Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дом літаратара: Ева Вежнавец, Наталка Бабіна, Ала Сямёнава


Новая перадача сэрыі “Дом літаратара” (эфір 12 студзеня).


ЛІТПРАЦЭС

ЕВА ВЕЖНАВЕЦ: “Я Б АМПУТАВАЛА СВАЮ НАЦЫЯНАЛЬНАСЬЦЬ”


Гэтую аўтарку чытачы палюбілі ад зьяўленьня ў друку яе першага апавяданьня яшчэ ў 1998 годзе. Адметны стыль, непаўторная мова, іранічна-дасьціпны погляд на наўкольныя падзеі, гранічная асабістая шчырасьць, бездакорны літаратурны густ і майстэрства сюжэту – усё гэта крытыкі гавораць пра творчасьць Евы Вежнавец. Яе першая кніжка “Шлях дробнай сволачы” зьявілася днямі з друку пад грыфам выдавецкага праекту “Кнігарня “Наша Ніва”. Зь Евай Вежнавец па тэлефоне з Варшавы, дзе аўтарка цяпер жыве і працуе, гаварыла наша карэспандэнтка Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Вашу кніжку распачынае аповед, напісаны яшчэ ў 1997 годзе, пад назовам “Мы два хохлікі”, а завяршае “Шлях дробнай сволачы”, аповед, які даў назву зборніку, датаваны 2005-м годам. Гэткім чынам, між імі восем гадоў, у якія ўкладзеныя дзевяць аповедаў. Атрымліваецца прыкладна па адным на год. Вашы прыхільнікі зачакаліся на вашу першую кніжку. Гэткі нясьпешны творчы рытм ёсьць вынікам неабходнасьці неяк выжываць, зарабляць грошы, ці тут нешта іншае?”

Ева Вежнавец: “Сапраўды, трэба зарабляць грошы на выжываньне. Гэта па-першае. А па-другое, літаратура для мяне зьяўляецца нечым нават і ня хобі, а тым, чаго я не рабіць не магу, а рабіць не хачу. Таму што любы тэкст як бы зьнішчае жыцьцё чалавека, ягонай сям’і, ягонага атачэньня. І калі я напішу што-небудзь, пра гэта даведаюцца мае бацькі, мае браты, мае сябры. А паколькі я пішу толькі пра тое, што бачыла і перажыла, то адносіны зь блізкімі зьмяняюцца, як бы набываюць іншы кшталт, а я б хацела захаваць тую ранейшую нявіннасьць і прыватнасьць дачыненьняў з бацькамі, сваякамі, сябрамі. Але шчыра кажучы, не пісаць я не магу”.

Аксак: “Ваш самы першы аповед “Мы два хохлікі” быў надрукаваны ў часопісе “ARCHE” ў 1998 годзе, і тэма таго нумару была рэдакцыяй пазначаная як парнаграфія. Ці лічыце вы сябе літаратаркай, якой удаюцца такія тэмы?”

Вежнавец: “На жаль, не. Парнаграфія мне ўвогуле падабаецца як слова, якое абазначае ўсё экстрэмальнае, якое заходзіць за разуменьне добрага густу, добрых манэраў. І я люблю разглядаць парнаграфію ў вузкім значэньні гэтага слова, сэксуальную гэтую парнаграфію, але сказаць, каб у мяне атрымоўваліся гэтыя тэмы, я не магу. Дый пасьля Івана Мележа мне хапае ў беларускай літаратуры вось гэтага напяцьця сэксуальнага і пажадобы. Навошта яшчэ і мне апісваць сам гэты працэс...”

Аксак: “Некаторыя вашы чытачы абвінавачваюць вас у мізантропіі. Прычым, адны кажуць, што ў вашых творах яны адчуваюць мужчынаненавісьніцкія ноткі, а іншыя сьцьвярджаюць, што вы пішаце так, нібы ўсе жанчыны сьцервы? Што з гэтых закідаў вы прымаеце як слушныя?”

Вежнавец: «Усе прымаю, як слушныя. Я ненавіджу чалавецтва ў цэлым, але паасобныя людзі мне вельмі падабаюцца. Мне не падабаюцца ні жанчыны, ні мужчыны як пол, кляса, любая іншая вялікая група людзей. Калі паглядзіш на дзеі чалавецтва, на гэтыя малпіныя гульні яго, то да чалавецтва ў мяне ўзьнікае вельмі халоднае стаўленьне. Я сябе, дарэчы, ад гэтага чалавецтва нікуды не адымаю: ні ўніз, ні ўгору».

Аксак: «А яшчэ вас называюць фэміністкай. І вам належыць такая фраза: “Я ніколі не выступала ў ролі кабеты, якой дораць дарагія падарункі. Як цікава было б адчуць гэты саладкавы смак прадажнасьці!” Вы сапраўды лічыце, што калі жанчына прымае дарагія падарункі ад мужчыны, то яна губляе самастойнасьць як асоба, трапляе да яго ў залежнасьць ці папросту прадаецца?”

Вежнавец: “Ну не заўсёды. Гэта вельмі індывідуальна. У тым кантэксьце, у якім я гэта пісала, я якраз перажывала свае адносіны да Аляксандра Рыгоравіча, нам вядомага мужчыны. Калі б мне давялося прыняць ад яго хаця б запалку, я б сябе вельмі дрэнна адчула. А калі чалавек сапраўды вельмі высакародны, то ягоныя падарункі нікога ня могуць абразіць”.

Аксак: “Тры гады таму ў сваім “Прыватным дзёньніку” для нашага радыё – была ў нас такая праграма – вы напісалі: “Я больш не хаджу на акцыі пратэсту. Усё ня тое. Я больш не хачу гаварыць пра сваю краіну, не хачу ў ёй жыць. Я яе не люблю. Холад стомы запанаваў у маім сэрцы. Мне трэба было вывезьці сэрца адсюль унутры свайго цела, бы кантрабанду, каб уратаваць яго ад заўчаснай старасьці. Вывезьці за мяжу або ў іншы сьвет”. Вы сапраўды спрабавалі некалькі разоў зьяжджаць, жылі ў некалькіх краінах, потым вярталіся. Потым зноў зьехалі. Адчуваеце сябе беларускай ці грамадзянкай сьвету?”

Вежнавец: “Беларускай, дзе б я ні была, шчыра кажучы. Гэта ня самае прыемнае адчуваньне ў сьвеце, магчыма, якой-небудзь брытанкай ці нават сэнэгалкай людзі адчуваюць сябе лепей. Я вельмі незадаволеная тым, што нацыянальнасьць у мяне ёсьць, і я б з ахвотай яе ампутавала, калі б ведала ў якой долі мозгу яна знаходзіцца. Я б не хацела такой долі для свайго сына, таму што я перажывала рэфэрэндумы, асабліва той ганебны, 95-га году, як рэальныя асабістыя трагедыі, якія паламалі мне псыхіку, лёс. І з тых часоў тое, што робіцца зь Беларусьсю, не адпавядае ні маім этычным, ні якім іншым уласным маім катэгорыям. З-за гэтага я адчуваю сябе глыбока няшчаснай і зьмяніць што-небудзь я не магу”.

Аксак: “Што на пісьмовым стале Евы Вежнавец сёньня?”

Вежнавец: “Я напісала аповед пра тое, як пачуваецца вустрыца, якую жавалі ўсе зубы гэтага сьвету. Гэта суцэльнае цытаваньне, але ў ім я хацела выразіць тое, што маглі б сказаць асобы вельмі нясьмелыя, якія баяцца выйсьці навонкі да людзей, тое, што б яны маглі сказаць сьвету, калі б яны прарваліся за межы свае асобы, што для іх, аднак, фактычна немагчыма. Я сустракаю такіх людзей штодня і хачу сказаць што-небудзь ад іх імя. Яшчэ я пачала пісаць такі пацешны авантурны твор ад імя археоляга. Што адчувае археоляг і чаму ён дакладна ведае, дзе трэба капаць. Спадзяюся, што з гэтага нешта выйдзе”.

АЎТАР І ТВОР

НАТАЛКА БАБІНА: “У БЕЛАРУСІ ХЛУСЬНЯ ПАСТАЎЛЕНАЯ Ў АСНОВУ ДЗЯРЖАЎНАЙ ПАЛІТЫКІ, І ГЭТА СТРАШНА”

18 студзеня а 18.00 на менскай сядзібе Беларускага Народнага Фронту адбудзецца прэзэнтацыя раману Наталкі Бабінай “Рыбін горад”, што выйшаў нядаўна ў сэрыі “Бібліятэка Наша Ніва”. У вострасюжэтным творы знайшлі сваё адлюстраваньне і сучасныя палітычныя падзеі ў Беларусі, і экскурсы ў гісторыю старажытнага Берасьця. Раман выклікаў неадназначныя водгукі ў друку, ім ужо зацікавіліся замежныя перакладчыкі і выдаўцы. Перад вечарынай з Наталкай Бабінай сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Наталка, мінулы год быў для вас плённы, выйшлі адразу дзьве вашыя кнігі – зборнік апавяданьняў “Крыві не павідна быць відна” і раман “Рыбін горад”. Цікавае выдавецкае вызначэньне раману: ён і прыгодніцкі, і дэтэктыўны, і жаночы, і вострасюжэтны. А чаго зь пералічаных прыкметаў у ім больш?”

Наталка Бабіна: “Мне даволі цяжка адказаць на гэтае пытаньне. Я гэты раман задумвала, выношвала, пісала на чыстай інтуіцыі. Ёсьць філфакі розных ВНУ, дзе вучаць пісаць захапляльныя творы. Але паколькі я інжынэр электроннай тэхнікі, то гэтых правілаў і рэцэптаў ня ведаю. Я магла спадзявацца толькі на ўласную інтуіцыю. Спадзяюся, што той, хто будзе чытаць гэтую кнігу, пабачыць у ёй нешта сваё. І для кагосьці яна падасца больш сацыяльнай, для кагосьці – больш гістарычнай”.

Скобла: “Падзеі ў вашым рамане зьмяняюцца надзвычай хутка, увогуле, сюжэт разьвіваецца вельмі дынамічна, як у фільмах Кустурыцы. Гераіня раману змагаецца з бізнэсмэнам-бандытам Кукелем, шукае зь сябрамі старажытны скарб, яе арыштоўвае спэцназ… Дарэчы, вельмі яскрава вы апісваеце знаходжаньне ў пастарунку і дзеяньні спэцназаўцаў. Вас хто небудзь кансультаваў у гэтай справе?”

Бабіна: “Кансультантаў, на жаль, магло б быць многа. Але тут мела месца такая гісторыя. У сакавіку мінулага году, пасьля вядомых падзеяў на Плошчы, майго брата арыштавалі. І я прысутнічала на судзе, бачыла гэтых самых спэцназаўцаў, якія нібыта чулі ад майго брата нецэнзурную лаянку, бачыла судзьдзю, якая прысудзіла яму дзесяць сутак. У перапынку паміж судовымі паседжаньнямі я патэлефанавала маме, каб сказаць, што брата судзяць, што ён знайшоўся, таму што мы доўгі час ня ведалі, дзе ён знаходзіцца. Расказала і пра тое, у чым яго вінавацяць. А мама мне па тэлефоне: “Наталачка, а ты скажы там у судзе, што наш Андрэй ніколі не лаецца”. “Я сказаць магу, але мяне не пачуюць”, – адказваю. І вось той суд даў мне штуршок да напісаньня гэтых сюжэтных ліній раману. Менавіта тады я зразумела, што ў Беларусі хлусьня пастаўленая ў аснову дзяржаўнай палітыкі. Я зразумела, наколькі гэта страшна. І вось усьведамленьне гэтага дапамагло мне напісаць гэты раман такім, якім ён і прыйшоў да чытача”.

Скобла: “Самы кароткі разьдзел у рамане складаецца з трох сказаў: “Любімы мой занятак – рыць норы ў часе. Калі іх рыю, калі-нікалі чую шэпт зямлі. Але рэдка”. Патлумачце, што гэта такое – рыць норы ў часе?”

Бабіна: “Кожны чалавек павінен адчуваць свае карані. Яны ў яго растуць са сьпіны, яны зачэпленыя ў часе. Ёсьць людзі, якія без асаблівых высілкаў гэтыя карані адчуваюць. А ёсьць людзі, да іх належу і я, якім, каб адчуць гэтыя карані, трэба разрыць час, зрабіць у ім нару”.

Скобла: “Я патлумачу нашым слухачам, што гераіня раману час ад часу трапляе ў сярэдзіну 16 стагодзьдзя на вуліцы старажытнага Берасьця, чуе гаворку тагачасных месьцічаў… Калісьці Станіслаў Лем прызнаваўся, што сядзеў і выдумляў невядома што, а потым навукоўцы знайшлі ў ягоных раманах адкрыцьці. А якую навуковую базу можна падвесьці пад перамяшчэньні ў часе вашай гераіні?”

Бабіна: “Усё, як у Лема! Калі я пісала, я бачыла сваю гераіню і адчувала, што зь ёю адбываецца. Пад тое, што яна пачала бачыць нейкія відзежы, я ніякай базы не падводзіла. Але нядаўна мне адна з чытачак сказала, што ў Джэка Лёндана ёсьць раман, герой якога трапляе ў турму, перажывае там допыты й катаваньні, і пасьля гэтага ў яго адкрываецца здольнасьць бачыць відзежы з далёкай мінуўшчыны”.

Скобла: “Кажуць, што песьня – гэта мова, на якой размаўляе душа. Героі вашага раману – сьвядомыя беларусы, яны чытаюць “Народную волю” і “Нашу Ніву”, але сьпяваюць выключна ўкраінскія песьні. Чаму так?”

Бабіна: “Мусіць, з-за недагляду... Неяк я не задумвалася пра тое, што яны сьпяваюць украінскія песьні. Калі я пісала гэты раман, дзеяньне якога адбываецца ў Берасьці і ваколіцах, то мне хацелася расказаць беларусам пра ўкраінскасьць гэтай зямлі. Таму што для мяне яна бясспрэчная. Мне хочацца, каб беларусы зразумелі гэта. І тады ўкраінскасьць будзе магутным рухавіком беларусізацыі, украінскасьць дапаможа беларускасьці. Калі гэта ігнараваць ці адпрэчваць, то гэта будзе на руку русыфікатарскім працэсам. Але насамрэч, героі раману – беларусы. Мы – беларусы, тут няма пра што гаварыць”.

Скобла: “Не магу пагадзіцца з вашай тэзаю наконт “украінскасьці Берасьцейскай зямлі”. Вы ж самі сабе пярэчыце. На старонцы 56 раману вы прыводзіце аўтэнтычны дакумэнт 16 стагодзьдзя, датычны падзеяў у рамане. Хіба ж ён напісаны не па-беларуску? “Пан Бартош шаблею грозил, и бранился непотребно, ибо бысть упоен владою, а холопы киями и ланцухами, прымусили пана Хрыстофа цедулу отдати, а в той цедуле показано, где належит шукати лар з клейнотами. То пан Хрыстоф Сторымович Трызна… просит панов бурмистров… повернуть цедулу и штраф поменёному Костомлоцкому присудити, а маючы в том великий жаль и крывду немалую… просил, иж бы тое оповеданье и жалоба была до книг меских берестейских записана.” Адметная беларуская мова, хіба вы ня згодныя?”

Бабіна: “Ну, на такой мове ў 16 стагодзьдзі і на Берасьцейшчыне, і на Гарадзеншчыне, і на Львоўшчыне размаўлялі”.

Скобла: “Ня будзем заглыбляцца ў гістарычную лінгвістыку. Наталка, ледзь толькі “Рыбін горад” выйшаў з друку, пайшлі чуткі, што ён ужо перакладаецца на замежныя мовы, ці так гэта?”

Бабіна: “Сапраўды так. Мяне вельмі радуе, што раман будзе перакладзены на ўкраінскую і польскую мовы. Пра гэта ўжо ёсьць папярэдняя дамова. І літаральна днямі мне паведамілі, што “Рыбіным горадам” зацікавіліся перакладчыкі і выдаўцы са Швэцыі”.

НАТАЛКА БАБІНА. ЧЫРВОНАЯ МАРНАРАЧКА (УРЫВАК З РАМАНУ “РЫБІН ГОРАД”)

Гераіня раману бярэцца прывезьці дакумэнты для свае сястры-блізьнючкі са штабу кандыдата ад апазыцыі Гарабца, разьмешчанага ў Берасьці.

Уляна, занятая вышэй галавы, да таго ж, кепска сябе пачувала, па дакумэнты ў берасьцейскі штаб Гарабца выправіла мяне.

— Зойдзеш па такім і такім адрасе, — вучыла яна мяне, моршчачыся ад болю і трымаючыся рукамі за жывот, — знойдзеш там такога Алеся Бакуновіча, скажаш, што ты — мая сястра, ён аддасьць табе зялёную тэчку, прывязеш яе мне.

Я ўзяла пад казырок, нацягнула чырвоненькую марынарачку, якую мне прывезла Зарніцкая, і пабегла на дызэль.

Злезла зь цягніка на Палескім і пайшла ў выбарчы штаб Гарабца пешкі, уся ў сваіх думках. Не зьвяртала ні на што асаблівай увагі, аж пакуль на Куйбышава, калі да штабу заставалася літаральна два крокі, да мяне раптам не падскочылі двое малойцаў у чорным і, падхапіўшы пад рукі, зацягнулі ў аўтобус зь цёмнымі вокнамі. Я не пасьпела і піскнуць, як яны грохнулі мяне аб падлогу.

Пераход ад поўнага сонечнага сьвятла да цёмнай няволі быў занадта раптоўным.

— Сука, что, получша, бл...ь?

Я падняла галаву, паспрабавала падняцца.

— Лежать, сука, бл...ь!

Хлопец у чорным, з надпісам ОСОБЫЙ СПЕЦНАЗ над кішэняй, дзелавіта з размаху ўдарыў ботам мне па пальцах правай рукі. Ад невыноснага болю я закрычала «не надо!», перакулілася, падцягнуўшы ногі, на сьпіну, затуліла руку.

— Что, сука, бл...ь, завертелась? Прощайся, бл...ь, с жизнью,п...ц тебе, — другі, перавёўшы затвор аўтамата, які ён трымаў у руках, зарагатаў і дадаў. — Сча вывезем тебя на полигон, будет тебе не надо,фашистка проклятая, б...ь, сука!

Аўтобус крануўся зь месца. У ашаламленьні, лежачы на падлозе, зьнізу ўверх я паспрабавала разгледзецца. Спэцназаўцаў было двое. Гэта былі хлопцы ва ўзросьце, калі чароўнасьць маладосьці павінна праяўляцца напоўніцу. Але гэтага не было і блізка. Наадварот, ад іх целаў струменіў шал; ад цяжкага паху мяне калаціла, як ад холаду. Абодва як з аднаго кубла, падобныя тоўстымі шыямі, тлустымі тварамі, вялікімі целамі. Абодва абсалютна спакойныя і ўпэўненыя ў сабе і сваёй справе.

Рука налівалася нейкай вадкасьцю, пухла.

— У, скот-тина!

Удар прыйшоўся па паламанай руцэ, і ад страху і болю я, на шчасьце, адключылася. Прыйшла ў змыслы, калі мяне некуды валаклі пад рукі. Зь цяжкасьцю падняла галаву, пабачыла вывеску «Суд Фрунзенскага раёна г. Брэста», і зноў правалілася.

Потым з туману выплыла жанчына ў чорным, якую я буду помятаць доўга, нягледзячы на сваю слабую памяць. Грайчик Е. А., судья*.

— Встаньте! — сказала яна. — Производится судебное разбирательство по обвинению по статье 156.1 «мелкое хулиганство» Борисевич Ульяны Анатольевны. Суду предоставлен протокол об административном нарушении, согласно которому гражданка Борисевыч нецензурно ругалась в общественном месте, приставала к прохожим, на неоднократные замечания работников милиции рядовых Шушко** и Почтивого*** не реагировала...

Судзьдзя была ў чорнай мантыі, а пад сталом відаць былі сухія ногі чамусьці ў гумовых сланцах; пяткі вельмі падобныя на твар. Худы, чарнавокі, змазаны твар. Твар, як знэрваваная, зласьлівая і бездапаможная пятка. Рука балела так, што я ледзьве не крычала крыкам. Судзьдзя глядзела ў паперы.

Пачцівы таргануў мяне, каб я ўстала, ад гэтага ў паламаных пальцах успыхнуў боль, і я ўсё ж, не стрываўшы, ускрыкнула. Жанчына ў мантыі коратка глянула на мяне, на маю апухлую сінюю руку, якую я трымала, як дзіця, перад сабой, і працягвала:

— По делу имеются свидетельские показания рядовых Шушко и Почтивого. Обьявляю приговор: 10 суток административного ареста!

Мокрае хлюпаньне сланцаў пад сталом. That’s all. Дакумэнтаў пры мне няма, у мяне чорныя валасы і чырвоная марынарка — гэтыя бандзюгі прынялі мяне за Ўляну. Нягледзячы на маю апалітычнасьць, я ведала: у гэтай выбарчай кампаніі арышт — тыповая мера агітацыі за Беларусь для народа.

Я перахапіла позірк аднаго са спэцназаўцаў. Можна, канечне, зараз заявіць, што я — ня Ўляна. Можа, мяне нават адпусьцяць. Але тады зноў пачнуць паляваць на сястру. Не, калі так, хай яна лепш застаецца на волі. Мусіць, муляе яна ім вельмі. Патрываю, ну не заб’юць жа яны мяне на самай справе!

Але страх рос у душы па меры таго, як Шушко валок мяне да аўтобусу. Аднак больш мяне ня білі.
Спэцназаўцы прывезьлі мяне, як потым выявілася, у берасьцейскі ізалятар, перадалі тамтэйшай
ахове ды зьніклі; шлейф мацюкоў растаў у прахалодным паветры.

Поўны маўклівы чалавек майго веку, ужо ня ў чорным, а ў звычайным шэрым міліцэйскім адзеньні (у званьнях я не разьбіраюся) запісаў мае зьвесткі ў амбарную кніжыску, паглядзеў на маю руку, якую я люляла, і зьняў слухаўку.

— Лекара ў дзяжурную частку.

Лекар, немалады і таксама маўклівы, зрабіў мне ўкол, пасьля якога боль сьціх, потым два міліцыянты яшчэ звазілі мяне ў гарадзкую бальніцу, дзе мне наклалі гіпс. «Я положу вам скотч-пласт, он намного легче обычного гипса, вам так будет удобнее,» — прашаптаў мне доктар у прыёмным пакоі, чаруючы над рукой, і мы вярнуліся ў ізалятар. Другі раз за жыцьцё я трапіла ў турму. Я дабрыла да драўлянага памосту, які служыў тут ложкам, апусьцілася на яго, скруцілася абаранкам і нечакана для сябе заснула.

*Прыдуманая аўтарам асоба.
**Прыдуманая аўтарам асоба.
***Прыдуманая аўтарам асоба.


КРЫТЫКА

АЛА СЯМЁНАВА

У ТЛУМЕ ІСЬЦІН ЗА МЯЖОЙ ЖУРБЫ


Алег Мінкін. Пэнаты. Логвінаў, 2007. Наклад 500 асобнікаў. 146 стар.

Памятаю паэта Алега Мінкіна ў другой палове 80-х гадоў. Вершы, прыпавесьці, пераклады, п’есы, казкі для дзяцей.Чамусьці асабліва помніцца пераклад паэзіі вялікага паляка Цыпрыяна Норвіда. Першая яго кніга на беларускай мове — “Ідзі за мной”. 1993 год. Ня толькі пераклад, але і прадмова, камэнтар — Алега Мінкіна. Паэта — і паводле адукацыі, і паводле роду заняткаў на тую пару — інжынэра-электрыка. Пераклад аднаго з самых няпростых з усіх пунктаў погляду эўрапейскага паэта. Прадмова, пад якой мог паставіць подпіс чалавек любых навуковых ступеняў і званьняў: эрудыцыя, веданьне матэрыялу, выдатная тэарэтычная абазнанасьць, высокапрафэсійны дасьледчыцкі “інструмэнтар”. Да таго ж — танальнасьць і адчуваньне эмацыянальных стыхій, што пазначаюць у прадмове паэта і чалавека, для якога сьветаўспрыманьне Цыпрыяна Норвіда не было зачыненым кодам сэнсаў, нават больш — было блізкім яму.

Гэта асабліва адчуваеш, чытаючы кнігу паэзіі Алега Мінкіна “Пэнаты”, якая выйшла ў выдавецтве “Логвінаў”. І ў анатацыі, што зьмешчана ў кнізе, адчуваецца і фронда тых даўніх ужо гадоў, калі паэт уваходзіў у таварыства “Тутэйшыя” (яно тады голасна абвяшчала свае сьветапоглядна-эстэтычныя маніфэсты), і камэрцыйная гарэзія сёньняшніх дзён: “Усё напісанае сталася клясыкай беларускай паэзіі ХХ стагодзьдзя”. Улічваючы, праўда, што гэтаму сьцьвярджэньню папярэднічала фраза: “Бальшыня вершаў Алега Мінкіна напісана так даўно, што ўсе ўжо забыліся навошта і хто іх пісаў”, ня выключым, што тут ёсьць і доля самаіроніі. А клясыкаў вызначыць час.

Так ці інакш, перагортваем старонкі кнігі.

Даўным-даўно ў палоне мар зіхотным
Пакінуў я маленства астравы,
Дзе полымя зялёнае травы
шчаку кранала дотыкам пяшчотным.
І вось дайшоў я да зямлі бясплоднай,
Там дрэва з рэшткай гольляў нежывых…
І сьцяўся я, пазнаўшы бераг родны…
Вось ён — адзіны вынік вандраваньня!
О, сонца, спапялі мяне дазваньня!
Будзь вечным спадарожнікам, адчай!

Душа ў сутугах, у цісках паміж адчуваньнем уласнай наканаванасьці (у прыродным сэнсе — “у змроку глуха падаюць гады”, у быційным — “жыцьцё маё — міраж”, у сацыяльна-палітычным — “я ўсе сумненьні адгарнуў бы разам / І стаў пад белы сьцяг з чырвоным пасам”), адчуваньнем фатальнай трывогі, фэрмэнтацыя ў безданях самасьвядомасьці… Бачаньне быцьця і асобы, што асвойвае быцьцё. Адкрытым тэкстам, у паралелях, аналёгіях… Вось лісты дрэва, “забыўшы заўчасна свае карані, / Шапочуць: “Мы ў іншым жывем вымярэньні, Ды станецца восень лістам адкрыцьцём, / І зноў, як калісьці, да цёмных карэньняў / Пачне, адпалаўшы, вяртацца лісьцё.” А вось нявырашальнасьць асабістых калізій: “Я тут адным каханьнем дыхаў, / Але й каханьня не зьбярог.” І няма салодкай традыцыйнай вэрсіі спраўджанасьці жыцьця, што прапануе шматтысячагадовы досьвед чалавецтва: кніга, дрэва, сын…

Думка, слова паэта “забясьпечаныя”, так бы мовіць, сьветапоглядна. У тлуме — але ўсё ж ісьцін. Самарэфлексіі, сыравіна назіраньняў, заблытанае самаадчуваньне… Дыспрапарцыянальныя, мройныя абрысы паэтычнай рэальнасьці, паэтычныя міражы, перапляценьні галюцынацый з дакладнасьцю малюнкаў рэчаіснасьці, перажыванне часу ў яго канкрэтыцы і часу – як вечнасьці. Макракосм прыродны і макракосм асобы…

Паэзія Алега Мінкіна ня сьветла-мажорная. Цяжкі роздум… Пра чалавецтва… Пра асобу з таго чалавецтва — з усімі яе кагортнымі ды індывідуальнымі асаблівасьцямі. Сучасная паэзія… І — высокая этыка… Не самотная просталінейнасьць, не дэклярацыйнасьць, але нейкі чысты, першаіснасны першавыток. І ўзровень размовы з чытачом. З самім сабою. Аўтар не апускаецца да адкрыцьцяў даўно адкрытага, вядзе размову па-мужчынску строга, не драбніць падрабязнасьцямі паэтычную і чалавечую пакуту. Паэт увогуле вызнае дыстанцыю: “Божа, адбяры суладнасьць душ”. І аналяг тут, здаецца, у К’ерк’егораўскай душэўнай сапраўднасьці, калі чалавек у моманты высокага прасьвятленьня засяроджваецца выключна на спасьціжэньні ўласнага “Я”, звычайна схаванага пад мітусьлівымі маскамі штодзённага… Памятаеце — “у тлуме ісьцін”.

Менавіта ўсё ж іх. Менавіта ў гэтым ракурсе прачыталася кніга паэзіі Алега Мінкіна — калі мець на ўвазе фармат гэтай кароткай гаворкі. Бо кніга дае падставы для разгорнутай размовы. І для прачытаньняў у розных ракурсах. Тып мастацкага зроку Алега Мінкіна на тое і арыентаваны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG