Сярод іншага Аляксандар Лукашэнка заявіў, што пытаньне аб палітзьняволеных закрытае. Паводле Лукашэнкі, ён, маючы канстытуцыйнае права, прыняў пастанову вызваліць тых людзей.
"Мы зрабілі беспрэцэдэнтны крок добрай волі, і цяпер паглядзім, як на гэта зрэагуюць Эўразьвяз і ЗША".
Аляксандар Лукашэнка выказаўся і пра тое, чаму не адбылося датэрміновае вызваленьне Аляксандра Казуліна. Нацыянальная крыніца навінаў БЕЛТА цытуе Лукашэнку: "Наколькі я інфармаваны, такая сытуацыя не задаволіла аднаго Казуліна. Пытаньне было ў тым, што ягоная жонка хворая. Да мяне зьвярнуліся паслы Эўразьязу пра тое, што стан жонкі пагоршыўся. Усялякае бывае. Я пагадзіўся – няхай вязе жонку на лячэньне. Мы ёй, як маглі, дапамаглі, прапанавалі ёй лячэньне ў Нямеччыне. Мужу трэба суправаджаць яе ў Нямеччыну. Але наколькі я сёньня інфармаваны, Казулін адмовіўся яе лячыць. Аднак гэта сямейная праблема, і я не хачу ў яе ўмешвацца", – прыводзіць словы Лукашэнкі БелТА. "Што патрабавалася ад мяне – я прапанаваў. Але ён адмовіўся, нават пасьля таго, як да яго прыяжджалі дочкі ўгаворваць – дапамажы ўратаваць маму. Але, паўтаруся, гэта іх справа", – дадаў Лукашэнка.
Вольга Казуліна: “Лукашэнку ня трэба прыкрываць свае намеры жыцьцём маёй мамы”
Мы зьвязаліся са старэйшай дачкой Аляксандра Казуліна Вольгай. Вось яе камэнтар да паведамленьня БЕЛТА:
“Папрашу Аляксандра Рыгоравіча больш не прыкрывацца жыцьцямі людзей. За гэта прыйдзецца адказваць. Ня трэба расказваць, што ён шкадуе маму, і таму адпусьціць тату. Хай называе рэчы сваімі імёнамі. Калі ён хоча выкінуць Казуліна з краіны, то ня трэба прыкрывацца жыцьцямі іншых людзей. Гэта проста поўнае блюзьнерства”.
“А гэта праўда, што вы езьдзілі ў калёнію, каб угаворваць бацьку пагадзіцца на гэты варыянт?”
“Мы езьдзілі, каб абмеркаваць, што будзе далей і якія ў яго ёсьць пэрспэктывы выхаду”, – сказала Вольга Казуліна.
Паводле зьвестак, жонка Аляксандра Казуліна Ірына хварэе на рак малочнай залозы з канца 1990-х гадоў.