Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аварыя на нафтаправодзе забруджвае пойму Дняпра


Другі дзень доўжыцца кругласутачная праца выратавальнікаў на месцы прарыву трубаправоду ў Рэчыцкім раёне на Гомельшчыне.


У выніку аварыі ў дняпроўскую пойму ўжо выцекла больш за 70 кубамэтраў паліва. Эколягі кажуць, што існуе пагроза забруджваньня рэчышча Дняпра, які забясьпечвае вадой сталіцу Ўкраіны — Кіеў.

Сёньня на месцы аварыі выратавальнікі разьлічваюць выразаць кавалак трубаправода. Пра гэта “Свабодзе” паведаміў начальнік інспэкцыі аховы прыроды Рэчыцкага раёну Генадзь Каліноўскі:

“Ад месца аварыі ўсяго 500 мэтраў да Дняпра. У адлігу вада на пойме ракі паднялася і закрыла гэтую трубу. І цяпер вось даводзіцца абрэзваць трубаправод з двух бакоў, каб цалкам дэмантаваць гэты ўчастак. Яго даўжыня – каля 100 мэтраў”.

Са словаў эколяга, вада ў пойме Дняпра ўжо забруджаная. Тым часам пачынаецца паводка, якая пагражае разьнесьці атрутныя плямы ў асноўнае рэчышча і ў прытокі. Перадусім гэта палохае жыхароў тутэйшага аграгарадка Заспа. Гаворыць Тацяна Горбач:

“У нас на рэчцы каля вёскі месца, куды многія прыяжджаюць адпачываць. Там была чыстая вада. Там лілеі цьвітуць. І каля вёскі Аляксандраўка Дняпро ідзе. Таксама там добра. Не было тут яшчэ такіх аварыяў”.

Далей думка Галіны Протас:

“Вёска нашая вялікая, калі рака разальецца, то, вядома, вада да нас патрапіць. Гэта ж небясьпечна, так жа?”

Да гутаркі далучаецца Ірына Канюшык:

“Гэта ж усё трэба прыбраць. Апрацаваць. Увогуле, самавольныя ўрэзкі ў гэты нафтаправод тут здараюцца часта”.

Пра маштабы аварыі ўскосна сьведчыць колькасьць накіраваных сюды выратавальнікаў і эколягаў. Усе яны харчуюцца цяпер у сталоўцы вёскі Заспа. Гаворыць загадчыца сталоўкі Алена Трубко:

“Учора спачатку сказалі, што чалавек 70 будзе. А пасьля папярэдзілі, каб прыгатавала абеды на 100 чалавек. І сёньня на 100 чалавек”.

Кухарка кажа, што яна першай даведваецца пра сьвежыя навіны зь месца аварыі:

“Мне сказалі, што аварыя адбылася з-за ціску ў трубе. Выратавальнікі кажуць, што ў Расеі трубы на гэтым нафтаправодзе заменьваюць бесьперапынна. А ў нас, – як яны кажуць, – пабудавалі, то іншым часам нейкі кавалак трубы заменяць, дый усё. Грошай не хапае. У гэтым і прычына”.

Даведка “Свабоды”: Трубаправод “Унеча-Роўна” належыць прадпрыемству “ЗападТранснефтепродукт” расейскага ААТ “Транснефтепродукт”. Прарыў трубы, празь якую дызэльнае паліва ідзе з Расеі ў Заходнюю Эўропу, адбыўся раніцай 14 лютага ля аграгарадка Заспа Рэчыцкага раёна на Гомельшчыне.

Гэта ўжо трэцяя за апошнія адзінаццаць месяцаў аварыя на трубаправодзе гэтага прадпрыемства. Першая адбылася 23 сакавіка 2007 году на нафтаправодзе “Унеча – Вэнтсьпілс” у Бешанковіцкім раёне на Віцебшчыне. Тады выцекла прыкладна 120 тон нафты. Праз мэліярацыйны канал 80 тон нафты трапіла ў рэкі Ўлу і Заходнюю Дзьвіну, у тым ліку і на тэрыторыю суседняй Латвіі.

Другая аварыя на нафтаправодзе “Унеча — Вэнтсьпілс” у Бешанковіцкім раёне адбылася 5 траўня 2007 году. Аб’ём уцечкі – 5 тон нафты, плошча разьліву – каля 50 квадратных мэтраў. Частка нафтапрадуктаў трапіла ў мэліярацыйны канал, злучаны з рэчкай Сьвячанкай, прытокам ракі Ўлы, якая, у сваю чаргу, упадае ў Заходнюю Дзьвіну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG