Прадпрымальнікі на рынках сабралі дзесяткі подпісаў і віншавальных паштовак, каб сёньня раніцай перадаць іх у камэру Анатолю Шумчанку ў турму на вуліцы Акрэсьціна, дзе ён адбывае 15 сутак арышту за ўдзел у мітынгу і дэманстрацыі прадпрымальнікаў 10 студзеня. Мітынг адбыўся на знак пратэсту супраць палітыкі ўладаў у дачыненьні да малога бізнэсу.
Прадпрымальнікі ўзялі актыўны ўдзел у віншаваньні лідэра “Пэрспэктывы”, нягледзячы на тое, што на ўсіх рынках тры дні запар ходзяць кантралёры і ахоўнікі. Яны правяраюць, каб не было распаўсюджвальнікаў улётак з заклікам выйсьці на Кастрычніцкую плошчу 21 студзеня. Цягам тыдня гандляроў прымушалі пісаць тлумачальныя запіскі і наведваць выканкамы, каб патлумачыць прычыну закрыцьця гандлёвых кропак пад час страйку і мітынгу.
Разам зь Анатолем Шумчанкам арышты адбываюць каля чатырох дзясяткаў чалавек. У асноўным – актывісты моладзевага дэмакратычнага руху. Некаторыя зь іх не ўдзельнічалі ў акцыі, але іх затрымалі пазьней і абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы.