Карэспандэнтка: Як бы вы адсьвяткавалі 90-я ўгодкі абвяшчэньня Беларускай народнай рэспублікі?
Бяляцкі: Фармат сьвяткаваньня з тых жа 80-х гадоў кардынальна зьмяніўся. І гэта адзінае сьвята, я абсалютна перакананы, якое ўсе сьвядомыя беларусы павінны сьвяткаваць на вуліцы. Каб была вось гэтая візуалізацыя. Бо мы, беларусы, недастаткова бачныя вось у гэтай беларускай прасторы. Нам не хапае нашай нацыянальнай сымболікі, якая была б бачная, не хапае маштабных сьвяткаваньняў. Каб людзі маглі зьбірацца, сьвяткаваць, каб гэта было бачна, што для людзей гэта сапраўды нешта значыць.
Карэспандэнтка: Што для вас значыць БНР?
Бяляцкі: Для мяне гэта азначае дастаткова многа. Гэта адназначная спроба паказаць, што беларусы – народ, што яны здольныя да дзяржаватворчасьці. Бо дзяржаватворчасьць на пэўным этапе нацыянальнага разьвіцьця зьяўляецца вяршыняй сьпеласьці народу і пераскочыць гэта нельга.