Павал нарадзіўся ў нядзелю, а, як цьвердзіць народная мудрасьць, у нядзелю нараджаюцца аматары прыгожага. Паша з маленства пацьвярджаў гэта: з чатырох гадоў займаўся фігурным катаньнем, потым скончыў музычную школу па клясе фартэпіяна, сьпяваў у хоры ў Чырвоным касьцёле, самастойна навучыўся граць на гітары, пісаў вершы і песьні.
Пашавы бацькі былі маладыя і не абцяжараныя пэдагагічнымі догмамі і стандартамі, таму выхоўвалі сына як роўнага сабе — вясёлым і жыцьцярадасным, са сваімі правамі і абавязкамі. Усе важныя рашэньні Павал заўсёды прымае сам. У 6-й клясе запісаўся ў сэкцыю ўсходніх адзінаборстваў. Як потым высьветлілася, прычынай стаў тыповы канфлікт з хлопцамі з суседняга двара, якіх раздражняў акуратны хлопчык з нотнай папкай, што накіроўваўся ў музычную школу...
Павал быў першым, хто падчас выбарчай кампаніі застаўся на ноч на кругласутачным пікеце каля ГУМу, ён увесь час зьбіраў подпісы ў людных месцах
Я пазнаёмілася з Паўлам увосень 2006-га. Летам 2007-га мы разам ладзілі флэш-моб у сувязі з адменай ільготаў. На акцыі была і кардонная труна, і вянкі, і фота талёнчыкаў з чорнымі стужкамі. Наша жалобная працэсія не прайшла і 100 мэтраў, як міліцыя пачала разганяць нас. Паша мяне адстаяў, а сам атрымаў свае першыя 5 сутак...
Павал не на словах, а на справе патрыёт Беларусі. Колькі разоў маці прапаноўвала пераехаць да яе ў Італію, але адказ быў адзін: "Мама, я не магу пакінуць радзіму ў цяжкія часы...". Маці амаль цалкам падзяляе сынаў сьветапогляд, але лічыць яго занадта рамантычным. А бацька кажа: "Я б і сам далучыўся да моладзі, але ж павінен хтосьці потым перадачы насіць...".
За ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў у студзені 2008 году Павал атрымаў два гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову. Тады ён працаваў сьлесарам. Праз год яго амніставалі.
Калі зьявілася кампанія "Гавары праўду", Павал вырашыў далучыцца да яе. Яму спадабалася актыўнасьць, сьвежыя ідэі і, канечне, лідэр — Уладзімер Някляеў. Павал лічыў Някляева самым моцным кандыдатам на прэзыдэнта.
Яшчэ адна прычына, чаму Паша стаў актывістам "Гавары праўду", — тое, што ён не пераносіць маны, хлусьні, няшчырасьці.
Нягледзячы на несуцяшальныя прысуды па першых судах за плошчу, мы верым, што хутка Павал ды іншыя фігуранты спраў будуць вызвалены
З пачаткам галасаваньня зрабілася ясна, што сумленных выбараў ня будзе. Людзей прымушалі галасаваць датэрмінова, былі шматлікія парушэньні — у нас зноў скралі перамогу. І таму 19 сьнежня ён пайшоў на Плошчу. Ён думаў, што Плошча не абмяжуецца мітынгам, што, магчыма, як у 2006-м, будзе намётавы лягер. Але ўсё было інакш. Як і многія іншыя, Павал трапіў на добра сплянаваную правакацыю. З плошчы яму ўдалося сысьці. Яго арыштавалі ў ноч з 4 на 5 студзеня. Акрамя арганізацыі масавых беспарадкаў (артыкул 293), яго абвінавачваюць яшчэ і ў зьнявазе дзяржаўных сымбаляў (артыкул 370).
Не адзін раз яму прапаноўвалі запісаць відэа, дзе б ён асуджаў лідэраў апазыцыі ўзамен на палёгку. Паша не пагадзіўся.
У нядзелю 23 красавіка Паўлу споўнілася 23 гады. На жаль, дзень народзінаў прайшоў у няволі.
Паша добры, адданы сябра і шчыры чалавек, ён заўсёды гатовы прыйсьці на дапамогу. У яго шмат сяброў, якія перажываюць і падтрымліваюць яго. Нягледзячы на несуцяшальныя прысуды па першых судах за плошчу, мы верым, што хутка Павал ды іншыя фігуранты спраў будуць вызвалены...
Сьвятлана Гарохавік, сяброўка Паўла Вінаградава
Нарадзіўся 24 красавіка 1988 году ў Менску. Скончыў прафэсійна-тэхнічны ліцэй № 4 па спэцыяльнасьці "цырульнік". Некаторы час вучыўся на гісторыка-геаграфічным факультэце Менскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту.
У 2008 годзе быў фігурантам "Справы 14-ці", заведзенай за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў. Асуджаны на 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчыя ўстановы. Зь лета 2010 году — актывіст кампаніі "Гавары праўду". Арыштаваны ў ноч на 5 студзеня 2011 году. Выстаўлена абвінавачаньне ў арганізацыі масавых беспарадках і ўдзеле ў іх, зьнявазе дзяржаўных сымбаляў. Утрымліваецца на "Валадарцы".
У 2008 годзе быў фігурантам "Справы 14-ці", заведзенай за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў. Асуджаны на 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчыя ўстановы. Зь лета 2010 году — актывіст кампаніі "Гавары праўду". Арыштаваны ў ноч на 5 студзеня 2011 году. Выстаўлена абвінавачаньне ў арганізацыі масавых беспарадках і ўдзеле ў іх, зьнявазе дзяржаўных сымбаляў. Утрымліваецца на "Валадарцы".