"Беларусь пасьля гэтай крымінальнай справы не зьяўляецца хрысьціянскай краінай".
Юры Чавусаў, палітоляг – у перадачы «Экспэртыза Свабоды» пра справу Аляксандра Зьдзьвіжкова.
“Цара! Цара!”
Заклік ўдзельнікаў акцыі прадпрымальнікаў да Аляксандра Лукашэнкі выйсьці да іх.
“За зьнішчэньне прадпрымальнікаў і за выкінутыя на вуліцу тысячы найманых работнікаў патрабую адправіць у адстаўку Тура, а разам зь ім і гаранта канстытуцыі, які падпісаў антынародны, антыканстытуцыйны ўказ.
На мой погляд, так маглі зрабіць толькі ворагі народу. Таму галоўныя арганізатары гэтага мітынгу – гэта Лукашэнка і Тур, якія сваімі дзеяньнямі пакінулі нас бяз працы і вымусілі сабрацца на гэтай плошчы”.
Аляксандар Цацура, лідэр прадпрымальнікаў Салігорску – з выступу на мітынгу пратэсту 21 студзеня.
“Вы паралізавалі ўвесь горад. Вы лічыце, што вы тысяча... Я папярэдзіў усіх удзельнікаў акцыі, што яны будуць несьці крымінальную адказнасьць за дэзарганізацыю ўсяго парадку ў Менску. Калі праз 10 хвілінаў яны не разыдуцца, будзе прыменена фізычная сіла і спэцсродкі”.
Уладзімер Навумаў, міністар унутраных спраў – папярэджаньне ўдзельнікам акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 21 студзеня.
“Няўжо тыя людзі, якія гандлююць на рынку, могуць толькі сябе абвясьціць прадпрымальнікамі? У нас што, іншых прадпрымальнікаў няма? Пра што ўвогуле ў такім выпадку казаць? Я лічу, што мы ўсе працуем у кірунку адной і той жа ідэі і адной мэты – разьвіваць прадпрымальніцтва. Але пры любым разьвіцьці прадпрымальніцтва нельга ў адной пэўнай групе бачыць усё прадпрымальніцтва. Гэта па-першае. А па-другое, краіне, па вялікім рахунку, патрэбнае іншае прадпрымальніцтва. Перадусім інавацыйнае, тое, якое займаецца вытворчасьцю тавараў і паслугаў. А калі ўсё сканцэнтруецца на прадпрымальніках, якія гандлююць на рынках, дык якое ж гэта будзе прадпрымальніцтва?”
Андрэй Тур, намесьнік міністра эканомікі – пра акцыі пратэсту прадпрымальнікаў.
“Бязь ядзернай энэргетыкі ў Беларусі няма прыстойнай будучыні”.
Станіслаў Шушкевіч, былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі – у перадачы “Праскі акцэнт” пра пляны пабудовы ў Беларусі АЭС.
“Жадаючы абрубіць нафта-газавую пупавіну, збудаваўшы АЭС, мы гэтую пупавіну зробім яшчэ больш тоўстай”.
Юры Варонежцаў, былы дэпутат Вярхоўнага Савету СССР – у перадачы “Праскі акцэнт” пра пляны пабудовы ў Беларусі АЭС.
“Выслоўі аб “адзіна правільных” людзях альбо арганізацыях дэманструюць поўнае падпарадкаваньне чалавечага сэрца найвялікшаму граху – граху ганарлівасьці”.
Зьміцер Дашкевіч, моладзевы актывіст, вызвалены са зьняволеньня на гэтым тыдні – падчас онлайн канфэрэнцыі на Свабодзе ў адказ на пытаньне “Калі нарэшце Малады Фронт кіне гуляцца ў дзіцячыя гульні з камуністамі, адзінымі кандыдатамі, ды маскоўскімі стаўленікамі, ды далучыцца да адзінай незалежніцкай беларускай арганізацыі на Беларусі – Фронта пад кіраўніцтвам Пазьняка?”
“Улада хоча заняцца бізнэсам – гандлем нявольнікамі. Адных выпускаюць, іншых садзяць. У дачыненьнях з эўрапейцамі яны думаюць атрымліваць крэдыты за вызваленьні паасобных зьняволеных. А каб было чым гандляваць, адпаведна трэба набіраць новых. У дачыненьнях з эўрапейцамі яны думаюць атрымліваць крэдыты за вызваленьні паасобных зьняволеных. Калі у канцы году Пуцін даў паўтара мільярда крэдыту Лукашэнку, усе захоплена абмяркоўвалі гэты геапалітычны паварот. А тое, што год таму “Райфанзэнбанк” даў мільярд даляраў крэдыту, гэтага асабліва ніхто не заўважаў”.
Віктар Івашкевіч, намесьнік старшыні Партыі БНФ – пра вызваленьне З.Дашкевіча і М.Аўтуховіча.
"Мы вітаем вызваленьне палітзьняволеных Міколы Аўтуховіча і Зьмітра Дашкевіча. Гэта, безумоўна, пазытыўны момант, але зь іншага боку, мы бачым, што ў Беларусі арыштоўваюць удзельнікаў акцыяў прадпрымальнікаў і аказваюць грубы ціск на лідэраў апазыцыі. Такія дзеяньні павінны спыніцца. Ніводная краіна ня мусіць рабіць ніякіх паслабленьняў беларускім уладам, пакуль ня будуць вызваленыя ўсе палітзьняволеныя".
Дэвід Крэймэр, намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША – у размове з беларускімі журналістамі.