У панядзелак Вярхоўны суд Беларусі працягне разгляд матэрыялаў крымінальнай справы ў дачыненьні да былога старшыні канцэрну “Белнафтахім” Аляксандра Бароўскага. Яго вінавацяць у злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі, якое прывяло да матэрыяльных стратаў у буйным памеры. Матэрыялы справы налічваюць 13 тамоў.
“Суд разглядае справу ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі крымінальна-працэсуальнага кодэксу, нічога лішняга не дапускае, што ўсіх нас задавальняе – каб справа разглядалася проста ў адпаведнасьці з правіламі КПК”, – распавядае адвакат Бароўскага Зьміцер Гарачка.
У гэты ж дзень, 18 лютага, актывіст дэмакратычнага руху Беларусі Франак Вячорка, мае абскардзіць сваё адлічэньне з трэцяга курсу факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэту ў Менскім гарадзкім судзе:
“Я падаю зыск на Беларускі дзяржаўны унівэрсытэт на маё несправядлівае з пункту гледжаньня здаровага сэнсу адлічэньне. Я быў “завалены” камісіямі. І маю рэчыўныя доказы таго, што камісіі склікаліся не паводле ўнутранага распарадку і вынікі камісіяў былі перадузятымі”.
Франак Вячорка спадзяецца таксама даказаць у судзе, што ягоная “адсідка” – 15 сутак арышту на Акрэсьціна – была паважлівай прычынай адсутнасьці на іспытах.
***
У сераду адбудзецца паседжаньне прэзыдыюму Аб’яднаных дэмакратычных сіл, а таксама абласная канфэрэнцыя гэтага аб’яднаньня. Цягам тыдня аб’яднаныя дэмакраты маюць працаваць над пакетам “пазытыўнай альтэрнатывы” для Беларусі і яе грамадзянаў на падставе 12 прапаноў Эўрапэйскага зьвязу. Андрэй Клімаў, актывіст АГП, вызвалены 15 лютага з Мазырскай калёніі, пэўны ў блізкасьці эўрапейскай будучыні для Беларусі.
Клімаў: “Я пакуль што не ўсьвядоміў, што са мной адбылося. Але мне здаецца, што мы – напярэдадні вялікіх пераменаў у нашай краіне. Мне здаецца, у хуткім часе Аляксандар Рыгоравіч вызваліць і Казуліна, і Зьдзьвіжкова, і Кіма... Магчыма, ён гатовы неўзабаве пачаць рыхтавацца да ўступленьня ў Эўразьвяз”...
***
21 лютага сьвет адзначае Міжнародны дзень мовы. У Менску з гэтай нагоды Таварыства беларускай мовы ладзіць урачыстую прэзэнтацыю украінска-беларускага слоўніку.
“Усіх запрашаем у Палац мастацтва а 15-й гадзіне, – кажа старшыня ТБМ Алег Трусаў. – Прэзэнтуем украінска-беларускі слоўнік, будуць выступаць перакладчыкі з украінскай на беларускую мовы, і з беларускай на украінскую. І невялікі канцэрт будзе”.
***
22 лютага Вярхоўны суд мае разгледзець Касацыйную скаргу журналіста Аляксандра Зьдзьвіжкова. Былы намесьнік рэдактара газэты “Згода” быў асуджаны да 3 год пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Зьдзьвіжкова абвінавацілі ў распальваньні рэлігійнай варожасьці. Нагодай для прысуду стаўся перадрук карыкатур на прарока Мухамэда з дацкай газэты. Пра пэрспэктывы разгляду Касацыйнай скаргі – былы галоўны рэдактар газэты “Згода” Аляксей Кароль:
“Падставы для адмены рашэньня Менскага гарадзкога суду, безумоўна, ёсьць. Прайшоў час – і стала відавочна, што не было ніякіх канфліктаў, што ніякага абвастрэньня міжрэлігійнай варожасьці не адбылося, дый актуальнасьць гэтай падзеі сышла. Але як будзе вырашана тут, у нашых стасунках, у нашай палітычнай канве – невядома”...
Увечары пятніцай, у Малой залі філярмоніі, адбудзецца канцэрт “Новае неба Станіслава Манюшкі”. Канцэрт прысьвечаны вядомым і невядомым творам кампазытара. Выканаўцы – ансамбаль салістаў “Клясык-авангард” пад кіраўніцтвам Уладзімера Байдава. Заслужаны артыст Беларусі Віктар Скарабагатаў, які будзе вядучым праграмы, апавядае:
“Новае неба Станіслава Манюшкі” – тут маецца на ўвазе, што гэта тая мара, якая пры ягоным жыцьці ня зьдзейсьнілася. Тая дзяржава, тое мастацтва, тое, да чаго ён імкнуўся цягам усяго жыцьця. Азнаёмім мы з рознымі творамі”.