“Гэта яшчэ адна помста за маю актыўную грамадзкую дзейнасьць, – кажа Аляксандар Цацура. – Я неадкладна буду аспрэчваць несправядлівае рашэньне. У мяне ёсьць сьведкі, што я не парушаў правілаў дарожнага руху ў той дзень, пра які кажуць міліцыянты”.
10 студзеня ў Менску плянаваўся мітынг прадпрымальнікаў. Аляксандар Цацура быў адным зь яго заяўнікаў і накіроўваўся на гэтую акцыю ў сталіцу. У мікрааўтобусе, які належыць Аляксандру Цацуру, былі яго жонка і сын, а таксама прадпрымальнік Віктар Крываль.
Тады міліцыянты затрымалі Аляксандра Цацуру, забралі яго вадзіцельскія дакумэнты і абвінавацілі ў тым, што ягоны аўтобус рухаўся па левай паласе дарогі, тым часам як правая была нібыта вольная.
Калі ж Аляксандар Цацура, яго жонка і сын, а таксама Віктар Крываль рушылі ў Менск пешкі, то іх пад прымусам даставілі ў РАУС Менскага раёну, дзе затрымалі на сем гадзінаў. У аддзеле міліцыянты абвінавацілі ўсіх чатырох у непадпарадкаваньні патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі.
Нагадаем, што толькі ўчора Аляксандар Цацура выйшаў на волю пасьля 15 сутак арышту. 28 студзеня ён і грамадзкая актывістка Ларыса Насановіч былі затрыманыя ў час збору подпісаў пад зваротам да мясцовай улады з заклікам паспрыяць адмене прэзыдэнцкага ўказу № 760.