Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штраф… за вясельныя падарункі


Хлопцу падаравалі на вясельле даляры. Падатковая інспэкцыя расцаніла гэта як замежную бязвыплатную дапамогу і наклала на маладога мужа штраф.


Судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомелю Марына Дамненка аштрафавала гомельскага актывіста незарэгістраванага руху Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Кастуся Жукоўскага на 1 мільён 750 тысяч беларускіх рублёў – за атрыманьне замежнай бязвыплатнай дапамогі без рэгістрацыі. Калі больш дакладна, то за падораныя на вясельлі даляры ад ўкраінскіх сваякоў.

Гаворыць спадар Жукоўскі:

“Цётка грошы мне падарыла на вясельле, маёй жонкі родная цётка. Яна – грамадзянка Ўкраіны. Яны агулам падарылі дзьве тысячы даляраў, іх было шмат. Усё гэтыя грошы падатковай інспэкцыяй былі расцэнены як замежная бязвыплатная дапамога. І паводле нашых законаў, я павінен быў гэта дэкляраваць. Інакш кажучы, я павінен быў дапытацца, хто колькі мне падарыў, высьветліць грамадзянства і напісаць у падатковую інспэкцыю. Гэта проста ня ўкладаецца ў галаве, гэта – абсурд”.

Яшчэ напрыканцы мінулага году Кастуся Жукоўскага выклікалі ў інспэкцыю па падатках і зборах Цэнтральнага раёну й запатрабавалі падаць дэклярацыю за тры апошнія гады.

Маладая сям’я Жукоўскіх набыла ў горадзе прыватны дамок. Спадар Кастусь займаўся ня толькі працай, уладкаваньнем невялікай сядзібы, але й грамадзкай дзейнасьцю.

У зьвестках пра даходы актывіст указаў, што атрымаў у якасьці вясельнага падарунка ад украінскіх сваякоў 2 тысячы даляраў. І каб не высьвятляць, хто колькі падарыў яму на вясельлі ў 2005 годзе, указаў у дэклярацыі прозьвішча бліжэйшай сваячкі.

Гэта й было кваліфікавана падаткоўцамі як парушэньне парадку атрыманьня замежнай бязвыплатнай дапамогі. Паводле новага Адміністрацыйнага кодэксу (артыкул 23.23) за такое парушэньне прадугледжаны штраф ад пяцідзесяці да двухсот базавых велічыняў. Адпаведны пратакол з падатковай інспэкцыі паступіў ў суд.

Спадара Жукоўскага аштрафавалі па мінімуму. Аднак ён наважаны абскардзіць штраф у вышэйшай судовай інстанцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG