалу Дзядоў — ужо пра лёс айчыны. Маладыя ўдзельнікі таемных віленскіх таварыстваў сустракаюць беларускі дзень памяці продкаў у кельлях-камэрах Базылянскіх муроў, куды іх кінула расейская ўлада. Правобразы герояў — рэальныя людзі: Конрад, за якім постаць самога паэта, Жагота — Ігнат Дамейка, філямат, будучы знакаміты навуковец, таксама арыштаваны ў лістападзе 1823 году, Тамаш Зан ды іншыя ўнівэрсытэцкія вальнадумцы — будучыя паўстанцы 1830—1831 гадоў. Сваімі ідэямі, творчасьцю, чыннасьцю яны стварылі ўмовы для новага беларускага адраджэньня канца XIX стагодзьдзя, бо пачалі зьвяртацца да культуры, традыцыяў, мовы беларускага народу.

Тамаш Зан, Ігнат Дамейка, Адам Міцкевіч, Антоні Эдвард Адынец, Ян Чачот
Тамаш Зан, Ігнат Дамейка, Адам Міцкевіч, Антоні Эдвард Адынец, Ян Чачот

Беларусізмы ў мове Міцкевіча бачылі ды сыстэматызавалі і польскія дасьледнікі, пачынаючы ад Галіны Турскай і Антаніны Абрэмбскай-Яблоньскай, і, вядома, беларускія навукоўцы — Станіслаў Станкевіч, Вітаўт Тумаш (псэўд. Сымон Брага), Генадзь Цыхун.

Серж Мінскевіч, аўтар поўнага перакладу "Дзядоў" на беларускую , абараніў дысэртацыю на тэму драмы, дзе таксама закранаў мову паэта. На беларускую "Дзяды" пераклаў цалкам і Кастусь Цьвірка, а фрагмэнты перастваралі Максім Танк, Максім Лужанін, Міхась Машара, Янка Сіпакоў.

"Дзяды". Берасьцейскі акадэмічны тэатар драмы. Пераклад С. Мінскевіча, С. Кавалёва. Фота: tomin.by
"Дзяды". Берасьцейскі акадэмічны тэатар драмы. Пераклад С. Мінскевіча, С. Кавалёва. Фота: tomin.by

Мовазнаўцы задаюць пытаньне, наколькі Міцкевіч выкарыстоўваў беларусізмы пад уплывам жывой беларускай мовы, якую чуў ад нараджэньня на Наваградчыне, у тым ліку ад старога слугі Блажэя з Завосься, а наколькі яны пранікалі ў ягоную творчую мову з тагачаснага так званага "культурнага дыялекту" польскай мовы, якім гаварылі адукаваныя па-польску людзі на этнічна няпольскіх тэрыторыях. (Да "пальшчызны крэсовай" мы абавязкова вернемся пазьней.)

Эльжбета Смулкова знаходзіць у Адама Міцкевіча мноства рэгіяналізмаў (то бок беларусізмаў), якія і выконваюць мастацкую ролю, і трапілі ў ягоныя тэксты незаўважна, натуральным чынам. У ліставаньні паэта беларусізмаў, у тым ліку граматычных, значна болей, чым у творах:

Przyślij mnie "Świteź" i inne Twoje nowe rymy ('Прышлі мне "Сьвіцязь" ды іншыя твае новыя вершы'), — просіць ён Яна Чачота. Тут замест przyślij mi — фактычна "прышлі мне". Zostałem jeden 'я застаўся адзін' (замест польскага zostałem sam). Шматкроць піша z im 'зь ім' (замест польскага літаратурнага z nim). Праф. Смулкова фіксуе ў Міцкевіча беларускія словы: szkodować, дай busi (замест buzi) і нават студэнцкі жарганізм Historia u mnie zawalana (заваленая; трэба zarzucona).

Асабліва шчодра Міцкевіч сыпаў беларусізмамі ў эпічнай паэме "Пан Тадэвуш", бо там пра малую радзіму. Праф. Генадзь Цыхун клясыфікуе іх, напрыклад, паводле ступені фанэтычнай палянізацыі (як з так званым поўнагалосьсем: з аднаго боку młódź — па-беларуску моладзь, па-польску młodzież, а з другога боку chołodziec і czereda). Г. Цыхун лічыць, што першыя Міцкевіч наўпрост уводзіць у польскую літаратурную мову, а другімі падкрэсьлівае мясцовы калярыт.

Чаго не разумеюць палякі

Але і ў "Дзядах" моўнае беларушчыны ня можа ня быць. У польскіх выданьнях драмы вялікі даведкавы апарат. Цікава, якія словы і выразы не зусім зразумелыя сучасным палякам. З камэнтароў да польскага выданьня 1995 году, якія трапілі ў двумоўнае выданьне Мінскевіча (тут іду ягонымі сьлядамі):

cudzy świat — у літаратурнай польскай гэта obcy świat. Па-беларуску чужы сьвет.

dotkliwa "уразьлівая, чулая". Як і беларускае датклівая. Па-польску dotkliwy — 'дакучлівы; які спрычыняе боль дотыкам'.

sumnienie "старапольская форма слова sumienie, якая пераважае ў Міцкевіча". І — дадам — ужываецца ў значэньні 'сумленьне'.

jeszcze rano (яшчэ рана назваць прозьвішча) — па-польску za wcześnie.

ani szaśnie "правінц. — nie zaszeleści". Шастаць, шаснуць у беларускай мове абазначае ня тое, што ў размоўнай расейскай. Шастаць, паводле І. Насовіча, — 'нешта кідаць з шумам'. Ані шасьне.

Камэра Конрада ў Базылянскіх мурох. Фота А. Касьцельскага
Камэра Конрада ў Базылянскіх мурох. Фота А. Касьцельскага

Turma замест "więzienie":

S t a r o s t a

Po turmach siedzi młodzież nasza,

Nam każą iść na bal*.

С т а р а с т а

Сядзiць па турмах наша моладзь,—

Нам загадаў прыйсьцi на баль.

(Пераклад С. Мінскевіча)

Граматычныя беларусізмы:

wytcze "старапольская форма, wytka" — вытча (ад тчэ).

mozgi "правінцыялізм — mózg". Па-беларуску толькі ў множным ліку: мазґі.

Панi Ралiсон (да кáта-сэнатара, які загадаў імітаваць самагубства яе сына, палітычнага вязьня): Gdzie ty! — znajdę cię, mozgi na bruku rozbiję..! У перакладзе С. Мінскевіча сэнатаравы мазґі, на жаль, прапалі: Дзе ты! Твой чэрап я на бруку разаб’ю..!

Сынтакс: u mnie cela ('у мяне кельля/камэра') — "русізм, характэрны для пальшчызны крэсовай, па-польску ja mam celę".

Міцкевіч ужывае слова stroik для апісаньня адзеньня модных дамаў, польскія камэнтатары тлумачаць, што гэта аздобленае пакрыцьцё галавы. Зьвяртаемся да беларускага дыялектнага матэрыялу — і беспамылкова знаходзім на роднай Адаму Наваградчыне: строік — галаўны ўбор, які даўней сталыя кабеты насілі пад хусткай.

А яшчэ куцьця, туман, гасьцінец, пірог, гляк, скрадаць, магільнік, май у значэньні 'зеляніна', людзкасьць у значэньні 'чалавечнасьць'... І нават выжнік і ніжнік — дама і валет у картах, у Ластоўскага вышнік і ніжнік. А яшчэ фанэтычныя беларусізмы zmije замест żmije 'зьмеі', pohański замест pogański з [г] фрыкатыўным…

Урэшце, фразэалягізмы:

oczy na łeb wybiegły "wytrzeszczyły się, wystąpiły z orbit". Вочы на лоб вылезьлі.

Straszny sąd — па-польску "sąd ostateczny". Што-што, а гэты выраз Міцкевіч, відаць, чуў зь дзяцінства па-беларуску, прычым у двух варыянтах: Страшны суд і Божы суд.

Алесь Пушкін. Пекла
Алесь Пушкін. Пекла

І нават ужыў яго ў жартоўным, але суворым сяброўскім папярэджаньні, адзіным рукапісным радку па-беларуску, які да нас дайшоў: Na Bożom sudzie wsiem w ż… budzie. (Хаця для нас цяперашніх скарочанае слова хутчэй русізм, маем сваё).

Імпэрыя і Беларусь

Слова дзяржава (па-польску państwo) — у фрагмэнце пра Пятра І ды яго наступнікаў, але ў вельмі актуальным кантэксьце:

Zagrabiać cudze dokoła dzierżawy,

Skradać poddanych, płacić cudzoziemców,

By zyskać oklask Francuzów i Niemców,

Ujść za rząd silny, mądry i łaskawy...

Разрабаваць суседнiя дзяржавы,

Перакупiць i звабiць iншаземцаў,

Каб захапленьнi чуць французаў, немцаў,

Што цар вялiкi, мудры i ласкавы.

Французы, немцы, колькi вам чакаць,

Калi вам давядуць указ царовы,

Калi ваш родны дом абложыць раць,

Бiчы ня вецер будуць расьсякаць.

I хоць ад горычы вам зойме мову,

Цар загадае выхваляць i славiць

Сiбiр, бiзун i кованыя боты,

Цi будзеце цара вы песьняй бавiць,

Сьпяваючы цяперашнiя ноты?

Пераклад С. Мінскевіча

Міцкевіч не прымае чужацкую ўладу і прысьвячае твор "пакутнікам нацыянальнай справы", "якія цярпелі перасьлед за любоў да Айчыны". Айчыны пад двума імёнамі.

Назвы Літва і Польшча ў "Дзядах" выступаюць у розных кантэкстах. Літва — родны край. Але пры гэтым ліцьвіны — дзеці адзінай маткі-Польшчы. Перакладнік С. Мінскевіч дзе-нідзе ў такіх выразах замяніў слова Польшча на Рэч Паспалітую, і пэўны рэзон у гэтым ёсьць — калі разумець яе як страчаную палітычную радзіму для Міцкевіча і ягоных аднадумцаў. Але, зь іншага боку, Польшча для паэта-ліцьвіна таксама і культурная мэтраполія, прынамсі з гледзішча мовы.

Зь Лiтвы пан, i па-польску? Не! У зман зьвялi?
Я думаў, што ў Лiтве ўсе цалкам маскалi,

— зьдзіўлена пытае камэр-юнкер у Варшаве.

20 рублёў. Манэта Нацыянальнага банку Беларусі
20 рублёў. Манэта Нацыянальнага банку Беларусі

Ёсьць у Міцкевічавых "Дзядах" і слова "Беларусь" — у ягоных уласных камэнтарах пра гандаль людзьмі. У змрочным і зноў жа мэтафарычным кантэксьце:

Кабетаў падчас голаду на Беларусi ў Пецярбургу прадавалi за дзьвесьце франкаў. З сорамам трэба прызнаць, што некаторыя польскiя паны зь Беларусi пастаўлялi гэты тавар.

Лякалізацыя гэтай Беларусі няясная, як і стасунак яе да Літвы. Але з выказваньняў Міцкевіча пазьнейшай пары ясна відаць: ён выдатна ведаў, што такое беларуская мова. Нагадаю дзьве клясычныя цытаты, крыху ўдакладніўшы іх пераклад:

Гаворкаю Белай Русі, званаю русінскай ці літоўска-русінскай (беларускай), размаўляе (…) больш-менш 10 мільёнаў; гэта гаворка найбагацейшая і найчысьцейшая; некалі яна разьвівалася [było ono (narzecze) niegdyś uprawne]: у пару незалежнасьці Літвы вялікія князі карысталіся ёю ў дыпляматычным ліставаньні.

(Зь лекцыі 1842 г.)

З усіх славянскіх народаў русіны, г. зн. сяляне Пінскай і частак Менскай і Горадзенскай губэрняў, захавалі найболей славяншчыны. У іхных казках і песьнях ёсьць усё. Пісаных помнікаў мала, толькі Статут Літоўскі пісаны моваю, найбольш гарманічнаю і найменш скажонаю з усіх славянскіх дыялектаў. Усё іхнае жыцьцё ў духу. На зямлі яны прайшлі ўсю гісторыю ў жахлівай галечы ды ўціску".

(Размова з А. Ходзькам, 1847 г.)

Апошні сказ цытаты ў беларускім дыскурсе цытуюць неахвотна. Бо надта ж выразная ілюстрацыя да самаўсьведамленьня "шляхоцкага народу" і адукаваных людзей Беларусі той эпохі: беларуская мова ёсьць, яна і чыстая, і прыгожая, і разьвівалася, і Статут Літоўскі напісаны па-беларуску, але… "пісьмовых помнікаў мала" і цягам вякоў гэта мова выключна гаротных сялянаў. Беларусы = сацыяльныя "нізы". Міцкевіч не заўважае, што пярэчыць сам сабе. Пэўна, не было як прызнацца ў тым, што і ягоныя продкі пачынаючы ад далёкага Міцькі (ад якога прозьвішча Міцкевіч) гаварылі акурат гэтаю моваю, а ня польскаю.

Дварок Міцкевічаў у Наваградку
Дварок Міцкевічаў у Наваградку

Дарэчы, пра Статут Літоўскі Адам Міцкевіч згадвае невыпадкова. Сын наваградзкага адваката, ён зь дзяцінства ведаў пра Статут, а потым і чытаў яго па-старабеларуску і ў першых польскіх перакладах (зь беларускім уплывам і не перанасычаных лацінізмамі). Як лічыў выдатны польскі гісторык права Юльюш Бардах, менавіта дзякуючы генію Міцкевіча нямала словаў і выразаў Статута трапілі ў польскую літаратурную мову.

​"Тэатар Ч" паставіў "Дзяды" ў перакладзе Сержа Мінскевіча і ў адаптацыі Максіма Клімковіча

У кожным разе, слова Айчына ў творы Міцкевіча нашмат часьцейшае, чым яе імёны. Айчына і ёсьць галоўная гераіня драмы. А ў адказнасьці перад Айчынай — ключ да таемства Дзядоў, нацыятворчага для беларусаў.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG