“Калі дзяржаве не патрэбныя прадпрымальнікі, то тады навошта ім арганізацыя, якая абараняе іх правы?”
Вольга Круміна, намесьніца старшыні арганізацыі прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” – пра намер уладаў ліквідаваць гэтую арганізацыю.
“Усе гэтыя арышты — нішто іншае, як спроба запалохаць перад 21-м. Гэта адзін з рэпрэсіўных мэтадаў спыненьня нейкіх актыўных дзеяньняў. Але гэта ўжо не спрацуе. Колькі б ні арыштоўвалі, на месца аднаго прыйдуць двое. Людзі ўжо настолькі самаарганізаваліся. Чым болей яны чуюць і бачаць гэтыя арышты, несправядлівасьць, тым болей яны абураюцца і гатовыя выходзіць на абарону сябе і сваіх таварышаў”.
Вітар Гарбачоў, лідэр кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” – пра перасьлед палітычных актывістаў і актывістаў прадпрымальніцкага руху.
“А наконт таго, што не вылучаюцца палітычныя лёзунгі, то ў душы кожны разумее, ад каго гэта ідзе і ад каго гэта залежыць”.
Аляксандар Цацура, лідэр прадпрымальнікаў Салігорску – у перадачы “Праскі акцэнт” пра акцыі пратэсту прадпрымальнікаў супраць 760-га ўказу.
“Я сказала, што цяпер хлопцы сядзяць, а мы перамаўляемся. Але нам далі зразумець яшчэ ў фае, што гэта не перамовы, а тлумачэньне нейкіх момантаў, якія ім не зразумелыя. Чаму прадпрымальнікі не пераходзяць у “ПУПы”? Мы патлумачылі, што ня можам, таму й не ідзём. Сядзець у партызанах і не падтрымліваць сувязь, я таксама лічу, няправільна”.
Ірына Яськевіч, старшыня прадпрымальніцкага прафсаюзу “Разам” – пра перамовы ў адміністрацыі прэзыдэнта.
“Некаторыя гарачыя галовы зь ліку апанэнтаў улады настойліва спрабуюць арганізаваць нейкую так званую антыядзерную кампанію сярод насельніцтва. Ствараецца ўражаньне, што некаторыя нашы апазыцыянэры і вучоныя жывуць у вакуўме, у нас, як заўсёды, беларускасьць бяжыць наперадзе розуму…Я думаю, будучыя пакаленьні ацэняць наша рашэньне".
Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – выступаючы на пасяджэньні Рады бясьпекі, на якім было прынятае палітычнае рашэньне аб будаўніцтве ў краіне АЭС.
“Можна і трэба весьці дыпляматычны дыялёг на вострыя тэмы, але робячы гэта ўзважана і не выкарыстоўваючы “гукаўзмацняльнікаў”.
Гебхард Вайс, пасол Нямеччыны – з нагоды згоды беларускіх уладаў на працяг працы офісу АБСЭ.
“Майго сына, аднаго з найлепшых ліцэістаў свайго часу, будуць разам зь ягонымі сябрамі судзіць у былым будынку ліцэю, які сёньня стаў часткай рэпрэсіўнай машыны”.
Вінцук Вячорка, намесьнік старшыні Партыі БНФ – пра суд над яго сынам Франакам, які адбываўся ў будынку, дзе калісьці месьціўся Коласаўскі ліцэй.
“Я хачу зьвярнуцца да прадпрымальнікаў: будзьце салідарныя з намі, так, як мы былі з вамі”.
Антон Каліноўскі, сябра арганізацыі “Моладзь БНФ” – напярэдадні суду над ім па абвінавачваньні ў “бруднай лаянцы”.
"З намі Бог і Хрыстовая сіла".
Аляксандар Зьдзьвіжкоў, былы намесьнік рэдактара газэты “Згода” – пасьля абвяшчэньня прысуду ў 3 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачваньні у “распальваньні рэлігійнай варожасьці”( у лютым 2006 году ён апублікаваў у “Згодзе” карыкатуры на Прарока Мухамэда).
“Мы не заклікаем да таго, каб было “зуб – за зуб, вока – за вока, кроў – за кроў”. Наша рэлігія – самая мірная. І мы не патрабавалі, каб яго пасадзілі. Мне здаецца, можа б і штрафу хапіла. Ды і газэту закрылі. Гэта таксама страты. Але ж я не магу дыктаваць нашаму заканадаўству. Яно абараняе правы грамадзянаў. Мая думка такая – мы ўсе адкажам перад Усявышнім. І ён, і я, і ўсе. У судны дзень адкажам за ўсё, зробленае намі”.
Абу-Бэкір Шабановіч, муфтый мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Беларусі – пра прысуд Аляксандру Зьдзьвіжкову.