Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Класкоўскі: наступае пэўнае ацьверазеньне для ўлады


Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў беларуска-эўрапейскіх дачыненьнях узяты тайм-аўт і ён доўга не працягнецца. Таксама ён заявіў, што апошнім часам спыніліся папрокі з боку Эўразьвязу адносна прызнаньня прэзыдэнцкіх выбараў. Тым самым, яны, маўляў, «прызналі, што выбары былі чэснымі і легітымнымі». Паводле Лукашэнкі, цяпер прэтэнзіі ЭЗ да Беларусі тычацца толькі рэакцыі ўладаў на падзеі 19 сьнежня. Прыйдзе момант, спадзяецца Лукашэнка, і эўрапейцы прызнаюць сваю няздатнасьць у палітыцы адносна Беларусі і прыйдуць з прапановамі супрацоўніцтва.

Камэнтуючы гэтыя выказваньні, палітоляг Аляксандар Класкоўскі сказаў:

«Адчуваецца, што доўга падбіралі такую далікатную фармулёўку, каб цяперашні вельмі кепскі стан дачыненьняў з Эўропай неяк ахарактарызаваць. І вось сказана такім эўфэмізмам — „тайм-аўт“. Насамрэч было зруйнавана фактычна ўсё, што напрацавалі за два гады адлігі. І зараз не таму, што раптам беларуская ўлада перакавалася і праніклася ідэямі дэмакратыі, а таму, што банальныя фінансава-эканамічныя чыньнікі падціскаюць, зараз прыходзіць цьвярозае асэнсаваньне. Хоць на фоне прапагандысцкай рыторыкі пра ворагаў, пра іх падкопы, але прыходзіць асэнсаваньне, што патрэбна зноў будаваць мост на Захад.
Уладзе трэба захаваць твар. Таму падаецца сытуацыя так, што вось Захад зноў пасыпле галаву попелам, прызнае беспэрспэктыўнасьць блякады, ізаляцыі Беларусі.
І таму, што цісьне Расея, што за кожную капейку яна душу вытрасе, і таму, што менавіта з Захаду павінны прыйсьці інвэстыцыі, сучасныя тэхналёгіі, бо гэты імпэратыў мадэрнізацыі гучаў вельмі выразна. Па-другое, уладзе трэба захаваць твар. Таму падаецца сытуацыя так, што вось Захад зноў пасыпле галаву попелам, прызнае беспэрспэктыўнасьць блякады, ізаляцыі Беларусі і, так бы мовіць, на беларускіх умовах пачне супрацу. Вядома, беларуская ўлада ня надта хоча саступаць, але закулісны торг пачнецца, і, магчыма, ён пачаўся ўжо. Мы бачым некаторае паслабленьне да палітвязьняў. Паколькі няма куды падзецца, афіцыйны Менск пакрысе будзе зноў спрабаваць наладзіць дыялёг з Эўропай».

Ацэньваючы агульную танальнасьць пасланьня кіраўніка краіны, спадар Класкоўскі адзначыў, што тут трэба параўноўваць зь першымі выступамі пасьля выбуху ў менскім мэтро, якія былі эмацыйныя, з накатам на «пятую калёну»:

«Зараз гэтыя матывы, гэтыя рэфрэны прагучалі хутчэй па інэрцыі. Наступае пэўнае ацьверазеньне для ўлады. Бо шок ад трагедыі ў грамадзтве пакрысе праходзіць, і ва ўлады гэты шок праходзіць. І яшчэ мацней бяруць за глотку гэтыя штодзённыя, банальныя праблемы. Валюты ў абменьніках па-ранейшаму няма, цэны як шалёныя скачуць, трэба тэрмінова падвышаць канурэнтаздольнасьць народнай гаспадаркі. Так што трэба наладжваць і дыялёг у грамадзтве, і рана ці позна давядзецца ісьці на непапулярныя рэформы. Больш цьвярозае асэнсаваньне гэтых рэаліяў прыходзіць да ўлады, і зь вялікай доляй умоўнасьці можна сказаць, што гэта спакайнейшы і больш збалянсаваны выступ».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG