Паводле А.Мілінкевіча, сустрэча адбылася з ініцыятывы амэрыканскай амбасадаркі:
“Мы накіравалі ёй інфармацыю пра тое, што адбываецца з арганізацыяй нашых паездак па рэгіёнах. Пра тое, што ўлады адмаўляюць, затрымліваюць людзей, а Ўладзімер Кацора арыштаваны на сем сутак за арганізацыю нашых паездак. І гэта была прычына нашай сустрэчы”.
Таксама А.Мілінкевіч расказаў амбасадарцы ЗША пра новыя палітычныя перасьледы ў Беларусі: справу Андрэя Кіма, Аляксандра Зьдзьвіжкова, магчымы крымінальны перасьлед віцебскага прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча.
Таксама падчас сустрэчы закраналіся тэмы сьвяткаваньня 90-х угодкаў БНР і зьніжэньня кошту эўрапейскіх візаў для Беларусі.
А.Мілінкевіч сказаў у інтэрвію “Свабодзе”:
“І амбасада ЗША, і наагул урад ЗША заўсёды цьвёрда займалі прынцыповую, маральную пазыцыю адносна парушэньня правоў чалавека. Тут ЗША заўсёды пасьлядоўна паводзілі сябе, і дзякуй ім вялікі за гэта. Яны сказалі, што ўва ўсіх спробах кантактаў зь беларускімі ўладамі будуць непахісна адстойваць неадкладнае вызваленьне палітвязьняў і выступаць за мараторый на новыя затрыманьні, новыя перасьледы. Яны абяцалі, што ўвесь час гэта будзе выконвацца зь іх боку”.
Сёньня ж Аляксандар Мілінкевіч сустрэўся зь Мірэй Мюсо, амбасадаркай Францыі ў Беларусі. Францыя сёлета прадстаўляе ў Беларусі мясцовае старшынёўства Эўразьвязу.