“Усіх, хто знаходзіўся на борце, выратавалі”, – заявіў Інтэрфаксу начальнік Галоўнай управы грамадзянскай авіяцыі Армэніі Арцём Наўсэсян.
“18 пасажыраў і 4 чалавекі экіпажу – усе яны жывыя”, – паведаміў генэральны дырэктар кампаніі Белавія Анатоль Гусараў. Ён удакладніў, што 7 пасажыраў знаходзяцца ў шпіталях Ерэвану.
“У выніку аварыі лайнэр практычна ўвесь разбураны”, – дадаў А.Гусараў.
Самалёт CRJ-100LR вытворчасьці канадзкага канцэрну “Бомбардзье”, бартавы нумар EW-101PA, 1999 году выпуску, “Белавія” выкарыстоўвала яго ад 22 лютага 2007.
Самалётам кіраваў Віктар Шыла, другі пілёт – Аляксандар Мухін, бортправадніца – Вольга Дрозд.
Прэзыдэнт Армэніі Робэрт Качар'ян склікаў экстраную нараду ў зьвязку з падзеньнем самалёта “Белавія”, – паведамляе прэсавая служба кіраўніка Армэніі.
Р.Качар'ян даручыў міністру аховы здароўя Аруцюну Кушкяну заняцца пытаньнямі здароўя пацярпелых. Праваахоўным органам даручана правесьці сумеснае сьледзтва з авіяцыйнымі службамі.
"Ён будзе зачынены да таго часу, пакуль на ўзьлётнай паласе вядуцца работы для высьвятленьня прычынаў аварыі», – заявіла прэс-сакратар Галоўнага ўпраўленьня грамадзянскай авіяцыі Армэніі Гаянэ Даўцян. Яна таксама паведаміла, што Галоўная сьледчая ўправа паліцыі завяла крымінальную справу ў зьвязку з аварыяй беларускага самалёта.
Армянскі бок пачаў расшыфроўку “чорных скрыняў”, паведамляе агенцтва Навіны-Армэнія.
“Армэнія самастойна ня можа ажыцьцявіць гэты працэс, бо недастаткова добра знаёмая з гэтай маркай самалёта”, – заявіў Арцём Наўсэсян. Паводле ягоных словаў, да расшыфроўкі мяркуецца залучыць спэцыялістаў Беларусі і Канады.
“Хуткасьць расшыфроўкі будзе залежаць ад ступені пашкоджаньня “чорных скрыняў”, – зазначыў начальнік Галоўнай управы грамадзянскай авіяцыі Армэніі.
Беларускія экспэрты накіруюцца ў Ерэван, каб удзельнічаць у расьсьледаваньні прычынаў катастрофы самалёта “Белавія”. Групу ачоліць дырэктар дэпартамэнту авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі Вадзім Мельнік. Пра гэта паведамляе "Інтэрфакс" са спасылкай на генэральнага дырэктара “Белавія” Анатоля Гусарава.